Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Анісім: Мова як фактар ідэнтычнасці і складнік нацыянальнай бяспекі краіны

2017.06.10 0

 Выява з сайта svaboda.org/

На Міжнароднай канферэнцыі “Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст”, якая адбылася ў Мінску 25 траўня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, першы намеснік старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” спадарыня Алена Анісім выступіла з дакладам на тэму "Мова як фактар ідэнтычнасці і складнік нацыянальнай бяспекі краіны ". Прачытаць даклад цалкам можна далей.

Мова як фактар ідэнтычнасці і складнік нацыянальнай бяспекі краіны

Існуюць два погляды на ролю беларускай мовы ў плане нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Выказванні і дыскусіі на гэты конт можна знайсці ў шматлікіх матэрыялах у сродках масавай інфармацыі як друкаваных, так і электронных. Паводле аднаго з такіх меркаванняў – беларуская мова з’яўляецца вызначальным фактарам нацыянальнай прыналежнасці. Так лічыць прафесар Л.М. Лыч, прафесар М.І. Савіцкі і іншыя прадстаўнікі беларускай навуковай інтэлігенцыі. Прыхільнікі іншага погляду (яго прытрымліваецца, напрыклад, Ю.Чарняўская) лічаць, што мова не адыгрывае ключавой ролі ў гэтым пытанні. У якасці аргументу прыводзяць прыклад Швейцарыі, Фінляндыі, Канады і іншых краін, дзе прынятыя дзве ці больш дзяржаўныя мовы.

Трэба сказаць, што наша моўная сітуацыя даволі неардынарная. З аднаго боку, мы маем дастаткова распрацаваную літаратурную мову, якая мае статус дзяржаўнай і можа выкарыстоўвацца ў розных сферах грамадскага жыцця. З іншага – беларуская мова практычна не ўжываецца ў структурах улады. Яна надзвычай абмежаваная ў сваім выкарыстанні ў інфармацыйнай тэле- і радыёпрасторы, выцясняецца са сферы адукацыі. Нягледзячы на канстытуцыйнае права карыстацца беларускай мовай без абмежаванняў, на практыцы ажыццявіць гэтае права даволі складана, а ў некаторых выпадках – немагчыма. Гэта асабліва відавочна праяўляецца менавіта ў сферы адукацыі.  Напэўна, па гэтай прычыне на падставе статыстычных звестак па агульнай колькасці вучняў, якія  навучаюцца на беларускай мове,  ЮНЕСКА залічыла беларускую мову ў спіс знікаючых моў. Тым самым на міжнародным узроўні засведчана тэндэнцыя, пра якую не адно дзесяцігоддзе з трывогай гаварыла наша нацыянальная эліта. Мы не будзем зараз спыняцца на аналізе тых працэсаў, якія паслужылі прычынай такога стану рэчаў. Пра гэта ўжо шмат напісана. Разгледзім рэакцыю грамадства. І тут мы абавязаны адзначыць: у апошні час у Беларусі з’явілася шмат ініцыятыў і кампаній (моўныя курсы, да прыкладу, “Мова нанова”, “Жывая мова”, “Моваведа” і інш.), удзельнікі якія сваёй дзейнасцю пашыраюць сферу выкарыстання беларускай мовы і тым самым вызначаюць  сваю нацыянальную прыналежнасць. Для такіх актыўных маладых людзей (а размова вядзецца найперш пра іх) пытанне нацыянальнага самавызначэння наўпрост звязанае з беларускай мовай. Многія з іх выбіраюць беларускую мову ў якасці сродку зносін з сябрамі, у працоўнай сферы, у побыце. Часам гэта дапаўняецца элементамі ў адзенні (вышыванкай), а таксама выкарыстаннем нацыянальнай сімволікі: бел-чырвона-белага спалучэння колераў і герба “Пагоня”. Такім чынам гэтыя людзі пазіцыянуюць сябе як носьбіты беларускай культуры. Варта зазначыць, што такія з’явы выразна абазначыліся і набылі значнае пашырэнне пасля анексіі Крыма і падзей у Луганскай і Данецкай абласцях.

