Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выстава ў Вільні да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа

2016.11.23 0

 Выява з сайта adradjency.narod.ru.

Да 10 снежня ў Літаратурным музеі А.С.Пушкіна (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка), у межах заключанага пагаднення аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве, праводзіцца выстава да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа “Свайму часу і вечнасці”.

Пачынаючы з 1906 года жыццё і творчасць Якуба Коласа звязана з сённяшняй сталіцай Літвы, якая была супольным культурным цэнтрам. 1 верасня 1906 года ў газеце “Наша Доля” адбыўся літаратурны дэбют Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Верш “Наш родны край”, напісаны пад уражаннем ад падзей нелегальнага сходу настаўнікаў, быў надрукаваны пад псеўданімам Якуб Колас.

Беспрацоўны настаўнік (звольнены за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе) быў запрошаны ў Вільню, у рэдакцыю "Нашай нівы" ў 1907, дзе з мая па 22 чэрвеня Канстанцін Міхайлавіч загадвае літаратурным аддзелам, нелегальна жыве ў памяшканні рэдакцыі, але па загадзе паліцыі вымушаны пакінуць Вільню (падчас вобыску былі канфіскаваны рукапісы яго рэвалюцыйных вершаў).

1 верасня 1907 г Якуб Колас зноў вяртаецца ў Вільню ўжо з афіцыйным дазволам на права жыхарства і працуе ў рэдакцыі "Нашай нівы". У гэты час піша шэраг вершаў, апавяданняў пад рознымі псеўданімамі: Дзядзька Карусь, Тамаш Булава, К. Альбуцкі, Агарак і інш., якія друкуюцца ў "Нашай ніве".

Сувязь Якуба Коласа з Вільняй не абмяжоўваецца толькі яго кароткачасовым пражываннем у перыяд 1907-1908 гг., калі ён працаваў у рэдакцыі "Нашай нівы”. Пасля вызвалення з турмы 15 верасня 1911 года Якуб Колас зноў наведаў Вільню і "ехаў туды не з пустымі рукамі. Вёз тры сшыткі ў клеёнчатых вокладках. І ўсё з вершамі”.

Лёс Якуба Коласа непарыўна звязана з Літвой. У прыгарадзе Вільні, Павільнюсе, жыла яго будучая жонка Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Яе маці Марыя Цімафееўна Каменская пабудавала ў Віленскай Чыгуначнай Калоніі дом для сваёй дачкі. Менавіта сюды ў 1913 г. у час вясельнага падарожжа прыязджала маладая сям'я. Цешча Якуба Коласа М.Ц. Каменская жыла па вул. Сіроцкай ў доме, які належыў Мельнікавай-Пушкінай. Дом з мансардай захаваўся і да нашых дзён. Тут бываў Якуб Колас.

У Вільні ў чэрвені 1913 адбылася другая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Якуб Колас і Марыя Дзмітрыеўна жылі ў Віленскай Чыгуначнай Калоніі летам 1913-1915 гг. Адсюль паэт хадзіў пешшу ў Вільню да Янкі Купалы ў рэдакцыю "Нашай нівы". Сустракаўся з выдаўцамі, дамаўляўся аб выданні зборніка прозы "Родныя з'явы". Якуб Колас успамінаў, што Янка Купала некалькі разоў наведваў яго ў ваколіцах Вільні, у Чыгуначнай Калоніі.

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дома-музея Якуба Коласа: факсімільнае выданне газеты “Наша доля” з першай публікацыяй паэта, рукапісы лістоў Якуба Коласа да супрацоўнікаў рэдакцыі “Наша ніва”, ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа беларускіх мастакоў Васіля Шаранговіча, Анатоля Волкава, Арлена Кашкурэвіча, Аляксандра Дзямарына, Анатолія Александровіча, Юзэфа Пучынскага, Мікалая Купавы, фатаграфіі паэта перыяду знаходжання ў Вільні, выданні 1920-1940 гг. газеты “Літаратуры і мастацтва”, віленскія выданні твораў паэта розных гадоў, перапіска пісьменнікаў Літвы з Якубам Коласам, асабістыя рэчы з сям'і Каменскіх, друкаваныя выданні, а таксама творы Якуба Коласа ў перакладзе на літоўскую мову з фондаў Літаратурнага музея А.С. Пушкіна.

Адрас музея: г. Вільнюс, вул. Субачаус, 124
Сайт: www.vilniausmuziejai.lt


← вярнуцца ў навіны