Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ першага намесніка старшыні Алены Анісім на Радзе ТБМ у нядзелю

2016.11.27 1

Паважаныя сябры!

Завяршаецца яшчэ адзін год нашай дзейнасці. Для кожнай з нашых структурных суполак ён быў розны: адны працавалі па сваім накірунку традыцыйна, хтосьці апрабоўваў новыя формы, іншыя далучаліся да новых ініцыятыў. І мы можам сказаць з упэўненасцю: там, дзе мы працавалі, маем вынік.

Безумоўна, нас не можа задавальняць агульная сітуацыя з рэальным станам беларускай мовай як дзяржаўнай, але, лічу, трэба на гэтыя рэчы глядзець вельмі канкрэтна, з выразным усведамленнем, што і як рабіць далей.

Сёлетні год найперш вызначальны тым, што ўпершыню за многія гады наша арганізацыя брала актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Сябры ТБМ як самастойна, так і ў супрацы з рознымі партыйнымі структурамі вылучалі свае кандыдатуры для абрання дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў.

Мэтай нашага ўдзелу і падчас збору подпісаў, і непасрэдна ў агітацыйнай кампаніі, было публічнае выкарыстанне беларускай мовы. Таму кампанію мы вялі цалкам на беларускай мове: уся вырабленая прадукцыя, выступы на тэлевізіі і на радыё, а таксама непасрэдна перад выбаршчыкамі гучалі на роднай мове.

Як удзельнік ініцыятыўнай групы аднаго з актыўных сяброў нашай арганізацыі, і як удзельнік пікетаў, магу засведчыць наступнае: людзі ў значнай большасці станоўча рэагавалі на беларускую мову, ахвотна ставілі подпісы за нашага маладога вылучэнца. А гэта значыць, што патэнцыял і запатрабаванасць беларускай мовы ў грамадстве ёсць. Такім чынам, першая мэта была ажыццёўлена.

Другой мэтай было, вядома ж, атрыманне дэпутацкіх мандатаў.

На жаль, не ўсе сябры змаглі зарэгістравацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Прычыны гэтага найперш аб’ектыўныя, бо сабраць у летні час за адзін месяц тысячу подпісаў, не маючы значных рэсурсаў і напрацовак, даволі складана. Але хачу адзначыць датычна кіраўніцтва нашай арганізацыі: мы працавалі зладжана і падтрымлівалі адзін аднаго, як і належыць згуртаванай камандзе. Вельмі прыемна адзначыць і той факт, што да нашай працы падключаліся самыя адданыя сябры ТБМ, якія дапамагалі ў зборы подпісаў, арганізацыі і правядзенні пікетаў, а таксама ахвяравалі свае сродкі на правядзенне агітацыйнай кампаніі. І за гэта ім усім я шчыра ўдзячная.

Я лічу, што месца ў парламенце, якое мае ТБМ, - гэта безумоўны поспех усёй арганізацыі і заслуга найперш тых яе сяброў, хто на гэта працаваў і хто шчыра жадае рэальна змяніць сітуацыю з беларускай мовай да лепшага, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці для гэтага.

Другая мэта нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, таксама была дасягнута, хоць мы не можам сказаць, што нас цалкам задавальняе гэты вынік. Тым не менш, сёння, маючы свой голас у Палаце прадстаўнікоў, мы можам і павінны ставіць перад сабой далейшыя мэты.

І першае, на чым, як мне падаецца, трэба сканцэнтраваць нашы намаганні, гэта дамагчыся таго, каб законапраекты рыхтаваліся на дзяржаўнай беларускай мове. Пакуль што яны маюць толькі версію на рускай мове, за выключэннем асобных заканадаўчых актаў. І як паказваюць апошнія падзеі, змяняць гэтую сітуацыю, нягледзячы на нашыя захады, ніхто не збіраецца. Таму нам трэба прадэманстраваць выключную зацікаўленасць, згуртаванасць і настойлівасць у выкананні гэтай задачы.

Паважаныя сябры!

Мы можам спрачацца па многіх пытаннях, крытыкаваць адзін аднаго. Гэта нармальна, калі мы, безумоўна, не пераходзім межаў прыстойнасці і не становімся на бок нашых апанентаў, гуляючы на іх інтарэсы, выклікаючы ў шэрагах арганізацыі раскол.  Думаю, што наспеў час нам зразумець, што сітуацыя вымагае ад нас выключнай сканцэнтраванасці і згуртаванай працы па ўсіх накірунках, далучаючы ўсіх прыхільнікаў і паплечнікаў.

Што датычыць маёй далейшай дзейнасці ў Палаце прадстаўнікоў, то я бачу яе ў тым, каб актыўна прасоўваць беларускую мову і праз гэта павышаць аўтарытэт нашай арганізацыі. У гэтым я чакаю і вашай падтрымкі і дапамогі. Важнай справай таксама лічу стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, таму буду рабіць усё, што магчыма, каб давесці яе да рэальнага ўвасаблення.

За апошнія некалькі гадоў сітуацыя ў свеце і ўнутры нашай краіны моцна змянілася. На першы план для многіх грамадзян краіны ўпершыню ў якасці каштоўнасці паўстала пытанне захавання незалежнасці. І гэта сапраўды так. У той жа час мы з вамі цудоўна разумеем, у адрозненне ад іншых, што ключавое пытанне незалежнасці Беларусі – гэта рэальны статус дзяржаўнасці беларускай мовы. Бо без беларускай мовы наша краіна як самастойны суб’ект міжнароднай палітыкі не здольная захавацца. І мы проста абавязаныя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэтую думку давесці да кожнага грамадзяніна Беларусі. Трэба выкарыстоўваць для гэтага ўсе магчымасці. Маю на ўвазе ў тым ліку і будучыя выбары ў мясцовыя саветы. Ужо сёння можна і трэба нашым актыўным сябрам рыхтавацца да таго, каб браць удзел у гэтай выбарчай кампаніі на ўсіх узроўнях і па ўсіх мясцовасцях. Калі мы хочам вызначаць накірункі развіцця нашай краіны, мы павінны і паводзіць сябе як сапраўдныя гаспадары, прэтэндуючы менавіта на такое месца. Бо ад таго, якой мы хочам бачыць сваю краіну, колькі часу, як і з кім мы гатовы працаваць на гэта, залежыць і вынік нашай працы.

Я лічу, што мы павінны голасна заявіць пра сваё права браць удзел у прыняцці важных рашэнняў датычна развіцця Беларусі і прапаную ўсім сябрам арганізацыі сваю дзейнасць планаваць з улікам гэтай мэты.

 

Каментары

Госць 2016-12-02 03:13:52

Будзьма Верыць :)


← вярнуцца ў навіны