Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Міжнародная канферэнцыя “Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст” адбудзецца ў Мінску

2017.05.24 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

У Мінску  25 траўня адбудзецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст”.

Арганізатарамі яе выступаюць: Пасольства Украіны ў Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова “Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі – Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ; Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры; Сяргей Гаранін, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа; Алег Трусаў, старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"; Юрый Громык, дэкан факультэту філалогіі і журналістыкі Усходнееўрапейскага універсітэта імя Л. Украінкі (г. Луцк, Украіна); Ірына Ключкоўская, дырэктар Міжнароднага інстытуту адукацыі, культуры і сувязяў з дыяспарай нацыянальнага ўніверсітэту “Львоўская палітэхніка” (г. Львоў, Украіна); Віктар Місіюк, кіраўнік украінскай навукова-педагагічнай суполкі “Берагіня” (г. Брэст), а таксама шэраг вядомых навукоўцаў і экспертаў з Украіны і Беларусі. У працы канферэнцыі таксама возьмуць ўдзел Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

На канферэнцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня славянскай пісьменнасці, будуць абмеркаваныя праблемы захавання і развіцця нацыянальных моваў як складніка нацыянальнай бяспекі і культурнай памяці, размова пойдзе пра агульныя беларуска-ўкраінскія моўныя карані, перспектывы і цяжкасці вывучэння беларускай і ўкраінскай моў ва Украіне і Беларусі. У рамках адзначэння 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будуць праследжаныя беларуска-ўкраінскія кніжныя сувязі.

Канферэнцыя адбудзецца па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 116, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, цэнтральны ўваход, 3-ці паверх, зал адукацыйных тэхналогій.

Пачатак канферэнцыі - 10-00.

Для ўдзелу ў працы канферэнцыі просьба зарэгістравацца па тэл. 8 017 283 19 82.


← вярнуцца ў навіны