Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Віншуем Эрнеста Ялугіна з 80-годдзем!

2016.11.17 0

Віншуем сп. Эрнеста Ялугіна, які 19 лістапада будзе адзначаць свой юбілей, з 80-годдзем! Сп. Эрнест вядомы беларускі пісьменнік, журналіст, аўтар сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў, былы рэдактар газеты "Наша слова", актыўны сябар ТБМ. Шчыра віншуем сп. Эрнеста Ялугіна з днём нараджэння, зычым аптымізму, плёну на ніве беларушчыны, добрага здароўя. Сябра ТБМ Яўген Гучок напісаў зацемку з нагоды юбілея сп. Эрнеста.

Стваральнік жывых твораў

Сёлета, 19 лістапада, пісьменніку, выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў, Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца восемдзесят гадоў. 

Нарадзіўся Эрнест Васільевіч Ялугін у вёсцы (станцыі) Асінаўка Аршанскага раёна (цяпер у складзе Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1954 годзе ў горадзе Крычаве — радзіме бацькоў — служачых, інтэлігентаў, быў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце “Шлях сацыялізма”. З 1957 года па 1960 год працаваў у мсціслаўскай раённай газеце “Калгасная праўда”, потым — у шматтыражцы “За коммунистический труд” (Салігорск). З 1961 года — загадчык аддзела, адказны сакратар газеты “Знамя юности”. У 1962 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1966 года — раз’язны карэспандэнт “Сельскай газеты”, з 1969 года — карэспандэнт газеты “Літаратура і мастацтва”, з 1976 года — супрацоўнік часопіса “Нёман”, з 1978 па 1984 год — намеснік галоўнага рэдактара гэтага ж выдання. З 1991 па 1997 год — галоўны рэдактар газеты “Наша слова”. І дзе б ні працаваў Эрнест Ялугін, ён дзейсна прапагандаваў любоў да беларушчыны.

Цяпер — на пенсіі. Жыве ў Мінску. Чалавек ён — сумленны, справядлівы, добразычлівы, спагадлівы. Сёння цяжка хварэе, у свой час пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы. Пажадаем шаноўнаму Эрнесту Васільевічу хутчэйшага выздараўлення і новых здзяйсненняў на ніве айчыннага прыгожага пісьменства.

На малой радзіме, у вёсцы Асінаўка (цяпер гэта амаль прыгарад горада Дуброўна) імем пісьменніка Эрнеста Ялугіна названа цэнтральная вуліца і завулак. А ўдастоіўся такога гонару Эрнест Васільевіч за годны ўклад у беларускую літаратурную класіку і яе развіццё. 

Хоць яго творчы, як і жыццёвы, шлях не быў усыпаны ружамі, але створана Эрнестам Ялугіным нямала. Гэта раманы “Мсціслаўцаў посах”, “Ідзі і кажы”, “Перад патопам” і інш., аповесць “Без эпітафіі” (пра трагічны лёс Цішкі Гартнага) і інш., нарысы “Салёная планета” і інш., эсэ “Толькі камяні” і інш., драматычны твор “Свечкі на дзяды” і інш., сцэнар дакументальнага фільма “Мсціслаў: звенні часу” і інш. Асабліва адзначыўся творца ў стварэнні кніг гістарычнай тэматыкі. Эрнест Ялугін уласнымі сродкамі і з сяброўскай фінансавай падтрымкай выдаў нядаўна выбранае сваіх твораў у трох тамах. Першы том змяшчае раман “Ідзі і кажы”, які распавядае пра падзеі ў XVI стагоддзі (з экскурсамі ў мінулае і будучае) на тэрыторыі тагачаснай беларуска–літоўскай дзяржавы ВКЛ, а таксама ў Маскоўскім княстве. У другім томе змешчаныя творы, заснаваныя, паводле слоў самога аўтара, на рэальных падзеях (“Свечкі на Дзяды”, “Святло прадоння” і “А потым — Рай”), яны прысвечаныя сучаснасці і не такой ужо далёкай мінуўшчыне. Такая ўжо яго творчая пазіцыя. Трэці том змяшчае зноў жа гістарычны раман “Перад патопам”, які ў многім спалучаны з раманам “Ідзі і кажы”, але ў ім пададзены падзеі другой паловы XVIстагоддзя.
Пра раман першага тома “Ідзі і кажы” неабходна распавесці разгорнута. Гэты раман, як і амаль усе творы Эрнеста Ялугіна, пра Радзіму, каханне, здраду, людзей годных і нягодных, пра адносіны і стасункі паміж імі і многае іншае. Адразу трэба адзначыць, што “Ідзі і кажы” напісаны ў рэчышчы гістарычнай мастацкай прозы, якая вымагае не толькі ўстанаўлення фактаў мінулага, але і яскравага іх адлюстравання. Нашаму аўтару гэта ўдалося. У яго атрымаўся жывы ва ўсіх адносінах твор. Перад намі само жыццё яго герояў і іх эпохі.

