Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Артыкул Алега Трусава ў Краязнаўчай газеце

2017.03.29 0

Унікальнае выданне Беларускага фонду культуры

Падчас перабудовы ў СССР пачалі звяртаць большую ўвагу на гісторыю і культуру. У сувязі з гэтым была створана адпаведная арганізацыя Савецкі фонд культуры на чале з акадэмікам Ліхачовым. У кіраўніцтва фонду ўвайшла і жонка тагачаснага кіраўніка СССР Гарбачова Раіса, што адразу надало арганізацыі вялікую вагу і значнасць. Філіялы гэтай арганізацыі ўзніклі і ў саюзных рэспубліках, у тым ліку і ў БССР.

Вясной 1987 года ў БССР стварылі Беларускі фонд культуры на чале з вядомым пісьменнікам Іванам Чыгрынавым. У гэты час ён быў народным дэпутатам ВС БССР ХІ склікання і старшынёй пастаяннай камісіі ВС па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах.

На ўстаноўчым сходзе па стварэнні новай грамадскай арганізацыі ён быў абраны старшынёй праўлення Беларускага аддзялення савецкага фонда культуры. На першым пленуме праўлення Беларускага аддзялення фонда культуры ў чэрвені 1989 г. Іван Чыгрынаў выказаў пажаданне на базе бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” стварыць новы часопіс. Толькі ў выніку сумесных намаганняў БФК, Міністэрства культуры і Таварыства аховы помнікаў, на яго думку, можна ажыццявіць праграму па захаванні і памнажэнні нацыянальнай культурнай спадчыны і выкарыстанні яе для духоўнага ўзбагачэння народу. На базе бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” ў верасні 1989 г. пачаў выходзіць новы часопіс “Спадчына” як друкаваны орган Беларускага аддзялення Савецкага фонда культуры і Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Яго аб’ём склаў 8,3 аўтарскага аркуша, а перыядычнасць – 4 разы на год. Кошт аднаго экземпляра – 60 капеек. Галоўным рэдактарам часопіса стаў Іван Чыгрынаў. У 1990 г. часопіс выйшаў 4 разы, а ў 1991-2003 г. – 6 разоў на год. У лепшыя часы наклад часопіса дасягаў да 15 тысяч асобнікаў. Часопіс быў прысвечаны беларускай гісторыі і культуры.

Пагартаем некаторыя першыя нумары часопіса “Спадчына”. Так, на першай вокладцы часопіса за № 4 1990 г. мы бачым каляровую паштоўку “Гербы беларускіх ваяводстваў БНР” з калекцыі В.Целеша, надрукаваную ў Берліне ў 1918 г., а на апошняй – паштоўку “Беларускі нацыянальны штандар”, надрукаваную ў Коўне ў 1918 г. У гэты час намеснікам Івана Чыгрынава была Вольга Іпатава, а адказным сакратаром – Кастусь Тарасаў. У нумары друкаваліся працы Адама Станкевіча, Аркадзя Смоліча, Вацлава Ластоўскага, Аўгена Калубовіча, а таксама перакладзеныя на беларускую мову такія літаратурныя помнікі, як “Летапісная аповесць пра князя Тройдзеня”, Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста, “Падарожжа ў святую зямлю” і іншыя. Першы нумар часопіса “Спадчына” за 1991 год пачынаецца з друкавання матэрыялаў “круглага стала” па пытаннях захаванння і вяртання спадчыны, у якім бралі ўдзел старшыня камісіі “Вяртання” пры БФК Адам Мальдзіс, Юры Хадыка, Вольга Іпатава, Арсень Ліс, Ганна Сурмач, Яўген Кулік, Лідзія Збраловіч. Пытанні, паднятыя на гэтым “круглым стале”, актуальныя і зараз, і былло б добра вярнуцца да іх на старонказ “Краязнаўчай газеты”.

Другі нумар часопіса за 1991 г. пачынаецца з рэдактарскага артыкула “Не быць абыякавымі!” Прывядзём толькі некалькі цытат.

“Ад розных прычын цяпер у нас з’явіўся новы тып людзей, якія валодаюць ведамі ў розных галінах гаспадаркі, але яны глухія да прыгажосці, абыякавыя да культуры, жывой прыроды. Праўда, і абвінавачваць іх у гэтым асабліва не хацелася б, бо ў навучальных установах іх не далучалі да культурнай спадчыны, да духоўна-матэрыяльных каштоўнасцей.

