Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зварот ТБМ адносна пашырэння выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы ў дзяржаўных папяровых СМІ (абноўлена)

2017.02.25 0

  Выява мае ілюстрацыйны характар.

ТБМ даслала ліст Міністру інфармацыі спн. Л. С. Ананіч, у якім паведамляецца, што ў нашу арганізацыю звяртаюцца грамадзяне, якія абураныя тым, што з кожным годам у рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта (а гэта значыць з падаткаў, якія выплачваюць вышэйзгаданыя грамадзяне), колькасць беларускамоўных матэрыялаў змяншаецца, і яны складаюць мізэрную частку газетных палос. Прапановы ў лісце і цалкам ліст можна прачытаць далей.

10 лютага 2017 г.  № 23

 Сп. Л.С. Ананіч

Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

220004, г. Мінск,

пр. Пераможцаў, 11

Аб пашырэнні выкарыстання

дзяржаўнай беларускай мовы

ў дзяржаўных папяровых СМІ

Шаноўная Лілія Станіславаўна!

У ТБМ звяртаюцца грамадзяне нашай краіны, якія абураны тым, што з кожным годам у рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта (а гэта значыць з падаткаў, якія выплачваюць вышэйзгаданыя грамадзяне), колькасць беларускамоўных матэрыялаў змяншаецца, і яны складаюць мізэрную частку газетных палос.

Хачу прыгадаць да прыкладу сваю раённую мсціслаўскую газету "Святло Кастрычніка", якая ў часы БССР выходзіла на беларускай мове, і дзе я надрукаваў шмат артыкулаў. Зараз засталася толькі беларуская назва, і калі-нікалі з'яўляюцца невялікія публікацыі на нашай роднай мове. І гэта адбылося на радзіме класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Падрабязны аналіз сітуацыі, у якой апынулася беларуская мова з маўклівай згоды ўладаў розных узроўняў у нашым перыядычным друку, зрабіў нядаўна на старонках "Народнай Волі" сп. Аляксандр Навіцкі (гл. № 9 ад 31.01.2017г.).

У сувязі з гэтым, прашу Вас абмеркаваць гэтае набалелае пытанне на бліжэйшай Калегіі Вашага Міністэрства і рэкамендаваць усім рэдактарам дзяржаўных газет, якія зарэгістраваныя як двухмоўныя, друкаваць у кожным нумары не менш за 50% матэрыялаў на беларускай мове.

У год юбілею беларускага кнігадрукавання такая пазіцыя Міністэрства інфармацыі будзе цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы:  "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

З павагай,

старшыня ТБМ                                                              А.Трусаў

Таксама быў атрыманы адказ на зварот, у якім паведамляецца, што ў Беларусі і так нямала газет аддае перавагу беларускай мове, а ўплываць на рэдакцыю ў моўным пытанні ўвогуле забаронена!


← вярнуцца ў навіны