Пераканаўча, з даследчыцкай трапнасцю аўтар абмалёўвае характар мсціслаўскага княжыча Фёдара, які пайшоў на здраду сваёй айчыне, збег у Маскоўскае княства да вялікага князя Васілія, за што давялося плаціць дарагую цану яму самому і яго радзіме. Закаханасць княжыча ў пляменніцу маскоўскага князя і аднолькава незадаволенасць сацыяльным становішчам, пакуль што адпушчаным яму дома, не апраўдвае здраду.

Персанаж беларускай міфалогіі Дзіў, прысутнасць якога абзначаецца ў рамане ўжо з першых старонак твора, сцвярджае, што ўсё, і каханне ў тым ліку, у параўнанні з вернасцю радзіме не павінна мець літасці. Радзіма — вышэй за ўсё. Любоў да яе — самае першае і высокае духоўнае пачуццё. Ці ні пра гэта гаворыць ускосна прысутны ў рамане і Францыск Скарына ў сваіх прадмовах да Бібліі: “Понеже от рождения звери, ходящие в пустыні, знают ямы своя; птицы, летающие по воздуху, ведают гнезда своя; пчелы и им подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть в Бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Вось жа пасля перабегу княжыча Фёдара ў Масковію пачасціліся ўварванні маскоўцаў на землі ВКЛ. Тых маскоўцаў добра і трапна ахарактарызаваў народ мсціслаўшчыны, пра што засведчана ў “Слоўніку беларускай мовы” Івана Іванавіча Насовіча: “Не паі маскву, яна і так п’яная, не дуры маскву, яна і так дурная”.

Вядома, што ў Масковіі і ўсе яе жыхары–насельнікі ад самага высокага статуса баярына да апошняга смерда былі халопамі цара. Вось яна — пераемнасць пабудовы, структуры улады Залатой арды і імперыі Чынгізхана. У ВКЛ жа магнатэрыя і шляхта (нават дробная) у пэўнай ступені, у адрозненне ад смердаў, перад вялікім князем і каралём пачувала сябе больш–менш вальготна. Нават прыгнечаны працоўны люд — сяляне і рамеснікі тут былі ў крыху лепшым становішчы, чым той жа люд на ўсходзе. Пра гэта мы даведваемся з вуснаў простых людзей, што зафіксавана ў рамане: “У Вялікім княстве падаткамі народ стрыгуць дагала, а ў Масковіі і ўвогуле скуру абдзіраюць”. Вось жа ў такіх умовах жыве мсціслаўскі падлетак Пятрок (будучы друкар Пётр Мсціславец), каб апынўшыся потым у Маскве, пераканацца ва ўсім гэтым.

Рэльефна, выразна абмаляваная магнатэрыя ВКЛ і Кароны (асабліва ў раздзелах 13 і 14 рамана “Вабнае зіхаценне палацаў” і “Каралеўства забавы”) і гаспадара Масковіі з яго рабскім атачэннем (самадурства, крывадушша, жорсткасць, агрэсіўнасць, подласць, помслівасць, трусасць і інш.). Эрнест Ялугін пераканаўча раскрывае сакрэты, таямніцы і інтрыгі княскага, каралеўскага і царскага двароў–прыходаў .

У кантэксце гістарычнай праўды праглядаецца нешчаслівы лёс Беларусі–Літвы ў рэчышчы супрацьстаяння Азіі і Еўропы. Наша зямля тады была ўсходнім фарпостам Еўропы. Мяжа між Еўропай і Азіяй у тыя часы пралягала па левым беразе Дняпра бліжэй да Масковіі. І вось нашы продкі былі, фігуральна кажучы, між молатам і кавадлам. Не часта ў часы смяротнай небяспекі спяшаўся ім на дапамогу захад. Наадварот, ён быў схільны да адасаблення ВКЛ, каб пасля здзейсніць у яго бок акт інкарпарацыі. І пра гэта можна даведацца з рамана “Ідзі і кажы”. Тут жа падаюцца батальныя сцэны Аршанскай бітвы на Крапівінскім полі і на рацэ Крапіўна.

