Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздачны даклад старшыні ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2016 год

2017.02.03 1

Мінулы год, год парламенцкіх выбараў, эканамічнага крызісу і складанай міжнароднай сітуацыі на межах нашай краіны прайшоў для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.

На жаль, у мінулым 2016 г. адышлі ў лепшы свет некаторыя заснавальнікі і сябры ТБМ. Сярод іх стваральнік і першы старшыня ТБМ, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, адзін з заснавальнікаў ТБМ на Гарадзеншчыне Алесь Белакоз, актывіст ТБМ са Слоніма, актыўны палітычны дзеяч і прыхільнік роднага слова Юрась Хадыка, вядомы беларускі матэматык, які ўдасканаліў беларускую матэматычную тэрміналогію, вядомы навуковец Якаў Радына, актыўны аўтар "Нашага слова" і "Новага часу" Вітаўт Мартыненка, вядомы мовазнаўца Зміцер Саўка, былы галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова" Міхась Шавыркін, актывісты ТБМ з Менска Анатоль Валахановіч і Генадзь Шэршань, і шмат іншых рупліўцаў роднага слова.

Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных Сакратарыята па стане на 1 студзеня 2017 г. знаходзіцца 6 тысяч 385 чалавек.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Гомеля, Магілёва, Гродна, Ліды, Полацка, Баранавічаў, Пружанаў, Паставаў, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Оршы, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску.

Была створана і пачала актыўна дзейнічаць Скідзельская суполка ТБМ. Напрыканцы мінулага года аднавіла сваю рэгістрацыю і пачала актыўна дзейнічаць раённая арганізацыя ТБМ у г. Стоўбцы. Таксама актывізавала сваю работу студэнцкая суполка ТБМ на гістфаку БДУ. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", "Краязнаўчая газета", "Камсамольская праўда ў Беларусі" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас працягвае хваляваць сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Брэсце, Кобрыне, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Клецку, Навагрудку і Мазыры.

Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Працуе новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае.

Але напрыканцы мінулага года ўзнікла пагроза закрыцця адзінага ў свеце спадарожнікавага беларускамоўнага тэлеканала “Белсат”, які быў некалі створаны па прапанове ТБМ. Сакратарыят ТБМ адным з першых з грамадскіх арганізацый 16 снежня прыняў заяву ў абарону канала і распаўсюдзіў яе ў СМІ. Зараз сітуацыя з існаваннем канала робіцца вырашальнай і мы спадзяёмся на станоўчы вынік гэтай справы.

Беларуская мова найбольш пашырана ў сферы культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў візуальным афармленні.

У мінулым годзе беларускі парламент прыняў вялікі заканадаўчы дакумент Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які складаецца з 257 артыкулаў, напісаны толькі па-беларуску і ўступае ў сілу з лютага 2017 г.

Дзякуючы намаганням ТБМ у артыкуле 69 вышэй згаданага кодэкса запісана, што "Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адносіцца беларуская мова (вусная і пісьмовая), імёнаслоўныя традыцыі і традыцыйная форма звароту да людзей". Гэты сказ будзе карысны падчас спрэчных пытанняў у пашпартных сталах ці іншых установах нашай краіны.

Зараз нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб новая версія Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама была прынятая на беларускай мове.

З мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа ва ўстановах адукацыі арганізуюцца канферэнцыі, выставы мастацкай літаратуры, Дні і Тыдні беларускай мовы і літаратуры, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны; ствараюцца віртуальныя музеі і этнаграфічныя пакоі, на базе якіх праводзяцца вучэбныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі на беларускай мове. Ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання краіны працуюць гурткі, клубы і іншыя аб’яднанні вучняў, у якіх арганізавана вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, фальклору, тапанімікі роднага краю. Так, напрыклад, толькі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і молодзі Гродзенскай вобласці дзейнічаюць больш за 200 гурткоў па вывучэнні гісторыі Беларусі, культуры мовы і інш.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі выкладаецца курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Распрацоўваюцца і выдаюцца вучэбна-метадычныя комплексы па асобных вучэбных прадметах (дысцыплінах), у тым ліку і спецыяльных. Для ажыццяўлення якаснага выкладання дысцыплін на беларускай мове арганізавана павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў (праз спецыяльныя курсы). У асобных установах вышэйшай адукацыі (звыш 20) створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускай мовах. Пашыраецца колькасць спецыяльных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове.

Факультатыўныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджанымі Міністэрствам адукацыі праграмамі факультатыўных заняткаў. У цяперашні час на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмы факультатыўных заняткаў “Храмы, палацы і замкі Беларусі” (VII клас), “Архітэктура Беларусі” (IX клас), якія распрацаваныя на беларускай мове.