Сугучнае меркаванне адносна такога грамадскага вызначэння ролі мовы ў дзяржаватворчасці сфармуляваў у інтэрв’ю для радыё “Свабода” ізраільскі журналіст, нараджэнец з Беларусі, Барыс Штэрн. У прыватнасці, ён сказаў наступнае: “Мова – гэта асноўнае, што адрознівае адзін народ ад другога. Калі я чытаў кнігі пра гісторыю габрэяў, гісторыю Ізраіля, то заўважыў, што іўрыт як мова ёсць краевугольным каменем у Ізраілі і самаідэнтыфікацыяй габрэяў ва ўсім свеце. Краіна, якая мае назву Дзяржава Ізраіль, пачалася з мовы, з таго, што некалькі асобаў у Эўропе вырашылі адрадзіць гэтую мову і зрабіць яе тым самым падмуркам. Ізраіль – прыклад таго, як нацыянальная дзяржава пабудаваная вакол мовы. Важна, што мова – краевугольны камень у дзяржаве і ідэнтыфікацыі. Ад гэтага ўсё пачалося і гэтым усё працягваецца.” [1]

У дачыненні да нашай сітуацыі мы можам сказаць, што аднаго самавызначэння грамадзян недастаткова для таго, каб краіна пазіцыянавалася і ўспрымалася менавіта як беларуская. Для гэтага патрэбна адпаведная палітыка, найперш унутраная. Бо, па вызначэнні беларускага філосафа В.Акудовіча, “Палітыка, як форма ўлады – гэта перадусім мова”. [2:203]

І кажучы пра гэты ўзровень, мы мусім зазначыць: у нас шмат што задакументавана і ўзаконена. Так, у Кодэксе аб культуры ў артыкуле 69 сказана наступнае.

Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці.

2. Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца звычаі, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), беларуская мова (вусная і пісьмовая), іншыя мовы, іменаслоўныя традыцыі і традыцыйныя нацыянальныя формы звароту да людзей, змест геральдычных аб’ектаў, уласных геаграфічных назваў (тапонімаў) і вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека. [3:50]

У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны ў якасці асноўных нацыянальных інтарэсаў пазначана:

“-развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне і павелічэнне яго культурнай спадчыны, умацаванне духу патрыятызму..” [4:10]

Нягледзячы на тое, што тут няма прамога ўказання на дзяржаўную беларускую мову, складана ўявіць, як можна быць патрыётам Беларусі і захоўваць культурную спадчыну без паважлівых адносін да мовы тытульнай нацыі. Таму прыводзім тут выказванне Кіраўніка краіны А.Лукашэнка, які падчас свайго выступу ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь 7 кастрычніка 2016 г. больш прама сказаў пра ролю мовы:

Мы – нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці – гэта мова.”  

Такім чынам, у сённяшняй сітуацыі, калі ва ўсім свеце назіраецца актуалізацыя пытанняў дзяржаўнасці, мова становіцца адным з галоўных фактараў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і ўстойлівасці дзяржавы. Нам, беларусам, важна скансалідаваць свае дзеянні і падштурхнуць дзяржўныя органы ўлады перайсці ад дэкларатыўных заяў да практычных паслядоўных і няўхільных дзеянняў у пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Толькі ў такім выпадку наша краіна зможа пазіцыянаваць сябе як адметны паўнавартасны дзяржаўны суб’ект міжнароднай супольнасці.

 

Крыніцы:

1.     https://www.svaboda.org/a/28488651.html

2.     В. Акудовіч. Код адсутнасці. Мн. 2007.

3.     Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. Мн. 2016.

4.     Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Мн. 2010.

 


← вярнуцца ў навіны