Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Віншуем Анатоля Вярцінскага з 85-годдзем!

2016.11.15 0

 Выява з сайта svaboda.org.

Віншуем сп. Анатоля Вярцінскага, які 18 лістапада будзе адзначаць сваё 85-годдзе. Сп. Анатоль вядомы беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, крытык, драматург, актыўны сябар ТБМ. Шчыра віншуем Анатоля Ільіча Вярцінскага з днём нараджэння, зычым добрага здароўя, аптымізму, поспехаў. Сябра ТБМ Марыя Баравік падрыхтавала адмысловае віншаванне.

Дакранальна да мудрасці Вярцінскага

Столькі напісана і пішацца ў творчым свеце рознага і падобнага. Мы, старэйшыя пісьменнікі, як бы і даследвалі думкай пражытае. Але асмелюся сказаць: вельмі прагне душа зрабіць адкрыццё бляскам думкі, прастатой радка, як, напрыклад, у Анатоля Вярцінскага:

Пра месца ў жыцці, як дзеці,

Гадаем, думаем, снім.

Месца маё ў свеце –

Месца ў сэрцы тваім.

Тое, найгалоўнае, што стварае шчасце. Хіба не трапна сказана? І так проста. Ці вось у такім спакойным філасофскім разважальным стылі паэт паказвае, як павінна быць у жыцці:

Чалавек узнімаецца ў гору

Да жаданай вяршыні,

Да запаветнага піку.

Нарэшце ўзняўся.

А на вяршыні, на запаветным піку

Стаіць другі чалавек,

Працягвае руку

І гаворыць:

“Вітаю цябе!

Я твой брат і друг,

Сапраўды верны друг.

Скончылася твая адзінота.

Хто раней узняўся, той падае руку -- дасягнуць вяршыні і быць разам “на запаветным піку”. Ланцуг дружбы, дзе і пачынаецца гармонія чалавечых адносін. “Што значыць сапраўдным другам быць? Любіць!.. Што значыць зямное шчасце здабыць? Любіць!”. Яшчэ, часам, цярпець.

Цярпення прашу я, цярпення!..

Што ўбачыш у гэтай пене –

У гэткай вось каламуці,

У месеве гэтым густым?..

Бачыце: вецер сціхае…

Яна на дно асядзе.

І мы скрозь чысты слой

У люстраной гладзі

Убачым зноў воблік свой.

Цярпенне ж – не бяздзейнасць, гэта якраз напружанне думкі, паскоранае біццё сэрца. Каб не нарабіць шкоды і сабе, і справе, вызначыцца для дзеяння. Тады і ўбачым “адбітак зорак, вечнасці самой”. А ў руках вечнасці – чалавецтва.

Ча-ла-вец-тва! – крыкну я,

І, здаецца, адзавецца

Дальняя будучыня мая…

Чалавецтва будзе жыць…

“Ча-ла-вец-тва”! У слове знакавыя злучкі. Такая выяўна намёклівая, энергічная філасофія разважання паэта Вярцінскага. І, здаецца, ён кажа, што жыццё раскрывае здагадку: не спяшайцеся памыляцца.

Пытальная манера, мастацкі прыём, заклікае думаць. Недзе ў глыбіні кожнага пытання – смутак ад нашай духоўнай цемнаты, адсутнасці высокіх парываў. Але ў сваёй думцы ён упэўнены. Чытаем пра мову:

Будуць адказы – не будзе страчана,

Не знікне, не згіне мова матчына,

Мова бацькоўская, слова роднае –

Мілагучнае, гожае, годнае.

І ставіць паэт крытычныя пытанні, як гляне на моўную мадэрнізацыю:

Іншы час – іншае слова?

“Файна”, “супер”, “клёва”, “крута”…

Што тут прагрэс, а што атрута?

Тут рух наперад, альбо ступар?

Як змагар думкай, словам за волю Айчыны, супраць дурноты і розных прыёмаў зла, ён выяўляе і прымае шчасце “другое – суровае, зімняе, што знаходзіць свой шлях у муках і баях…”. Пра гэта нямала вершаў. Але я спынюся на тым, што кранальная паэтычная філасофія Анатоля Ільіча не разыходзіцца з жыццём. У маім творчым лёсе ён адзіны друг, з думкай якога хочыцца зверыць сваю думку. Хоць рэдка бываем у кароткіх перамовах, але радасна, што ён ёсць.

Анатоль Ільіч адгукальны на покліч і суразмоўны з маёй неспакойнай душой. Я, дакранальна да мудрасці Вярцінскага, раблюся натхнёнай.

Марыя Баравік


← вярнуцца ў навіны