Несумненна, наспела неабходнасць павышаць узровень духоўнасці, культуры, свядомасці такіх “невукаў” з дыпломамі. …Патрэбна доўгачасовая, глыбока прадуманая праграма, здольная аб’яднаць намаганні ўсіх арганізацый культуры.”

Таму і зараз гэта надзвычай актуальна. Апошнія падзеі ў Курапатах – яскравае сведчанне актуальнасці гэтых радкоў народнага пісьменніка. Зараз, калі пачалося абмеркаванне новага Кодэкса аб адукацыі, трэба ўнесці ў яго адпаведныя папраўкі, каб колькасць гадзін на вывучэнне гісторыі Беларусі ў нашых ВНУ была павялічана, а выкладанне прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Геаграфія Беларусі” ва ўсіх школах краіны было б толькі па-беларуску і яны  б мелі значную практычную частку (экскурсіі і наведванне музеяў). У паверджанне гэтага прывяду яшчэ адну цытату.

“Гістарызм, абвостранае пачуццё сувязі часоў – вось яшчэ адна характэрныя рыса культуры. Не трэба забываць, што паглыбленае пачуццё гістарызму, непадробная і сур’ёзная цікавасць да міінулага – сведчанне развітай грамадзянскай самасвядомасці, прыналежнасці да духоўнай сталасці.

Гаворачы пра духоўнасць, нельга не нагадаць пра яе вытокі, якімі з’яўляецца народная творчасць. Справяядліва сказаць, што чалавек становіцца асобай толькі па меры таго, калі ад маралі асабістай ён ідзе да маралі грамадзянскай.”

Але як дайсці да сапраўднага гістарызму ў нашым жыцці, калі мы страцілі беларускі дзяржаўны кінематограф, а ў нашых кінатэатрах паказваюць фільмы накшталт “Вікінга”, дзе скажаецца наша гісторыя і зневажаюцца нашыя героі? Меў рацыю Іван Чыгрынаў, калі пісаў наступныя радкі: “Асаблівы клопат – захаванне архітэктурнай спадчыны. Замнога праблем – мастацкіх, будаўнічых, сацыяльных, ідэалагічных – накапілася ў справе аховы помнікаў. Гэтыя пытанні набываюць асаблівую актуальнасць у сувязі з тым, што больш за тысячу з тысячы двухсот дванаццаці помнікаў архітэктуры, пастаўленых на ўлік у рэспубліцы, знаходзяцца ў занядбалым стане.”

У Беларусі практычна адсутнічае падрыхтоўка новых рэстаўрацыйных кадраў, і ніхто пра гэта не думае. Хто будзе прафесійна аднаўляць нашыя помнікі праз 10-15 гадоў, калі стануць пенсіянерамі ці адыдуць у лепшы свет сённяшнія спецыялісты?

У гэтым жа нумары друкуюцца матэрыялы чытанняў, што былі прысвечаны 580-м угодкам Грунвальдскай бітвы і якія адбыліся 26 снежня 1990 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Гэта выступы Паўла Лойкі, Міхася Ткачова, Генадзя Сагановіча, Вольгі Іпатавай, Сяргея Тарасава, Уладзіміра Арлова і Васіля Мялешкі.

Прывяду толькі адзін прыклад. Ужо тады, у 1991 г., Сяргей Тарасаў лічыў, “што адлік беларускай дзяржавы – з Рагвалода.” У 2017 г. гэта сказаў і Кіраўнік нашай дзяржавы. Выступ Тарасава, надрукаваны ў часопісе“Спадчына”, так і просіцца на старонкі сучасных беларускіх падручнікаў па гісторыі.

У чацвёртым нумары за 1991 г. пачалі друкаваць твор А.Цвікевіча “Западно-русская школа і яе прадстаўнікі”, які зараз зноў стаў вельмі актуальным, асабліва пасля ўкраінскіх падзей. Калі мы ўключаем расійскія каналы ТБ, мы бачым “ажыўшых” герояў з працы Цвікевіча.

У шостым снежаньскім нумары за 1991 г. Іван Чыгрынаў надрукаваў свій аўтарскі пераклад на сучасную беларускую мову “Слова пра паход Ігараў..”

У снежні 1991 г. Беларусь набыла сваю незалежнасць, якая не звалілася з неба, а была парыхтавана ў выніку чарговага беларускага адраджэнн, якое знайшло сваё ўвасабленне і на старонках “Спадчыны”.

Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны