Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ на Дні беларускага пісьменства ў Полацку спн. Алены Анісім "Статус Полацка: рэальнасць і перспектывы"

2017.09.06 0

Статус Полацка: рэальнасць і перспектывы

Набліжаецца свята 100-гадовага аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэта значная падзея для Беларусі, як для ўсведамлення гістарычнага і перспектыўнага развіцця краіны, так і ў плане міжнароднага іміджу. Гэта добрая нагода асэнсаваць набыткі і намеціць кірункі далейшага ўмацавання і росквіту нашай краіны.

Мы гаворым пра аднаўленне, маючы на ўвазе, што пачатак беларускай дзяржаўнасці сягае ў глыбокую гісторыю. І першае дзяржаўнае ўтварэнне, пра якое мы маем бясспрэчныя летапісныя сведчанні, гэта Полацкае княства. Пра яго існаванне і дзейнасць даследавана і напісана шмат, тым не менш, і сёння знаходзяцца і публікуюцца новыя матэрыялы, якія дазваляюць сцвярджаць, што гэта княства амаль на сотню гадоў старэйшае, чым лічылі дагэтуль.

Для нашай краіны такія факты вельмі важныя, асабліва ў сённяшняй сітуацыі, калі мы стаім перад многімі выклікамі, якія ставяць пад пагрозу існаванне незалежнай Беларусі.

Адным з важных элементаў любой дзяржавы з’яўляецца яе сталіца. На ўсім працягу гісторыі беларускія землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаўных утварэнняў, што адбівалася і на тых паселішчах, якія выконвалі ролю сталічных гарадоў. Так, прынята лічыць, што мы маем ў Беларусі 5 гарадоў, якія ў розны час выконвалі (ці прэтэндавалі) гэтую функцыю: Полацк, Навагрудак, Гродна, Магілёў і Мінск. Кожнае з гэтых месцаў мае сваю гісторыю і на сённяшні дзень – розны статус. Горад Мінск набыў свой сталічны статус не так даўно, ператварыўшыся з невялікага губернскага места пачатку ХХ ст.  у горад еўрапейскага выгляду і ўзроўню. Гродна і Магілёў умацаваліся як абласныя цэнтры, Навагрудак, засведчыўшы свой сталічны статус у даўнія часы, развіваўся як тыповае беларускае мястэчка і пакуль не прэтэндаваў на ролю вышэйшую, чым раённы цэнтр.

А вось роля Полацка ў гісторыі развіцця нашай дзяржаўнасці і, асабліва яго перспектывы,  на нашу думку, заслугоўваюць асобнай увагі.

Пералічым асноўныя этапы яго гісторыі і значнасці.

У Х-ХІІІ стагоддзях Полацк быў цэнтрам Полацкага княства. У 1307 годзе горад увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага.

У 1498 годзе Полацк атрымаў права на самакіраванне – Магдэбургскае права.

У 1504-1772 гг. горад быў цэнтрам Полацкага ваяводства ВКЛ.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай правабярэжная частка Полацка 25 ліпеня 1772 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Левабярэжная частка перайшла ў склад Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1792 годзе.

Да 1776 г. горад знаходзіўся ў Пскоўскай губерні. З 24 жніўня 1776 года Полацк быў адміністрацыйным цэнтрам Полацкай губерні, а з 12 мая 1778 года – Полацкага намесніцтва. 

У 1839 годзе ў Полацку адбыўся царкоўны сабор, на якім грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква Расійскай імперыі была ліквідаваная для поўнага падпарадкавання Рускай праваслаўнай царкве. Ад гэтага часу старадаўняя беларуская сталіца ператварылася ў звычайны ўезны горад Расійскай імперыі.

З 1924 года Полацк знаходзіўся ў складзе БССР.

15 жніўня 1924 года  быў утвораны Полацкі раён.

З 20 верасня 1944  па 8 студзеня 1954 г. Полацк меў статус адміністрацыйнага цэнтра Полацкай вобласці ў складзе БССР.

У 1954 г. Полацкая вобласць, якая праіснавала 10 гадоў, увайшла ў склад Віцебскай вобласці.

7 чэрвеня 1958 года быў убіты калок першай палаткі, і пачаў сваё жыццё Наваполацк. Гэтая падзея і развіццё горада нафтахімікаў значна паўплывала на далейшы лёс г. Полацка, які, тым не менш, да 2013 г. меў статус горада абласнога падпарадкавання.

14 студзеня 2013 года ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 “Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр” Полацк быў пазбаўлены статуса горада абласнога падпарадкавання. Грамадскасць Беларусі ўспрыняла гэта рашэнне, як і самі палачане, без асаблівай радасці.

Згодна з гэтым рашэннем, на сённяшні дзень Полацк з’яўляецца раённым цэнтрам, што, на нашу думку, не адпавядае яго ролі ў сучасным і тым больш гістарычным развіцці. Жыхары гэтага ў многім знакавага беларускага места не пагаджаюцца з такім статусам і выказваюць жаданне змяніць гэту сітуацыю. Наконт будучыні гэтага найстарадаўнейшага горада выказваліся і вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, у тым ліку нараджэнцы самога Полацка. Самай абмяркоўваемай прапановай стала нечаканае выказванне Алега Трусава аб пераносе сталіцы з Мінска ў Полацк, якое пакуль не перарасло ў практычныя дзеянні праз дастаткова вялікія фінансавыя затраты, што запатрабаваліся б для гэтага. (Вядома, і праз іншыя моманты, у якія не будзем  сёння паглыбляцца).

З улікам усяго вышэйсказанага рызыкну прапанаваць наступнае. Зважаючы на месца і ролю Полацка ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, улічваючы яго магутны інтэлектуальны і культурны ўзровень у гістарычным мінулым, а таксама назапашаны сучасны значны турыстычны імідж,  варта надаць яму асобны статус. Гэта можа быць статус першай беларускай сталіцы, ці месца нараджэння беларускай дзяржаўнасці. Пра гэта яшчэ варта параіцца, і найперш з самімі палачанамі. Але важна, акрэсліваючы новы статус, прадугледзець магчымасць для гарадскога самаразвіцця і самакіравання, абазначыць пэўныя прывілеі, прыкладам, у выглядзе падатковай палёгкі для тых суб’ектаў гаспадарання, якія будуць тут працаваць, у тым ліку з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мадэль можа быць рознай, але калі мы даем магчымасць працаваць на нашай зямлі замежным інвестарам з далёкіх зямель на прывеліяваных умовах, то нашы палачане, якія шмат зрабілі за час існавання Полацка для развіцця, абароны і ўмацавання Беларусі, тым больш маюць права на ўвагу і павагу з боку дзяржавы.  І безумоўна, належнае месца павінна заняць беларуская мова: у сістэме адукацыі, у візуальным афармленні горада, у рэкламе і штодзённай працы дзяржаўных органаў. Такое рашэнне – асобны статус – станоўча паўплывае не толькі на развіццё Полацка, але зробіць важкі ўнёсак у справу ўмацавання дзяржаўнасці і росквіту нашай незалежнай Беларусі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны