Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прапануем азнаёміцца з выступам спн. Алены Анісім у Еўрапарламенце 27 чэрвеня 2017 г.

2017.07.04 2

Прапануем азнаёміцца з выступам спн. Алены Анісім, першай намесніцы старшыні ТБМ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Выступ адбыўся ў Еўрапарламенце 27 чэрвеня 2017 г.

Алена Анісім, першы намеснік старшыні ТБМ, дэпутат

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Выступ у Еўрапарламенце 27 чэрвеня 2017 г.

Перш за ўсё дазвольце падзякаваць Сандры Кальніетэ, усёй Еўрапейскай народнай партыі за запрашэнне і магчымасць выступіць у Еўрапарламенце. Для мяне гэта вялікі гонар і адказнасць. І гэта запрашэнне падкрэслівае, што вы бачыце нас, беларусаў, часткай еўрапейскай супольнасці.

У беларускім парламенце я з’яўляюся прадстаўніком грамадзянскай супольнасці. Наша арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” паўстала напрыканцы 80-х гадоў для таго, каб супрацьстаяць той палітыцы русіфікацыі, якая вялася ў Савецкім Саюзе. Нагадаю, што ў гарадах Беларусі не было ніводнай школы з беларускай мовай навучання. Такія школы былі толькі ў вёсках. Нацыянальная эліта: вучоныя, пісьменнікі, мастакі, прадстаўнікі тагачаснай улады – ужо тады разумелі значэнне беларускай мовы для развіцця краіны. Менавіта дзякуючы гэтаму руху, сапраўднаму народнаму руху да мовы, бо суполкі ТБМ дзейнічалі на кожным прадпрыемстве, у кожнай установе, стала магчымым абвяшчэнне Беларусі як незалежнай краіны ў 1991 г. І ў першыя ж гады набор у школы з беларускай мовай навучання ў сталіцы складаў каля 75%. Але пасля рэферэндуму 1995 г., у выніку якога была змененая сімволіка і пачалася дыскрымінацыя беларускай мовы ў галіне адукацыі, інфармацыйнай прасторы, гандлі і іншых сферах грамадскага жыцця, пачаў зніжацца працэнт вучняў, якія навучаліся на беларускай мове. Сёння – гэта ўсяго каля 12% у цэлым па краіне, каля 1,5% - у сталіцы. Такія дадзеныя сталі падставай для таго, што ЮНЕСКА залічыла беларускую мову да тых моў, якім пагражае знікненне.

Наша арганізацыя налічвае на сённяшні дзень звыш 6 тысяч сяброў, структуры дзейнічаюць у больш як 50-ці гарадах і мястэчках краіны. Напачатку свайго заснавання сябры ТБМ канцэнтраваліся на адукацыйнай і культурніцкай дзейнасці, але ўжо напрыканцы 90-х дадаецца і праваабарончы накірунак. Бо мы выразна ўсведамлялі, што наступ на палітычныя свабоды пачаўся пасля наступу на мову тытульнай нацыі. У пачатку 2000-х гадоў сябрамі арганізацыі была распрацавана “Стратэгія развіцця беларускай мовы ў ХХІ ст.” . У адпаведнасці з ёю мы заснавалі газету “Новы час”, часопіс “Верасень”, актыўна садзейнічалі стварэнню спадарожнікавага канала “Белсат”, ідэя якога была закладзена ў нашай Стратэгіі і які задумваўся як канал з беларускай мовай вяшчання. Наша арганізацыя з’яўляецца таксама адным з заснавальнікаў “Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага” ў Вільні. Мы супрацоўнічаем з усімі грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, з палітычнымі партыямі і органамі ўлады дзеля папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы.

Сёння мы бачым, што ёсць запатрабаванасць і ў грамадстве, і ў пэўных колах улады ў павышэнні ролі беларускай мовы. Гэтыя тэндэнцыі ўзніклі не самі па сабе. Яны – адзін з вынікаў тых працэсаў, якія пачалі адбывацца ва Украінне з 2014 г. Бо для многіх стала зразумелым: без беларускай мовы Беларусь як самастойная незалежная дзяржава можа знікнуць з мапы Еўропы і свету. Рызыкну дадаць: без беларускай мовы развіццё Беларусі як дэмакратычнай краіны выклікае вялікія сумневы. Апошнія дваццаць гадоў гэта пацвярджаюць.

Таму сваю дзейнасць у Палаце прадстаўнікоў я грунтую на наступных каштоўнасных момантах:

-                 Незалежная самастойная дзяржава Беларусь;

-                 Развіццё і пашырэнне беларускай мовы – мовы тытульнай нацыі – як адзін з ключавых элементаў дэмакратычнага ўстойлівага развіцця краіны.

Мае задачы:

-                 Стварыць універсітэт з беларускай мовай навучання – установы сучаснага еўрапейскага ўзроўню, у якой будуць вырастаць постаці, роўныя Ф.Скарыне, І. Дамейку, К. Семяновічу і інш. Постаці, узроўню сённяшняга Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, якая прысутнічае тут;

-                 Дамагчыся прыняцця заканадаўства па-беларуску. Бо на сённяшні дзень амаль усе заканадаўчыя акты распрацоўваюцца і прымаюцца на рускай мове.

-                 Пашыраць інфармацыйную прастору на беларускай мове ў супрацьвагу прапагандзе “русского мира”.

Дзеля выканання гэтых задач наша арганізацыя ўжо супрацоўнічае з усімі зацікаўленымі структурамі і ініцыятывамі грамадзянскай супольнасці.

Напрыканцы хачу яшчэ раз падзякаваць за магчымасць выступіць перад вамі, данесці вам  свае развагі, а таксама падзякаваць за падтрымку тых праектаў, якія накіраваны на развіццё і ўмацаванне нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў як складовай часткі еўрапейскай і сусветнай супольнасці.

Мы – еўрапейцы па духу, па ментальнасці, па ўспрыманні агульначалавечых каштоўнасцей. Урэшце, па геаграфічным становішчы. І я спадзяюся, што ў выніку нашых стасункаў мы пачнем лепш разумець адзін аднаго.

Мы заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі і з задавальненнем прымем удзел у наступных сустрэчах у краінах Еўразвязу.

Каментары

Госць 2017-07-05 22:48:42

Дзякуй, Алена!

Nadzeya Savich 2017-07-05 22:54:28

Дзякуй, Алена! Усё вельмі слушна. Правільна. Дай Бог табе сілы.


← вярнуцца ў навіны