Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2017.07.26 0
У Гародні 11 чэрвеня адбыліся справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Гарадзенскай абласной і Гарадзенскай гарадской арганізацый ТБМ, якія традыцыйна праводзяцца разам.
Былі заслуханы справаздачныя даклады старшыні абласной арганізацыі Алеся Кроя і старшыні гарадской арганізацыі Аляксея Пяткевіча, справаздачы рэвізійных камісій, а таксама паведамленні з рэгіёнаў:
Лідскі раён (Станіслаў Суднік, Лявон Анацка, Сяргей Чарняк і Валеры Мінец) і Бераставіцкі раён А. Рамашкевіч. У справаздачах і паведамленнях з рэгіёнаў падымаліся пытанні дзейнасці арганізацыі, гаварылася пра поспехі і няўдачы. Акрэсліліся дзве асноўныя праблемы і задачы Гарадзеншчыны ‑ адкрыццё беларускамоўных гімназій у Гародні і Лідзе. Задача з аднаго боку цяжкая і невырашальная, калі ёй будзе займацца толькі ТБМ, і абсалютна вырашальная, калі да праблемы далучыцца дзяржава. I хоць устаноўку Мураўёва-вешальніка пра рускага папа і рускага настаўніка ў Беларусі так ніхто і не адмяніў, але трэба спадзявацца, што і нашыя ўлады нарэшце зразумеюць важнасць беларускамоўнай адукацыі ў сістэме патрыятычнага выхавання і ў сістэме нацыянальнай бяспекі.
Былі абраныя Гарадзенская абласная рада ТБМ у складзе: А. Крой, I. Соркіна, В. Парфёненка, I. Буднік, А. Пяткевіч, I. Карнялюк, Л. Анацка, С. Тарасава, Т. Савенкава. Пасля трох кадэнцый пакінуў пасаду старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Алесь Крой. Старшынём абраны Вітаўт Парфененка. Алесь Крой абраны намеснікам старшыні.
У рэвізійную камісію абласной арганізацыі абраны: М. Жукевіч, Н. Кануннікава, Кракоціна.
Гарадзенская гарадская рада ТБМ абрана ў складзе: А. Пяткевіч, С. Тарасава, I. Кузьмініч, А. Місцюкевіч, К. Галота.
У рэвізійную камісію гарадской арганізацыі абраны: У. Хільмановіч, В. Сазонаў, Я. Трацяк.
Дэлегатамі на чарговы з'езд ТБМ у кастрычніку 2017 года акрамя сяброў рэспубліканскай Рады ТБМ (А. Крой, А. Пяткевіч, С. Тарасава, I. Буднік) абраны ад абласной арганізацыі: В. Парфёненка, Т. Савенкава, А. Рамашкевіч. Ад гарадской арганізацыі дэлегатамі з'езду абраны I. Кузьмініч і Н. Кануннікава.
У "розным" песні на словы ў асноўным гарадзенскіх паэтаў выканаў слынны лідскі бард Сяржук Чарняк.