Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Анісім прыняла ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Грамадскі ўдзел у мадэрнізацыі вышэйшай школы"

2016.09.27 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

У Мінску 23-24 верасня прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Грамадскі ўдзел у мадэрнізацыі вышэйшай школы: роля грамадзянскай супольнасці ў імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі".

Арганізатары канферэнцыі: Грамадскі Балонскі камітэт/Беларусь, Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы/Літва, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства /Беларусь, Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”/Беларусь, Навукова-даследчая ўстанова “Аналітычная група ЦЕТ”/Беларусь. Партнёр канферэнцыі – Офіс па правах людзей з інваліднасцю/Беларусь, генеральны інфармацыйны партнёр – Журнал/ journalby.com. У форуме прымалі ўдзел Андрэа Віктарын, кіраўнік Дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь, Ян Садлак, прэзідэнт Абсерваторыі акадэмічнага рэйтынгу і якасці IREG (Францыя), намеснікі Міністраў адукацыі Украіны і Грузіі, прадстаўнікі Азербайджана і Арменіі.

У канферэнцыі брала ўдзел першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Тэкст яе выступу прапануем вашай увазе.

Моўная палітыка ў вышэйшай адукацыі.

Алена Анісім,

першы намеснік старшыні ТБМ

Мінск

Моўная палітыка з’яўляецца складовай часткай агульнай дзяржаўнай палітыкі. Палітычныя прыярытэты эліты ў моўнай сферы вызначаюць сутнасць самой дзяржавы. Пра гэтую ўзаемаабумоўленасць беларускі філосаф В.Акудовіч выказаўся так: “Палітыка, як форма ўлады – гэта перадусім мова”.

На самым пачатку дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі напрыканцы ХХ ст. моўнаму пытанню надавалася вялікая ўвага. Так, прыняты яшчэ ў БССР “Закон аб мовах” прадугледжваў поўны пераход усіх сфераў грамадскага жыцця на беларускую мову на працягу 10 гадоў. Важнай часткай моўнай палітыкі было пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў сістэме адукацыі ў цэлым і ў сферы вышэйшай адукацыі ў прыватнасці. Аднак перыяд тагачаснай беларусізацыі аказаўся занадта кароткім. Абвешчанае ў выніку рэферэндума 1995 г. дзвюхмоўе на справе аказалася дзяржаўным аднамоўем з ігнараваннем дзяржаўнасці беларускай мовы.

У выніку так і не была створана сістэма адукацыі на беларускай мове ў ВНУ, нягледзячы на яе запатрабаванасць у грамадстве: за адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання падпісалася на той час больш як 50 тысяч грамадзян.

Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ўвесь час надавала вялікую ўвагу таму, каб у сферы вышэйшай адукацыі беларуская мова займала належнае месца. Але максімум, чаго можна было дамагчыся, гэта выкладанне асобнай дысцыпліны “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” (“Беларуская мова. Афіцыйна-справавы стыль). Трэба адзначыць, што і гэты курс увесь час карэктаваўся на прадмет змяншэння аб’ёму і гадзін на яго выкладанне. Таму наша арганізацыя пастаянна займалася маніторынгам гэтай сітуацыі, дасылаючы адпаведныя лісты непасрэдна ў навучальныя ўстановы, а таксама ў Міністэрства адукацыі. Наша трывога была выклікана тым фактам, што пасля атрымання дыплома беларускай ВНУ выпускнікі не маглі ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на дзяржаўнай беларускай мове па прычыне слабога валодання. А гэта прама супярэчыць заканадаўству, якое патрабуе ад любога службоўца валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ў поўным аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў. У выніку такой моўнай палітыкі наша грамадства прыйшло да стану, які не можа не выклікаць трывогу: размытая нацыянальная самаідэнтыфікацыя як значнай часткі грамадства ў цэлым, так і палітычнай эліты ў прыватнасці. А гэта ўжо ставіць пад пагрозу існаванне незалежнай краіны Беларусь.

Якім бачыцца выйсце з такой сітуацыі?

Пэўныя перспектывы дае, на нашу думку, далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу. Наша грамадскае аб’яднанне бачыць на сёння, як адзін з неабходных крокаў, магчымасць заснаваць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання як установы новага тыпу, у якой будуць улічаны выклікі новага часу, а таксама вопыт трансфармацыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў суседніх краінах. Такі ўніверсітэт павінен стаць установай для падрыхтоўкі нацыянальна арыентаванай палітычнай і інтэлектуальнай эліты краіны. Пэўныя захады для гэтага ўжо зроблены: створаны аргкамітэт з удзелам прадстаўнікоў многіх грамадскіх арганізацый (Еўрабеларусь, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіум, Грамадскі Балонскі камітэт і інш.), якія маюць досвед працы ў сістэме вышэйшай адукацыі і ў сферы нефармальнай адукацыі. Працы наперадзе шмат. Аднак час і сітуацыя вымагаюць таго, каб накіраваць намаганні для змянення моўнай палітыкі з мэтай вяртання беларускай мове – мове тытульнай нацыі краіны – яе рэальнага статусу дзяржаўнай. Як зазначае член-карэспандэнт НАН Беларусі А.А.Лукашанец: “Менавіта фарміраванне культуры моўных адносін і моўнай адукацыі, прававой граматнасці насельніцтва ў сферы моўнага жыцця,... высокай адказнасці і карэктнасці дзяржаўных органаў і дзяржаўных служачых за выкананнем моўнага заканадаўства павінна стаць адным з прыярытэтаў дзяржаўнай ідэалогіі на наступным этапе развіцця і паглыблення беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў такім выпадку Беларусь зможа захаваць сваё нацыянальнае аблічча і прэтэндаваць на дастойнае месца ў сусветнай супольнасці”.


← вярнуцца ў навіны