Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Святлана Тоўсцік: Як мы стваралі белмоўную групу ў дзіцячым садку

2016.10.21 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Гэта адбылося дзякуючы намаганням нашага актыўнага таты Віталія Абакановіча, які праявіў настойлівасць, упартасць, цвёрдасць і рашучасць у сваіх дзеяннях. І, вядома ж, дзякуючы ў першую чаргу падтрымцы грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) і яго старшыні Алега Трусава, які даваў слушныя парады і падказваў, як трэба рабіць. Але ўсё па парадку.

Мы звярнуліся (загадзя, за года паўтара) спачатку ў аддзел адукацыі і спорту Савецкага раёна з просьбай аб стварэнні беларускамоўнай групы, дзе нам адказалі не адразу. Таму давялося звяртацца да іх часцей і чакаць вырашэння пытання. Прычым не толькі вусна, але і абавязкова ў пісьмовай форме.

Нам прапаноўвалі даўно і добра вядомы садок № 314, але мы жывём у Зялёным Лузе, і нам далёка дабірацца.

Нам сказалі, што, каб адкрыць групу, трэба набраць 20 чалавек. А гэта ж практычна немагчыма! І мяне ахапіў сум і адчай, нявер’е ў справу.

Але Віталій не здаваўся, а толькі дзейнічаў. Ён вырашыў размясціць аб’явы ўсюды: у газетах “Наша ніва”, “Наша слова” і інш., у краме, у “Галерэе Ў”, у Фэйсбуку, у спартыўным цэнтры (дарэчы, на гэта трэба было браць спецыяльны дазвол). І адразу адгукнулася 5--6 чалавек, што было ўжо паловай поспеху. Ды і сярод нашых знаёмых знайшліся ахвотныя, дзякуй Богу.

Да адкрыцця групы заставалася не так ужо і шмат часу. Потым Віталь выступіў на курсах “Мова нанова”. Бо, зразумела, адзін у полі не воін.

Пасля ўжо трэба было самім выбраць садок у нашым раёне, і Віталь, пахадзіўшы і паразмаўляўшы з загадчыцамі, прыпыніўся на адным, хоць і трошку далёкім ад дома, пад № 356. І ўжо аддзел адукацыі сам прапаноўваў усім жадаючым бацькам запісвацца ў групу.

І вось, нарэшце, доўгачаканы момант: нам паведамляюць аб стварэнні групы… Мы з заміраннем усё лета чакаем, хто ж будзе выхавальніцай. А ў верасні мы прыйшлі ў садок і былі рады пабачыць дзвюх выхавальніц і дзетак.

 Дзякуй усім нераўнадушным, хто адгукнуўся на прапанову.

 


← вярнуцца ў навіны