Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

Ушанавалі памяць Тадэвуша Касцюшкі

2017.02.17 0

У суботу 4 група грамадскіх актывістаў горада Баранавічы накіравалася ў былы маёнтак Мірачоўшчына ля Косава, дзе ў доме-музеі сям’і Касцюшкаў кожны год праводзіцца вялікае мерапрыемства і збіраецца многа гасцей з розных краін. Цікава, што 4 лютага 2017г. ў Косава на дзень народзінаў нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Францыі, ЗША Тадэвуша Касцюшкі прыбылі не толькі афіцыйныя дэлегацыі, але шматлікія дэлегацыі грамадскіх арганізацый. Так ТБМ з Баранавічаў прадстаўляла каля трыццаці чалавек, прыехала вялікая дэлегацыя з Брэста са сцяжкамі АГП, Мінск прадстаўляла згуртаванне шляхты з харугвай. Дэлегацыя з Кобрына на шасці машынах пад кіраўніцтвам Аляксандра Меха да прыбыцця ў Косава наведала тры населеныя пункты, гісторыя якіх звязана з імем Тадэвуша Касцюшкі, дзе ўшанавала яго памяць. Пасля заканчэння мерапрыемства на сядзібе Касцюшкаў сябры з Брэстчыны сабраліся ў цёплым памяшканні на сустрэчу з пісьменнікамі. Слухалі вершы і цікавыя расповеды. Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла прэзентавалі свае новыя кнігі. Прынята рашэнне і надалей пры святкаванні гадавіны нараджэння Касцюшкі наведваць не толькі музей-сядзібу, а і іншыя месцы, звязаныя з яго жыццём і дзейнасцю.

Аляксей Белы  

Урачыстасці з нагоды 271-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі ды іншых краінаў, у якіх ён пакінуў адметны след, адбыліся 4 лютага на радзіме Касцюшкі, ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што недалёка ад мястэчка Косава  Івацэвіцкага раёна.

Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе ў дзень народзінаў Касцюшкі ў Мерачоўшчыне сабралося значна больш тых, хто шануе памяць аб ім, чым нават летась, калі адзначаўся яго юбілей. Спрыяла гэтаму, пэўна, і цудоўнае надвор’е - у светлы сонечны дзень з невялікім марозам прыемна было пастаяць на прыступках дома-музея Касцюшкі, каля Памятнага знака, усталяванага ў яго гонар.  .Каб ушанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі, на яго радзіму  прыбылі 4 лютага не толькі афіцыйныя дэлегацыі, але і прадстаўнікі грамадскасці з Брэста, Мінска, Івацэвічаў і іншых гарадоў нашай краіны і замежжа. Так, баранавіцкая суполка Таварыства беларускай мовы імя Францыса Скарыны дэлегавала на свята каля трыццаці  сяброў арганізацыі. На шасці машынах, перад гэтым наведаўшы тры населеныя пункты, гісторыя якіх звязана з імем Тадэвуша Касцюшкі, прыбылі ў Мерачоўшчыну жыхары Кобрына.

Да Памятнага знаку у гонар нашага земляка былі ўскладзеныя кветкі, пасля чаго прысутных запрасілі ў музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, дзе для іх была праведзеная экскурсія. У зале музея гучала жывая музыка – творы выконваліся выхаванцамі  косаўскіх музычнай і агульнаадукацыйнай школ.

Словы падзякі і пашаны ў памяць нашага знакамітага земляка выказалі ў гэты дзень на сядзібе прадстаўнікі мясцовае ўлады, аташэ па культуры амбасады ЗША ў Беларусі Рыма Койлер, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Пётр Казакевіч, старшыня польскага фонду Касцюшкі Марэк Кшэсняк, Ірына Сташкова, віцэ-консул консульства Украіны ў Брэсце ды іншыя. А пасля заканчэння афіцыйных мерапрыемстваў, дэлегацыі грамадскіх актывістаў з Брэстчыны, Слонімшчыны і Міншчыны сабраліся ў адным з памяшканняў  ў Косаве, дзе з задавальненнем паслухалі вершы і расповеды паэта Міхася Скоблы і іншых літаратараў.

-- Мы кожны год прыязджаем у Мерачоўшчыну, каб ушанаваць памяць нашага земляка, пакланіцца яго дому, -- гаворыць старшыня баранавіцкай арганізацыі ТБМ Мікалай Падгайскі.- -  І вельмі прыемна, што людзей, якія наведваюць гэты музей, прычым не толькі 4 лютага, а і ў іншыя дні, становіцца ўсё больш. Без памяці аб мінулым не можа быць будучыні, і гэта ўсведамляе ўсё большая колькасць жыхароў нашай краіны.

