Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2017.09.05 0
Здымак зроблены ў Полацку на Дні беларускага пісьменства ў 2017 г. На здымку Алена Анісім і Алег Трусаў.
На працягу ХХ ст. у Еўропе і свеце адбываліся важныя гістарычныя змены, якія і зараз, у пачатку ХХІ ст., маюць значны ўплыў на лёсы ўсіх еўрапейцаў і асабліва жыхароў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Сто гадоў таму ў 1918 г. скончылася І Сусветная Вайна, у выніку якой сканала некалькі вялізных імперый, і сярод іх: Германская, Аўстра-Венгерская, Турэцкая (Атаманская) і Расійская.
Тры апошнія з іх былі шматнацыянальнымі і шматмоўнымі, але моўная палітыка там была вельмі жорсткай. Адна дзяржаўная мова - руская, альбо турэцкая - і зацісканне ўсіх іншых. Толькі ў Аўстра-Венгерскай імперыі сітуацыя была крыху лепшай, бо там акрамя нямецкай мовы значную ролю адыгрывала і венгерская, а таксама былі школы на польскай, украінскай і іншых мовах шматлікіх народаў гэтай дзяржавы.
Расійская імперыя нават пасля рэвалюцыі 1905 г. праводзіла жорсткую русіфікатарскую палітыку, асабліва ў сістэме адукацыі, дзе былі, у прыватнасці, забароненыя школы на беларускай мове, нягледзячы на дазвол існавання беларускіх газет і друкаванне кніг і іншай прадукцыі на беларускай мове.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. і абвяшчэння ў верасні таго ж года Расійскай Рэспублікі, моўнае пытанне ў дзяржаве і, найперш у галіне адукацыі, так і не было вырашанае, бо ўсе рускія лібералы і сацыялісты заставаліся на русіфікатарскіх пазіцыях.
У той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якую ў 1915 г. акупавалі войскі Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый, беларуская мова ўпершыню пасля канца ХVІІ ст. атрымала статус адной з афіцыйных моваў і з 1916 г. было дазволена адкрыць беларускамоўныя школы і некалькі семінарый.
Таму невыпадкова і ўрад БНР у 1918 г. абвясціў беларускую мову дзяржаўнай на сваёй тэрыторыі і паставіў пытанне пра стварэнне ў Мінску нацыянальнага ўніверсітэта.
Беларускія камуністы на чале з Цішкам Гартным (Жылуновічам) хацелі зрабіць беларускую мову дзяржаўнай і на тэрыторыі ССРБ, але гэтая дзяржава праіснавала толькі два месяцы і была пераўтворана ў ЛітБел, дзе беларуская і літоўская мовы практычна не выкарыстоўваліся. Падчас савецка-польскай вайны (1919-1920 гг.) польскія ўлады масава зачынялі беларускія школы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Крыху пашанцавала Віленшчыне, дзе ў кастрычніку 1920 г. была абвешчана марыянеткавая, але фармальна незалежная, рэспубліка Сярэдняя Літва, дзе дзейнічала Віленская гімназія на беларускай мове і школы ў некаторых вёсках.
У адроджанай у 1920 г. БССР, што складалася з шасці паветаў былой Мінскай губерніі, пытанне дзяржаўнасці беларускай мовы паўстала з новай сілай і было замацавана ў сакавіку 1921 г. у Рызе, дзе з новай Польшчай заключылі мір на ўмовах, што беларускія школы і гімназіі на тэрыторыі Польшчы будуць існаваць. У тым жа годзе ў Мінску быў адкрыты нарэшце і ўніверсітэт.
У часы НЭПа, які таксама пачаўся з 1921 г., на тэрыторыі Расіі і іншых савецкіх рэспублік, што ў 1922 г. былі аб’яднаныя ў СССР, актыўна праводзілася палітыка “карэнізацыі” і развіцця моў і культур усіх народаў на тэрыторыі новай савецкай дзяржавы.
У 1927 г. БССР абвясціла дзяржаўнымі мовамі чатыры: беларускую, польскую, рускую і ідзіш (упершыню ў свеце!). Але паколькі беларусаў было больш і яны былі адзінай карэннай “тытульнай” нацыяй, перавагу атрымала менавіта беларуская мова. Да 1929 г. большасць школ у БССР сталі беларускімі, на беларускую мову паступова пераходзілі і ВНУ. У той жа час у Польшчы пасля дзяржаўнага перавароту 1926 г., калі да ўлады прыйшоў Юзаф Пілсуцкі, да 1938 г. практычна ўсе беларускія школы і гімназіі, за выключэннем Віленскай, былі зачыненыя, а таксама забаранілі ТБШ.
