Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Нялёгкая перамога ТБМ

2016.09.21 0

 Выява з сайта bel.sputnik.by.

У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзеючай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з’яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.

Кожная значная падзея ў жыцці краіны выклікае актыўнае абмеркаванне і спрэчкі ў грамадстве. Перамога спн. Анісім не стала выключэннем. Хтосьці ўзняў пытанне аб выпадковасці яе перамогі, нехта назваў яе дэпутатам у "вышыванцы", якая будзе элементам парламенцкага "дэкору", і не больш за тое, іншыя віншуюць спн. Алену і даюць ёй дэпутацкія наказы. Такія супярэчлівыя погляды і рэакцыі азначаюць, што людзі ўсхваляваныя нашай перамогай і нейкім чынам гэтая падзея іх закранула.

А перамога спн. Анісім не адбылася б без добрай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.

Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з’яўляецца каардынатарам Рады Кангрэса). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з’яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.

Да ініцыятывы далучыліся і іншыя сябры ТБМ. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня мінскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябра Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех.

Цяпер больш падрабязна пра маю перадвыбарную кампанію. У ліпені 2016 года разам з сябрамі ініцыятыўнай групы я пачаў збор подпісаў у 96-ай Чкалаўскай акрузе г. Мінска. З 38 зарэгістраваных сяброў ініцыятыўнай групы каля паловы сяброў з розных прычынаў подпісы не сабралі. Наталля Качаноўская і Святлана Тоўсцік былі самымі актыўнымі і сабралі большую частку подпісаў за маё вылучэнне. Разам з сябрамі ініцыятыўнай групы мы праводзілі па некалькі разоў на тыдзень пікеты, дзе я прысутнічаў сам і актыўна кантактаваў з жыхарамі 96-ай акругі г. Мінска.

У маёй акрузе размешчана шмат студэнцкіх інтэрнатаў, але ў ліпені студэнты, вядома, у горадзе адсутнічалі. Многія грамадзяне працоўнага ўзросту былі ў адпачынках за мяжой горада, а пенсіянеры - на сваіх лецішчах. А тыя жыхары акругі, якія засталіся ў Мінску, альбо баяліся ставіць подпісы, бо ім раілі падпісвацца толькі за праўладную кандыдатку, альбо казалі, што на выбары не пойдуць і таму не бачылі сэнсу ставіць подпіс. Былі і такія, што з павагі да мяне подпісы ставілі, але заяўлялі, што на выбары не пойдуць. Здаралася і так, што нямала жыхароў выбарчай акругі вельмі хацелі мяне падтрымаць, але высвятлялася, што зарэгістраваныя яны не ў 96-ай акрузе. У выніку, пасля правядзення шматлікіх пікетаў і гутарак з жыхарамі раёна сабраць тысячу подпісаў мы так і не змаглі. У суседняй акрузе, дзе вылучаўся Аляксандр Давідовіч, адбылася такая самая сітуацыя.

Але пікеты паказалі, што многія вельмі прыхільна ставяцца да беларускай мовы і з ахвотай бяруць пачытаць газету нашай арганізацыі “Наша слова”. Я ўжо тады зразумеў, што выбары ў маёй акрузе не адбудуцца і трэба працаваць у першую чаргу са студэнтамі, бо яны будуць вымушаныя пайсці на выбары, і з пенсіянерамі, якія больш актыўна ходзяць на выбары. Каб не спыняць удзелу ў выбарах, я быў вылучаны ад партыі БСДП (Грамада), сябрам якой з’яўляюся з яе заснавання (акрамя мяне больш ніхто ад партыі ў Мінску не вылучаўся), і быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

У маёй акрузе разам са мной было 7 кандыдатаў, але перадвыбарную кампанію праводзіла толькі трое. Астатнія былі статыстамі, у тым ліку прадстаўнік АГП сп. Сяргей Скрабец і прадстаўнік БНФ сп. Мікіта Наглін, які нават не пражывае ў Мінску. Узнікае пытанне да кіраўнікоў вышэйназваных партый: “Спадарства, вы даўно ведалі, што я буду вылучацца ў акрузе № 96, але з якой мэтай накіравалі сюды сваіх прадстаўнікоў, якія нават не праводзілі кампанію і (пры ўмове сапраўдных выбараў) змяншалі шанцы перамогі любога непраўладнага кандыдата, у той час, як выбар альтэрнатыўных акруг быў шырокі?”

Пасля рэгістрацыі я і мае давераныя асобы пачалі актыўную працу сярод выбаршчыкаў. Асаблівая ўвага была накіраваная на інфармацыйную кампанію, мэтай якой было азнаёміць людзей з маёй выбарчай праграмай. І гэта нам удалося. Улёткі з маёй праграмай развешваліся на ўсіх пад’ездах акругі, на ўсіх інфармацыйных стэндах і нават у краме. Праграма была надрукаваная ў газеце “Звязда”, агучана на дзяржаўным радыё і двойчы на беларускім тэлебачанні. Прычым нідзе я не заклікаў ісці на выбары 11 верасня, але прапаноўваў праграму тым, хто хоча ці мусіць прыняць у выбарах удзел. Самае галоўнае, што дзякуючы маёй даверанай асобе Івану Лабачову, на усіх 28 выбарчых участках 96-ай акругі было па 2 назіральнікі, якія выканалі сваю работу бездакорна.

