Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Няпросты шлях ТБМ: развагі Алега Трусава напярэдадні З’езда

2017.08.31 0

Наша арганізацыя, заснаваная з ініцыятывы Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, была створана на піку савецкай перабудовы ў 1989 г. Падчас стварэння існавалі розныя думкі наконт мэтаў і задачаў арганізацыі, але вызначальным стала тое, што ў яе маглі ўступіць любыя грамадзяне БССР і СССР, якія любілі і шанавалі беларускую мову незалежна ад іх партыйнасці, канфесійнасці, нацыянальнасці і сталага месца жыхарства.

Неўзабаве былі абвешчаныя выбары ў ВС БССР у лютым-сакавіку 1990 г. і тады многія ацанілі ролю ТБМ у гэтым працэсе, бо гэтая арганізацыя атрымала права на вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і ў ВС БССР. Так сталася, што ў ВС БССР ХІІ склікання ад ТБМ трапіла 13 дэпутатаў, у тым ліку Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч і Алег Трусаў (аўтар гэтых радкоў). У мясцовыя саветы, асабліва ў Мінскі гарадскі савет, прайшло некалькі сотняў дэпутатаў, якія прынцыпова гаварылі і працавалі на роднай беларускай мове.

Яшчэ перад выбарамі, у канцы 1989 г. і ў студзені 1990 г., сябры ТБМ падрыхтавалі важны заканадаўчы акт і паспрыялі таму, што ВС БССР ХІ склікання прыняў вельмі неабходны закон “Аб мовах у БССР” і абвясціў беларускую мову дзяржаўнай на тэрыторыі БССР.

У 1991-1994 гг. назіраецца росквіт ТБМ. Арганізацыя мела свае структуры ў большасці раёнаў краіны, выпускала кнігі, брашуры і іншую друкаваную прадукцыю, наладзіла выпуск сваёй газеты “Наша слова”, якая фінансавалася ў асноўным з дзяржаўнага бюджэта, мела фінансавыя льготы ў розных сферах сваёй дзейнасці. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. і, асабліва, пасля травеньскага рэферэндума 1995 г. для ТБМ надышлі цяжкія часіны. Арганізацыю пазбавілі ўсіх ільготаў, абклалі рознымі падаткамі, выставілі велізарныя рахункі за арэнду офіса ТБМ па вул. Румянцава ў Мінску. На некалькі месяцаў спыніўся выпуск газеты “Наша слова”, бо з-за адсутнасці грошай звольнілася ўся былая рэдакцыя газеты.

У самы цяжкі час, у 1997 г., кардынальна змянілася кіраўніцтва ТБМ і на яго чале стаў вядомы беларускі паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін. Новаму кіраўніцтву ТБМ у неверагодна складаных умовах з дапамогай беларускай дыяспары ўдалося знайсці грошы, каб сплаціць даўгі, вярнуць апячатаны пусты офіс ТБМ, адкуль усю маёмасць за запазычанасць вывезлі ў нейкі падвал, або разабралі па хатах на захоўванне актывісты ТБМ.

У Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, быў адноўлены выпуск газеты “Наша слова”. Да 1999-2000 гг. былі адноўленыя і зноў зарэгістраваныя мясцовыя структуры ТБМ у колькасці ад 60 да 65 арганізацый.

У 1999 г. на чарговым З’ездзе Раду ТБМ узначаліў аўтар гэтых радкоў Алег Трусаў. Больш падрабязна пра гісторыю дзейнасці ТБМ за апошнія 25 гадоў можна прачытаць у двух выданнях “Летапіс ТБМ 1989-2009” і “Летапіс ТБМ 2009-2014 гг.”

Сёння ТБМ з’яўляецца заснавальнікам дзвюх газет “Наша слова” і “Новы час”, часопіса “Верасень”, некаторых рэгіянальных выданняў, мае свой сайт, офіс у цэнтры Мінска, дзе штодня па буднях адбываюцца розныя мерапрыемствы і выставы, выдае паштоўкі, буклеты, календары, зборнікі навуковых канферэнцый, здымае відэа-фільмы і, галоўнае, ужо год як у беларускім парламенце ёсць наш прадстаўнік Алена Анісім.