У 1929 г. пасля канчатковай канцэнтрацыі ўсёй улады ў СССР у руках Сталіна палітыка НЭПа разам з “карэнізацыяй” і культурным адраджэннем была згорнутая, пачалася адкрытая русіфікацыя і масавыя рэпрэсіі супраць усіх нацыянальных эліт, у тым ліку, і беларускай інтэлігенцыі.
ВНУ ў БССР перайшлі на рускую мову, беларускамоўных выкладчыкаў рэпрэсіравалі, на іх месца прыслалі рускамоўных з розных куткоў СССР. Аднак вясковыя школы і часткова гарадскія засталіся беларускамоўнымі. Таму школы на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 г. таксама перавялі з польскай на беларускую мову навучання.
Пасля 1944-1945 г. тэрыторыя БССР пасля перадачы ПНР Беласточчыны скарацілася, а школы там, яшчэ не паспеўшы стаць беларускімі, зноў сталі польскімі і толькі пазней, пасля 1956 г., у некаторых з іх дазволілі вывучаць беларускую мову як асобны ппрадмет.
У пасляваеннай Беларусі пасля 1959 г. пачалася новая хваля русіфікацыі, калі гарадскія школы былі да 1961 г. гвалтам пераведзеныя на рускую мову, а ў БДУ нават студэнты філфака навучаліся толькі на рускай мове.
Але, дзякуючы беларускім пісьменнікам, якія стваралі магутную беларускамоўную літаратуру, якую масава перакладалі на рускую і іншую мовы, і вясковым школам, беларуская мова ў краіне не загінула і зноў адрадзілася як дзяржаўная ў студзені 1990 г. адпаведным законам. Статус адзінай дзяржаўнай беларускай мовы быў замацаваны і ў першай Канстытуцыі Беларусі 15 сакавіка 1994 г.
Аднак на рэферэндуме 1995 г. сілы, якія хацелі паступова далучыць Беларусь да суседняй дзяржавы, правялі рэферэндум аб наданні статуса дзяржаўнай і рускай мове быццам бы на правах яе поўнага раўнапраўя з беларускай.
Але, як і прадказваў перад рэферэндумам Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, ніякай роўнасці не сталася. Наадварот, змены, унесеныя ў 1998 г. у Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, дазваляюць грамадзянам Беларусі зусім і нідзе не карыстацца беларускай мовай, за невялікім выключэннем у пэўных выпадках.
Прайшло 20 год, вырасла новае пакаленне беларусаў, змянілася знешняя палітычная сітуацыя, аднак беларуская мова не знікла і заняла сталыя пазіцыі ў той сферы, дзе не маюць палітычнай сілы розныя русіфікатары - у інтэрнэце, дзе актыўна карыстаюцца дзвюма версіямі сучаснай беларускай мовы: “наркамаўкай”, зацверджанай Законам 2008 г. і рознымі варыянтамі “тарашкевіцы”, што грунтуюцца на правапісе, забароненым у БССР у 1933 г.
Вядома, за гэтыя 20 год беларуская мова фактычна страціла свае пазіцыі ў ВНУ і штогод сістэматычна выцясняецца, дзякуючы вялікім намаганням нашага Міністэрства адукацыі, са школьнай праграмы, сотнямі зачыняюцца малыя школы з беларускай мовай навучання, а новыя беларускамоўныя класы, ужо не гаворачы пра школы, за некаторым выключэннем, дзякуючы вялізным намаганням бацькоў і структураў ТБМ, прынцыпова не адчыняюцца.
Таму, калі мы хочам пазбегнуць чарговай акупацыі ці анэксіі і не стаць чарговай ахвярай так званага “русского мира”, патрэбныя канкрэтныя змены ў адносінах да дзяржаўнай беларускай мовы. А менавіта, змены ў дзеючае заканадаўства, дзяржаўныя экзамены на валоданне аднолькава добра абедзвюма дзяржаўнымі мовамі для ўсіх дзяржаўных чыноўнікаў без выключэння, адкрыццё ва ўсіх каледжах і ВНУ краіны беларускамоўных плыняў і студэнцкіх групаў, элітнага беларускамоўнага ўніверсітэта для падрыхтоўкі будучых кіруючых кадраў у незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Старшыня ТБМ,
кандыдат гістарычных навук,
Алег Трусаў