Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Гомелі адкрыўся Цэнтр беларускай мовы (абноўлена)

2017.02.15 0

У офісе Гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы з 5 лютага распачаў работу Цэнтр беларускай мовы. У Цэнтры ладзіцца гурток ужытковай беларускай мовы “Лемантар”, гурток беларускай мовы для дзяцей "Мова дзяцей" і яшчэ многа цікавага. Таксама абвешчаны конкурс-эсэ для школьнікаў на тэму “Што для мяне беларуская мова”. Работы прымаюцца да 19 лютага ўключна, дасланыя на паштовую скрыню gomeltbm@gmail.com. Больш пра конкурс тут.

У новым цэнтры плануецца праводзіць сустрэчы і мерапрыемствы па пытаннях беларускай культуры, гісторыі і сучаснасці, заняткі дзіцячага гуртка “Мова дзяцей”, кінапаказы, будзе працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў.

Да супрацы запрашаюцца прадпрымальнікі, якім неабходна моўная кансультацыя ці дапамога, грамадзяне, неабыякавыя да пытання развіцця беларускай мовы і павышэння яе ролі ў грамадстве, грамадскія арганізацыі і ўсе ініцыятыўныя і творчыя людзі, якім неабходная бясплатная пляцоўка для ўвасаблення сваіх ідэй і правядзення мерапрыемстваў, якія блізкія па каштоўнасцях з ТБМ.

Пры Цэнтры будзе працаваць гарачая тэлефонная лінія па пытаннях абароны правоў беларускамоўных грамадзян.   

“У Беларусі расце попыт на ўсё беларускае, Гомель – не выключэнне, але ў другім па велічыні горадзе Беларусі няма грамадскай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных. Мы вырашылі ўвасобіць нашу даўнюю мару – мець гарадскі цэнтр развіцця беларускай мовы і культуры, і  будзем працаваць над тым, каб цэнтр стаў месцам супрацы. Плануецца працягнуць камунікацыю з прадпрымальнікамі і ўстановамі Гомеля, мы будзем прапаноўваць ім нашу прафесійную дапамогу па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы ў паслугах, таварах, рэкламнай прадукцыі, дакументазвароце”, – кажа кіраўнік Рады Гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Адрас: вул. Кірава 3, пакой 1-8 (1 паверх). Даведкі па тэл +37529-908-91-62.

Гомельская філія ТБМ займаецца правядзеннем культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, нефармальнай беларускамоўнай адукацыяй, маніторыць прысутнасць беларускай мовы на вуліцах і ва ўстановах горада.

Дзейнасць арганізацыі адлюстравана на сайце Kli4nik.info у Vk.


← вярнуцца ў навіны