Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Віцебская філія ТБМ вядзе перапіску з выканкамам у справе перайменавання абласной бібліятэкі імя Леніна

2017.03.01 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Віцебская арганізацыя ТБМ лістуецца з Віцебскім выканкамам з прапановай перайменаваць абласную бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава. Цалкам ліст чытайце далей.

СТАРШЫНІ

Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта

М.М. Шарснёву 

Паважаны Мікалай Мікалаевіч!

Рада Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” абмеркавала прапановы грамадскасці аб увекавечванні ў Віцебскай вобласці імя нашага сусветна вядомага земляка Васіля Уладзіміравіча Быкава.

Пасля смерці В.У. Быкава прайшло ўжо 13 гадоў. У 2004 годзе на радзіме пісьменніка, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, быў адбудаваны дом, у якім нарадзіўся класік беларускай літаратуры. Пазней на будынку мастацкай школы, дзе ў свой час вучыўся будучы пісьменнік, усталявалі Мемарыяльную дошку ў яго гонар. Экспазіцыя, прысвечаная жыццё і творчасці славутага земляка, экспанавалася ў абласным Літаратурным музеі, які некалькі гадоў таму быў закрыты на капітальны рамонт, і цяпер усе матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Быкава, недаступныя шырокай грамадскасці.

Прапановы надаць імя В.У. Быкава адной з вуліц Віцебска, на жаль, ігнаруюцца гарадскімі ўладамі. Няма адпаведных вуліц і ў іншых гарадах вобласці.

Цяпер у нашай краіне ідзе падрыхтоўка да святкавання сапраўды эпахальнай даты – 500-годдзя кнігадрукавання. На наш погляд, было б абсалютна лагічным у кантэксце вышэйназванай падзеі вырашыць пытанне аб увекавечванні імя Васіля Быкава, а таксама іншых нашых славутых землякоў – Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна – у назвах вуліц, школ, бібліятэк.

Рада Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ звяртаецца да Вас, шаноўны Мікалай Мікалаевіч, з прапановай разгледзець магчымасць перайменавання Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў Віцебскую абласную бібліятэку імя Васіля Быкава. Спадзяёмся, што Вы не пакінеце наш зварот без увагі.

З павагай і надзеяй на плённае супрацоўніцтва,

старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ                                       Ю. Бабіч

 


← вярнуцца ў навіны