Ад першай і да апошняй старонкі тэкст рамана “Ідзі і кажы” здольны трымаць чытача ў трывожным напружанні. Але ў той жа час у ім ёсць і жартаўлівыя моманты. Такі раман створаны дзякуючы здзіўляючай энцыклапедычнай эрудыцыі аўтара, глыбокаму веданню чалавечай псіхалогіі, вядома, у бліскучым, непаўторным стылістычным выкананні–афармленні. Яго пяру падуладны і тонкія пейзажныя замалёўкі і трывожна–містычны стан прыроды. Яны ў яго на ўзроўні высокай паэзіі. І таму ствараецца ўражанне, што аўтар не стылізуе, а піша з натуры.

Нельга не сказаць пра кампазіцыйную пабудову рамана, які складаецца з 37 раздзелаў. І што паказальна: кожны раздзел існуе нібыта асобна, самастойна, аўтаномна, а між тым, яны звязаны між сабой і тэматычна, і ідэйна, і сюжэтна, і стылістычна і разам складаюць адзінае цэласнае. Гэта неразрыўнае пано, якое складаюць нібыта самастойныя мазаікі. Як гамераўская “Іліяда” і “Адысея”.

Дарэчы, “Ідзі і кажы”, як і амаль усе творы Эрнеста Ялугіна, не “падпарадкоўваюцца” тэхніцы хуткага чытання. Глыбока напісаны, раман гэты патрабуе ўдумлівага, можа, нават і ўслых чытання, — чытання на ўзроўні мастацкага выканання.

Неабходна адзначыць, што “Ідзі і кажы” стваралася цягам дваццаці гадоў, улічваючы, вядома, што аўтар карпатліва даследаваў розныя летапісы, хронікі, акты, дакументы, паданні і інш.; вывучаў творы айчынных і замежных гісторыкаў, мысліцеляў і пісьменнікаў (больш за сотню адзінак!); творча кантактаваў з гісторыкамі–сучаснікамі М. Ермаловічам, М. Ткачовым, А. Трусавым, К. Тарасавым, М. Чарняўскім, А. Белым, З. Сіцькам, А. Пухоўскім і інш. Неацэнную дапамогу аказваў яму сваімі кансультацыямі наш славуты гісторык Мікалай Мікалаевіч Улашчык. Таму раман, можна лічыць, у пэўнай ступені атрымаўся і дакуменціраваным творам. А адкрываецца том з раманам прадмовай доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча “З гістарычнай дакладнасцю і мастацкай выразнасцю”, у якой прызнаецца бясспрэчная ўдача пісьменніка і выказваецца спадзяванне на прыхільную сустрэчу чытачамі гэтага твора. 

Вялікі Э. Кант калісьці прапаноўваў вырваць з рук моладзі раманы і аповесці, якія не скіроўваюць яе да высокага жыцця. Гэта ні ў якой ступені не тычыцца твораў Эрнеста Ялугіна. Сёння яны неабходны чытачу, асабліва беларускаму патрыёту. Насычаныя бясспрэчнай інфармацыяй шырокага дыяпазону, з’яўляюцца яшчэ, да ўсяго, удзячнай крыніцай для навукоўцаў–даследчыкаў: гісторыкаў, мовазнаўцаў, рэлігіяведаў, псіхолагаў і інш. Як і ва ўсіх яго творах, у рамане “Ідзі і кажы” багата дэтальнага апісання інтэр’ераў і экстэр’ераў палацаў і храмаў, зброі, палявання–забаў, цырымоній магнатэрыі, царкоўных рытуальных прыналежнасцей, адзення, прычосак, рознага начыння, пітва і страў, жытла беднага люду і многага іншага. Дарэчы, “Ідзі і кажы” можа быць і вартым спадарожнікам падручніка па гісторыі Беларусі. 

Няма сумневу, што раман “Ідзі і кажы” нароўні з іншымі творамі Э. Ялугіна — важкі ўнёсак у скарбніцу прыгожага беларускага пісьменства, унёсак, які яе ўзбагачае.

Яўген Гучак, паэт, публіцыст


← вярнуцца ў навіны