Маёй галоўнай задачай было прыняць на сябе асноўны ўдар сістэмы, каб аслабіць ціск на спн. Анісім, якая паспяхова сабрала подпісы на сваёй радзіме ў Стаўбцоўскім раёне і ў суседнім – Нясвіжскім. Нягледзячы на занятасць, мы актыўна ёй дапамагалі і бралі ўдзел у яе пікетах у Стоўбцах, Гарадзеі і Нясвіжы. Я таксама ўвесь час сустракаўся з выбаршчыкамі і вельмі ўдзячны ім за падтрымку маёй праграмы і актыўнага яе абмеркавання.

А калі ўжо прыйшоў час датэрміновага галасавання і непасрэдна 11 верасня, то ўвесь адміністрацыйны рэсурс быў накіраваны на тое, каб выбары адбыліся. Але нават нягледзячы на шматлікія парушэнні падчас датэрміновага галасавання, 11 верасня 2016 года ў 14.00 у маёй акрузе яўкі выбаршчыкаў не было. І тады ўлада праявіла сябе без усялякіх цырымоній. Маіх назіральнікаў выдалялі з выбарчых участкаў, каб любой цаной абвясціць, што выбары адбыліся. Але здолелі “зрабіць” яўку толькі 52-53%.

Мне намалявалі чацвёртае месца, а другое далі чалавеку, які нават не ўдзельнічаў у тэледэбатах і не зрабіў ніводнай улёткі са сваёй праграмай (я не ведаю, ці была яна ў яго ўвогуле). Толькі ў маім універсітэце, дзякуючы каласальнай падтрымцы студэнтаў і выкладчыкаў, я атрымаў “ганаровае” другое месца.

На некаторых участках мне “давалі” 20-30 галасоў з двух-трох тысяч выбаршчыкаў. Самае цікавае, калі я 11 верасня наведваў выбарчыя ўчасткі, некаторыя людзі, якія ішлі на выбары ці адтуль, падыходзілі, віталіся і казалі, што галасавалі за мяне. Некаторыя студэнты прынцыпова не пайшлі на датэрміновае галасаванне і засталіся ў нядзелю ў Мінску, каб прагаласаваць за мяне менавіта ў дзень выбараў.

Калі 12 верасня ўсе даведаліся пра вынікі, шмат хто з маіх прыхільнікаў засмуціўся, але калі я ім паведаміў, што прадстаўнік ТБМ ужо ў парламенце, а мы выконваем ролю “трохсот спартанцаў”, каб адцягнуць увагу ад акругі спн. Анісім, людзі ўсцешыліся і адзначалі нашу перамогу. І ўсё ж нават паводле лічбаў улады, “спартанцаў”, маіх прыхільнікаў было не 300, а ажно 1489! Некаторыя партыі і такая колькасць грамадзян не падтрымала.

Але гэтая перамога паказала і на хібы ў дзейнасці ТБМ. Кіраўніцтва Кастрычніцкай арганізацыі ТБМ г. Мінска, якое на словах мяне падтрымлівала, на справе катэгарычна адмовілася ўвайсці ў маю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў (а, магчыма, некаторыя з іх нават пашкадавалі і ўласнага подпісу).

Тая ж сітуацыя адбылася і ў акрузе спн. Анісім. Пасля смерці двух кіраўнікоў Стаўбцоўскай арганізацыі ТБМ, якая ў лепшыя часы налічвала больш за 400 сяброў, яна распалася, і ўлады яе знялі з уліку. У Нясвіжы справы былі яшчэ горшыя. Суполка на паперы ёсць, яна зарэгістраваная, але яе сябры выступілі супраць вылучэння спн. Анісім, не падтрымалі яе і, магчыма, галасавалі за іншую кандыдатуру. “Схаваўся ў бульбу” і кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі ТБМ сп. Мікалай Курыльчык. Некаторыя сябры Рады ТБМ самі прапанавалі дапамагчы са зборам подпісаў мне і спн. Анісім, але ніводнага подпісу так і не сабралі. Узнікае пытанне, чаму яны самі выказалі такое жаданне? А можа іх нехта ласкава запрасіў так зрабіць, каб мы тыя подпісы так і не сабралі?

На чарговай радзе ТБМ мы абмяркуем выбарчую кампанію падрабязна і зробім з гэтага адпаведныя высновы.

Старшыня ТБМ

Алег Трусаў

Save


← вярнуцца ў навіны