Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Да 100 дзён дэпутацкай дзейнасці першага намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім

2017.01.20 5

  Выява з сайта svaboda.org.

Кароткая справаздача дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 Алены Анісім

Крыху статыстыкі

За перыяд з 11 кастрычніка па 30 снежня 2016 г. я правяла чатыры сустрэчы з жыхарамі Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў сумесна з памочнікам Новікам М. М., які працуе на сталай аснове ў г. Стоўбцы. Акрамя таго, мой памочнік правёў яшчэ 15 прыёмаў (па 2 прыёмы ў тыдзень на працягу 2-х месяцаў).

За гэты час я атрымала каля 60 запытаў: падчас прыёму, у выглядзе электронных і пісьмовых лістоў, тэлефонных званкоў і падчас сустрэч з грамадзянамі. Падрыхтавала больш за 50 пісьмовых адказаў і запытаў па зваротах.

З кароткай практыкі хачу падзяліцца з чытачамі некаторымі развагамі.

Пытанні лакальнага характару

Праблемы, якія ўздымаюцца падчас прыёму і ў лістах, маюць як лакальны, так і агульнадзяржаўны характар. Таму і вырашаць іх даводзіцца на адпаведным узроўні. Так, безумоўна, у кампетэнцыі мясцовай улады знаходзяцца пытанні працаўладкавання, якасці дарог, вуліц, аказанне паслуг у сістэме ЖКГ, транспартнае забеспячэнне паміж райцэнтрам і населенымі пунктамі, абслугоўванне ў банкаўскай сістэме, наданне вуліцам імёнаў вядомых людзей і інш. І сёе-тое ўдалося вырашыць, дзякуючы рэагаванню мясцовых уладаў на запыты людзей. Але і тут узнікаюць пытанні, якія задаюць грамадзяне, што патрабуюць рэагавання на агульнадзяржаўным узроўні. Напрыклад, наконт дарожнага збору, які бярэцца з усіх аўтамабілістаў, тым не менш, грошай на рамонт дарог чамусьці не хапае. Выказваецца адна з прапаноў, каб дарожны збор перанесці ў сферу аплаты за паліва (бензін), тады той, хто ездзіць болей, будзе плаціць больш. А хто мала ездзіць, напрыклад, пенсіянеры, якія карыстаюцца ўласным аўтамабілем ўсяго некалькі месяцаў у год, адпаведна заплацяць менш. Даволі справядлівы падыход. Застаецца толькі прадугледзець, як перавесці пэўны працэнт аплаты за бензін у дарожны, умоўна кажучы, фонд. Ці атрымае падтрымку такая прапанова, пакуль невядома. Але, думаецца, яна вартая ўвагі і абмеркавання.

Пытанні агульнадзяржаўнага маштабу

 Мы шмат чуем і гаворым пра сацыяльную скіраванасць нашай краіны. І сапраўды, нямала робіцца ў гэтым плане станоўчага. Але тое, што датычыць некаторых фактаў з жыцця асобных неабароненых груп, напрыклад, інвалідаў, застаецца па-за ўвагай. Так, паводле запытаў у Стаўбцоўскім раёне шмат хто сутыкаецца з праблемай забеспячэння правоў сірот, некаторыя з якіх з’яўляюцца інвалідамі з дзяцінства. У кожным такім выпадку трэба разбірацца індывідуальна, але ж павінен быць створаны механізм прававой абароны на агульнабеларускім узроўні. Сваякі, якія праяўляюць клопат у дачыненні пляменнікаў ці ўнукаў, губляюць ільготы па аплаце падаткаў, а то і абкладаюцца дадатковымі падаткамі за тое, што даюць такім сіротам прытулак. Гэта сведчыць пра недасканаласць нашай прававой сістэмы. Напэўна, такія праблемы ёсць і ў іншых раёнах Беларусі, а не толькі ў маёй акрузе.

Указ № 100, які рэгулюе пытанні адчужэння старых і пустых дамоў у вёсцы, не можа прымяняцца ў дачыненні да неаформленых ва ўласнасць пабудоў. Значыць, таксама патрабуе ўдакладнення механізм яго прымянення. Відавочна, што ў дадзеным выпадку мы павінны весці гаворку пра ўкараненне інстытута прыватнай уласнасці як на пабудовы, так і на зямельныя ўчасткі. Бо без уласніка складана дабіцца належнага выгляду тых сядзібаў, у якіх гаспадары не жывуць стала і фігуруюць толькі як спадчыннікі.