Тут у Косаве, яшчэ ў драўляным касцёле, пабудаваным у 1626-м годзе,12 лютага 1746 года, хрысцілі  Тадэвуша Касцюшку. Зараз на гэтым месцы каменны каталіцкі храм, узведзены ў 1877-м. За саветамі касцёл доўгі час не працаваў, але пасля парафіяне дабіліся ўзнаўлення службы. Няшмат у савецкія часы гаварылася і пра ўраджэнца гэтых мясцін, нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшку -- у Савецкім Саюзе, «оплоте всех народов», гэта было не прынята. Але аўтару гэтых радкоў  пашчасціла – зусім недалёка ад Мерачоўшчыны месціцца вёска Хадоркі, у якой жыў мой дзядзька, Мікалай Кульгавеня, цудоўны чалавек і краязнаўца, які разам з Данутай Бічэль-Згнетавай у свой час скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута і працаваў выкладчыкам у школе ў сябе на радзіме. Ён і давёў мне усё, што ведаў, пра палац Пуслоўскіх, які знаходзіцца тут жа, на ўзвышшы, недалёка ад сядзібы Касцюшкаў, і пра самога Касцюшку -- пра яго навучанне ў школе манаскага ордэна піяраў у горадзе Любяшаве, пасля --у Рыцарскай школе ў Варшаве, дзе атрымаў чын капітана, пра тое, як ён вучыўся ў Парыжы ў вайсковай акадэміі , як змагаўся за незалежнасць у Амерыцы і даслужыўся да брыгаднага генерала, пра яго ўдзел у агульнанацыянальным паўстанні супраць Расейскай імперыі і як паранены апынуўся ў Петрапаўлаўскай  крэпасці…

Потым усё гэта знайшло адлюстраванне  у адным з маіх вершаў, які ўвайшоў у кніжку, што атрымала назву “Прыватны сектар”.

Сны аб радзіме.

                                   Гісторыя нас жорстка падманула,

                                    Няма ні веры тут цяпер, ні меры.

                                    Сувораўцаў пачэсным каравулам

                                     Мы ставім да магілаў касінераў.

Узгоркі, гасцінцы ды пушчы,

Гісторыі сумныя цені…

Дык хто ты, Тадэвуш Касцюшка?—

Са шляхты. У сёмым калене!

Нам мару аб волі пакінуў,

(А шаблі спявалі так звонка!)

Той, хто “нарадзіўся ліцвінам”

Ля Косава ў ціхім маёнтку.

Зубры тут блукалі і туры,

Казуль па прагалах насіла.

Таму , пэўна, Бенавентура

Тут браў і адвагу, і сілу.

То лес, то балотца, то поле,

А ў небе начным столькі зорак!

Твае сябрукі – з наваколля,

З Мілеек. А можа з Хадорак.

 

Пакуль ты не вой, не паплечнік,

І волі пакуль пакуль што не мала.

Твой бацька па тытуле – мечнік.

Ты з станеш пасля генералам.

Але і ў пашане і ў чыне

(Хоць тут заслужыў значна большы),

Ты будзеш не ў гэтай краіне –

У Амерыцы, Францыі, Польшчы,--

Ішоў ты праз горы і плошчы—

У баях адстаяў гэта права.

Змагаўся зусім не за грошы,

І нат не заўжды дзеля славы.

Хоць ты і не марыў аб славе,

А час цябе вынес на стрыжань.

Быў корпус кадэцкі ў Варшаве,

Пасля – навучанне ў Парыжы.

…Людзей бараніў ад навалы,

Пакінуўшы родную хату.

Брыгадным ты стаў генералам

У Арміі Злучаных Штатаў.

…Не знік, не скарыўся, не згінуў,

Хоць біўся зусім не з вятрамі.

І два прэзідэнты краіны

Былі табе проста сябрамі.

…Ці ў Мерачоўшчыне ў хаце

Хто думаў калі і хто марыў,

Пра ордэн такі – “Цынцынаці”

І пра Віртуці Мілітары!?

…Каму стала проста палёгка,

Каму адстаялі свабоду,

А тут шчэ было так далёка

Да “Акта Паўстання Народа”.

Далёка было да палону,

Да плачу ўдоў і самоты,

Калі беларускія клёны

Гарэлі крывавай лістотай.

 

…Пад час чалавечага гора

Забойцам – крыжы і пагоны…

І ў нас атрымае Сувораў

Чатырнаццаць тысяч прыгонных.

 

Табе ж родны край будзе сніцца

У краіне не мілай, хоць большай.

Астрог –“дар” расейскай царыцы--

І за Беларусь і за Польшчу.

…У лютым надыдзе світанак

Так проста, не з нейкай нагоды.

І босая памяць зноў ступіць на ганак

ЗА НАШУ І ВАШУ СВАБОДУ!


← вярнуцца ў навіны