Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Вечар да 85-годдзя з дня нараджэння Ніла Гілевіча

2016.10.02 1

 Выява адсюль.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 4 кастрычніка 2016 года ў 18.30 адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Край маіх дум запаветных…, прымеркаванае да 85-годдзя з дня нараджэння Ніла Гілевіча.

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Амаль за шэсцьдзесят год жыцця ў літаратуры народнаму паэту Беларусі ні разу не здрадзіла муза паэзіі. Ніл Гілевіч спраўдзіў сябе як творца-паэт, літаратар, крытык, перакладчык, фалькларыст, удумлівы даследчык таямніц народных скарбаў, сапраўдны настаўнік.

Невыпадкова Васіль Быкаў назваў Ніла Гілевіча “адным з самых выдатных майстроў сучаснай беларускай літаратуры” і адзначыў: Можна толькі здзіўляцца разнастайнасці і плённасці ім здзейсненнага ў розных жанрах, што ўвасобілася ў паўсотні надрукаваных тамоў, але самыя большыя яго дасягненні ўсё ж бачацца ў галіне паэзіі…. Пяцьдзесят тамоў, пра якія гаварыў Васіль Быкаў , не гіпербала. Зроблена Нілам Сымонавічам у розных відах і жанрах літаратурнай і навуковай творчасці сапраўды надзвычай многа. Але не колькасцю вывяраецца здзейсненае аўтарам, а талентам, мастацкім узроўнем, глыбіннай нацыянальнай сутнасцю, духоўнай напоўненасцю, вывяраецца прасветлай любоўю да роднай мовы.

У мерапрыемстве возьмуць удзел: родныя творцы, яго сябры, прыхільнікі творчасці.

Выступяць: Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Мікола Гіль, Зміцер Дашкевіч, Міхась Скобла, Вячаслаў Рагойша, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч. Праспявае на вершы Ніла Гілевіча Таццяна Грыневіч. (Праграма ўдакладняецца)

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а).

Кантактны тэлефон: 334-56-21.

Куратар мерапрыемства: малодшы навуковы супрацоўнік Алена Канапацкая.

Каментары

Госць 2016-10-11 16:01:39

Вечарына адбылася вельмі змястоўнай і прыемнай. Маленькі зал музея быў перапоўнены. Прыйшло шмат людзей, як казалі арганізатары, столькі не чакалі. Кранальныя словы прамоўцаў, выступленне спявачкі і хора - усё гэта было ад душы і з вялікай любўю і пашанай да Ніла Сымонавіча Гілевіча. Толькі не пакідала шчымлівае адчуванне незваротнай страты. Але так і павінна было быць, на маю думку. .


← вярнуцца ў навіны