Вострыя пытанні

У маёй сённяшняй дэпутацкай дзейнасці я сутыкнулася і з шэрагам няпростых пытанняў. Рашэнне іх патрабуе, па-першае, публічнасці, а па-другое, адпаведнага рэагавання кампетэнтных органаў.

Так, зараз у прэсе ўсё часцей з’яўляюцца матэрыялы, якія сведчаць пра сістэму пабораў з выхавацеляў дашкольных устаноў і з настаўнікаў на падпіску часопісаў, якія не выкарыстоўваюцца ў іх прафесійнай дзейнасці, а таксама на іншыя мэты, непрадугледжаныя ні кантрактнай сістэмай, ні вытворчай неабходнасцю. Такая практыка збору наяўных грошай, відавочна, сведчыць пра недахопы вядзення фінансавай дзейнасці ў некаторых установах адукацыі. Акрамя таго, маладыя спецыялісты, маючы нізкую зарплату, нават пры вялікай сімпатыі да сваёй прафесіі, сутыкнуўшыся з падобнымі паборамі, наўрад ці захочуць заставацца працаваць у такой сістэме. І гэта становіцца агульнадзяржаўнай праблемай, якую ствараюць некаторыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

Усё большы розгалас набывае практыка вядзення будаўніцтва жылых дамоў, якая суправаджаецца некантраляванай высечкай дрэў у паркавых зонах. Думка жыхароў ігнаруецца, асаблівае абурэнне выклікаюць факты, калі забудова вядзецца ў месцах, дзе адбываліся масавыя расстрэлы грамадзян у розныя часы гісторыі. Пра гэта паведамляюць жыхары Гомеля ў сваім запыце на маё імя.

Не магу абысці сваёй увагай і вострае пытанне пра канфіскацыю маёмасці ў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу за нязначныя парушэнні ў дзейнасці, як напрыклад, недакладнае афармленне ТТН і пад.

Я распавяла толькі пра некаторыя запыты. Таму гэты вельмі кароткі агляд дае мінімальнае ўяўленне пра тое, з чым і як сутыкаюцца дэпутаты, і я ў тым ліку, у сваёй сённяшняй дзейнасці. Па некаторых пытаннях, датычных прававога забеспячэння сірот і інвалідаў, удасканалення прадпрымальніцкай дзейнасці маім памочнікам ужо падрыхтаваны і рыхтуюцца прапановы ў адпаведныя законапраекты.

Што засталося за кадрам

У адзначаны перыяд я прымала ўдзел у некалькіх канферэнцыях, а таксама ў паседжаннях круглых сталоў, неаднаразова здымалася ў тэлеперадачах на каналах АНТ, “Беларусь-1”, Белсат, давала інтэрв’ю друкаваным СМІ і на радыё па актуальных пытаннях. Па запрашэннях дыпламатычных місій наведвала афіцыйныя прыёмы.

Што далей

Праблем у нашай адносна маладой незалежнай краіны назбіралася шмат. Таму і працаваць даводзіцца шмат. Радуе, калі людзі падымаюць не толькі асабістыя пытанні, але турбуюцца пра тое, які імідж мае Беларусь, наколькі камфортна нам у ёй жыць, прапануюць спосабы вырашэння важных для краіны пытанняў. Гэта дае надзею на тое, што калі ўладныя структуры будуць чуць запыты людзей і вырашаць іх у інтарэсах грамадзян на падставе закона, то разам мы зможам разгрэбці тыя завалы, якія замінаюць нам пачувацца сапраўднымі гаспадарамі ў сваёй краіне.

Алена Анісім

Каментары

Госць 2017-01-24 11:24:39

Тут ёсць ідэі, якія Алена Анісім магла б агучыць у парламенце :) http://belisrael.info/?p=9261

Госць 2017-01-26 02:57:09

Спадарыня Анісім, я зьяуляюся сталым ахвярадауцам ТБМ, членам ТБМ з 2014 году. У мяне ёсьць прапанова

Госць 2017-01-26 02:59:21

Куды, на які адрас трєба дасылаць сваю прапанову, каб яна стала законам, альбо была прадугледжана Парлямэнтам

Госць 2017-01-26 03:08:43

Зьвяртаюся да Вас, як да прадстауніцы Парлямэнта, Нацыянальнага Сходу і грамадзяніна.

Госць 2017-01-31 17:50:45

Адказ госцю за 26 студзеня: Ёсць афіцыйная пошта Палаты прадстаўнікоў для зваротаў грамадзян letters@house.gov.by Можаце накіраваць прапановы туды з пазнакай "Для дэпутата Палаты прадстаўнікоў А. М. Анісім"


← вярнуцца ў навіны