Пасля праведзенай у апошнія гады перарэгістрацыі ўсіх сяброў ТБМ у базе дадзеных зарэгістравана больш за шэсць тысяч сяброў, значная частка якіх мае пасведчанне сябра ТБМ. Ва ўсіх абласцях Беларусі актыўна дзейнічаюць нашыя арганізацыі і суполкі.

І можна падумаць, што ўсё бясхмарна, але ёсць вельмі вялікія праблемы, пра якія я хачу распавесці.

Першая праблема - гэта праблема пакаленняў. У апошнія гады адышлі ў лепшы свет дзясяткі актыўных сяброў і заснавальнікаў ТБМ, сярод іх два першыя кіраўнікі нашай арганізацыі Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін. Значная частка кіруючага органа Рады ТБМ, якая зараз налічвае 54 чалавекі, гэта людзі пенсійнага ўзросту, прытым некаторыя ўжо пераадолелі восьмы дзясятак свайго няпростага жыцця. Тая ж праблема і ў рэгіёнах. Таму нам трэба ўжо на гэтым З’ездзе правесці ратацыю кіруючых кадраў і абраць у нашую Раду людзей энергічных і значна маладзейшых.

Другая, яшчэ большая праблема - гэта вялікая пасіўнасць нашага грамадства, дзякуючы шматгадовым намаганням дзеючай улады. З шасці тысяч сяброў ТБМ актыўных людзей толькі некалькі сотняў. Астатнія жывуць сваім штодзённым жыццём, не спяшаюцца выпісваць нашыя газеты, каб іх чытаць і адначасова падтрымаць, не імкнуцца плаціць сяброўскія складкі, ужо не кажучы пра ахвяраванні. Аднак ад сяброўства ў ТБМ яны не адмаўляюцца, перыядычна наведваюць нашыя мерапрыемствы, актыўна ставяць свае подпісы пад нашымі зваротамі, распаўсюджваюць сярод знаёмых нашыя ўлёткі і газеты, што таксама нядрэнна, але ў лепшым выпадку толькі для новых сяброў арганізацыі, а не для сталых яе чальцоў.

У адрозненні ад іншых партый і грамадскіх арганізацый, якія ўжо даўно маюць тысячу сяброў толькі на паперы, больш за тры-чатыры тысячы сяброў ТБМ існуюць рэальна і працягваюць з’яўляцца сябрамі арганізацыі (так як база вялікая і звесткі на некаторых сяброў былі пададзеныя няпоўныя, то не з усімі сябрамі можна звязацца і спраўдзіць іх статус у арганізацыі). З гэтымі людзьмі трэба працаваць, шукаючы новыя формы грамадскай работы, магчыма, больш актыўна выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі.

Паколькі я ўжо даўно аб’явіў аб сваім сыходзе з пасады старшыні ТБМ, я заклікаю Вас прыняць актыўны ўдзел у чарговым З’ездзе ТБМ, вылучаць для ўдзелу ў ім актыўных і разумных дэлегатаў і абраць новае кіраўніцтва, якое здолее не толькі захаваць тыя здабыткі, якія даўно мае наша арганізацыя, але і пашырыць наш уплыў у грамадстве, асабліва ў рэгіёнах.

Для правядзення З’езда патрэбныя грошы, а гэта як мінімум дзве-тры тысячы новых беларускіх рублёў. Калі хоць палова нашых сяброў дашле на нашыя рахункі ў верасні па адным рублі ахвяраванняў (падкрэсліваю, толькі па адным рублі), ці заплоціць сяброўскія складкі за гэты год (хто не паспеў гэта зрабіць), мы зможам правесці наш З’езд на добрым, прафесійным узроўні.

Я спадзяюся на Вашую актыўнасць, дасведчанасць і руплівасць.

З вялікай павагай і пашанай да Вас,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны