Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Смак лістапада. Канцэртная праграма Алеся Камоцкага

2016.10.20 0

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 31 кастрычніка ў 19:00 аўтар і выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі разам са сваімі музыкантамі прэзентуе новую канцэртную праграму  «Смак лістапада». Упершыню вядомы беларускі бард цалкам выканае свой «ірландскі цыкл»: пераклады ірландскіх народных балад, над якімі музыкант працаваў некалькі апошніх гадоў.

«Смак лістапада» – гэта абсалютна новы Алесь Камоцкі. У сваіх баладах ён выходзіць далёка за межы бардаўскай песні, ствараючы новую музычную і сэнсавую, вельмі асабістую і ў нечым нават інтымную, прастору. Ірландскі цыкл Алеся Камоцкага – гэта шчырыя філасофскія гісторыі, разважанні сталага мудрага чалавека пра любоў і адзіноту, выбар і лёс, мары і ўзрост, смерць і жыццё. Акрамя перакладаў балад на канцэрце прагучыць шмат вядомых і любімых публікай песень пераважна ў рытмах боса-новы.

*****
Алесь Камоцкі – аўтар першага ў гісторыі беларускай бардаўскай песні альбома, паэт, філосаф, кампазітар і выканаўца. Нарадзіўся 9 чэрвеня 1958 года ў Барысаве. У 1986 годзе скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сярэдзіне 80-х выступаў у якасці саксафаніста ў складзе групы «Блізняты», пазней – «Zartipo». У другой палове 80-х пачаў выступаць як выканаўца ўласных беларускамоўных песень і песень на вершы вядомых паэтаў. У сярэдзіне 1990-х разам з Багданам Сіманенкам стварыў фестываль «Бардаўская восень», якім займаўся на працягу 15 гадоў. На творчым рахунку аўтара – больш за дзясятак паэтычных зборнікаў, 15 музычных альбомаў, шматлікія супольныя праекты і дзясяткі аўтарскіх канцэртных праграм.

Нумары для набыцця квіткоў 37529 862 34 23


← вярнуцца ў навіны