Актыўную працу па пашырэнню беларускай мовы ў дзіцячых садках Гомеля праводзіць мясцовая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам Алесі Аўласевіч. Гомельская суполка ТБМ зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам спяваць беларускія песні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі. Створаны першыя беларускамоўныя класы ў Лідзе і Гродна. У горадзе Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, з’явіліся 3 білборды ў падтрымку беларускай мовы.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у 9-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Зараз нас чакае юбілейная 10-ая Агульнанацыянальная дыктоўка, якую можна прысвяціць Францыску Скарыне, Пімену Панчанку і Янку Брылю.

У мінулым годзе выйшлі 14 і 15 нумары часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7–11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Увесь 2016 г. працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам Людмілы Бурлевіч і Леанарды Мухінай, а таксама псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі “Школа асобаснага росту” Людмілы Дзіцэвіч.

Летась актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч. Актыўна дзейнічала ў першай палове 2016 г. гістарычная школа пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках з Алегам Трусавым” (каардынатар Алена Анісім). Зараз гэтым займаецца клуб “ПраМова”.

Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны, дзе працуюць філіялы гэтых курсаў.

Мы працягваем выпускаць “Наша слова” (наклад 2000 асобнікаў да кастрычніка 2016 г., зараз 1500 асобнікаў) ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. У 2015 годзе створаны адмысловы сайт газеты.

Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ў другой палове 2016 г. выдзеліла сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

Вось ужо восьмы год кіраўнік Гродзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гродзеншчыны.

З 2012 г. дзейнічае інтэрнэт-партал ТБМ, каардынатар партала і сацыяльных сетак Юлія Бажок. Дзякуючы парталу, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: нашу гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За 2016 год колькасць праглядаў партала склала 76 323 са 103 краін.

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Гродна, Магілёва, Паставаў, Шклова, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленеры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Станіслава Судніка, Алега Дзьячкова, Алеся Кроя.

Улічваючы інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2016 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні. Па стану на 30 снежня 2016 г. на нашым рахунку было 1627,35 беларускіх рублёў.

Адбыліся змены ў рэгіянальным кіраўніцтве ТБМ. Абраныя новыя кіраўнікі ў Полацку і Салігорску. У мінулым годзе былі выдадзены насценныя і кішэнныя календары і паштоўкі, прысвечаныя Нілу Гілевічу, Алесю Смолічу, Макару Краўцову, ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму і Янку Брылю.

Выдавецкі дом ТБМ у Лідзе таксама выдаваў календары і зрабіў банер, прысвечаны 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання.

Дзякуючы намаганням сяброў ТБМ была зроблена рэстаўрацыя помніка літары “Ў” у Полацку, дзе помнік доўгі час быў занядбаны. Увесну мінулага года была працягнутая на чарговыя 3 гады арэнда памяшкання сядзібы ТБМ у Менску. Таксама ў сядзібе ўсталявалі новую пажарную сігналізацыю.

Напрыканцы 2015 г. па ініцыятыве ТБМ быў створаны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Сустаршынямі аргкамітэта абраны сп. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Алег Трусаў, каардынатар Алена Анісім. Увесь мінулы год аргкамітэт плённа працаваў, таму я спадзяюся, што ў 2017 годзе сітуацыя ў гэтым накірунку пачне змяняцца да лепшага.

У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзеючай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з’яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.

А перамога спн. Анісім не адбылася б без двухгадовай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.

Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з’яўляецца каардынатарам Рады Кангрэса). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з’яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.

Да ініцыятывы далучыліся і іншыя сябры ТБМ. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня менскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябра Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех.

На першым месцы тут знаходзіцца Лідская арганізацыя ТБМ, якая здолела вылучыць (праз партыю БНФ) і зарэгістраваць пяць кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. Вядома, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты сябры ТБМ, вялі сваю выбарчую кампанію па-беларуску.

Зараз наша задача з дапамогай сяброў ТБМ Алены Анісім і Ігара Марзалюка пачаць актыўна беларусіфікаваць наш парламент, а таксама ўнесці неабходныя змены ў Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь і прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

У кастрычніку гэтага года нас чакае чарговы З’езд ТБМ, на якім мы павінны пагаварыць аб выніках нашай працы за апошнія тры гады, а таксама абраць новае (пажадана маладзейшае) кіраўніцтва ТБМ. Перад гэтым неабходна ва ўсіх суполках ТБМ да верасня правесці справаздачна-выбарчыя сходы і вылучыць дэлегатаў на наш З’езд.

Жадаем вам моцнага здароўя, духоўнай моцы, бадзёрасці і аптымізму.

Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

Дзякуй за ўвагу. 

22 студзеня 2017 г.

Старшыня ТБМ                         Алег Трусаў

Каментары

Guest 2017-04-05 23:29:02

Дзякуй усім, хто працаваў над сайтам ТБМ на працягу 2016 г.


← вярнуцца ў навіны