Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Інтэрв'ю Алега Трусава з нагоды прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце ў 1990 годзе

2016.07.28 0

 Выява з сайта svaboda.org.

Роўна 26 гадоў таму, 27 ліпеня 1990 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце. Расказаць, як гэта адбывалася 26 гадоў таму і навошта тую Дэкларацыю прымалі, ці усім незалежнасць Беларусі была даспадобы і што ёй пагражае сёння, у студыю Еўрарадыё прыйшоў дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

10 лепшых цытат з размовы:

— Значная частка дэпутатаў ніякай Дэкларацыі прымаць не хацела, але калі 10 з 15 Саюзных Рэспублік такія Дэкларацыі прынялі, то мусілі нешта прымаць. Спрачаліся за кожную кропку і коску. Але ніхто з камуністаў ў парламенце не верыў, што гэта калі-небудзь будзе рэалізавана.

— Я за Дэкларацыю не галасаваў: мы (дэпутаты ад БНФ) залу пакінулі — з-за нязгоды, што ў дакумент уключылі пункт абавязкова падпісаць новую саюзную дамову з Расіяй. І тады назло нам камуністы гэтую Дэкларацыю прынялі. І вельмі радаваліся.

— Прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце дало нам магчымасць праз год ператварыць яе з паперкі ў рэальны дакумент: 25 жніўня 1991 года ёй надалі вагу часовай Канстытуцыі.

— Будаваць незалежную краіну пачалі 25 жніўня 1991 года. Потым у верасні быў прыняты новы герб, новы сцяг, новая назва і працэс пайшоў. А потым былі Віскулі.

— Інстытут прэзідэнцтва незалежнасць умацоўвае. Але пасля Украіны стала зразумела, што адзін чалавек — не герой і абараніць незалежнасць краіны не зможа, нават калі захоча. Абараніць незалежнасць можа толькі народ.

— Тое, што 27 ліпеня перастала лічыцца дзяржаўным святам, мяне не крыўдзіць. Бо я не лічу гэтую дату роўнай даце 25 сакавіка ці 25 жніўня. Гэта кропка адліку, і ў календары яна павінна быць пазначаная. Але рабіць з яе самае вялікае свята я не стаў бы.

— Пішу цяпер падручнік “Гісторыя Еўропы эпохі сярэднявечча з беларускага гледзішча” і магу вам дакладна сказаць, вытокі нашай незалежнасці і нашай нацыі — у ХІІ стагоддзі.

— Улада баіцца выхадаў людзей на вуліцу пад любымі сцягамі. Паглядзіце: мы афіцыйна святкуем 7 лістапада, але дэманстрацыі забароненыя. Бо калі людзей на вуліцы выйдзе шмат, уладзе канец.

— Не такі мы ўжо і сатэліт Расіі, як некаму падаецца. Мы, калі трэба, можам зубы паказаць. Ніхто так не абводзіў Расію вакол пальца, як наша кіраўніцтва. Як гісторык, я ў захапленні ад нашага кіраўніцтва.

— Для мяне лепш Лукашэнка, чым Кебіч. Калі б выбралі Кебіча, то ён здаў бы нас у Расію разам са сцягам, гербам і мовай. А Лукашэнка не здаў, бо для яго незалежнасць — гэта ён сам.


← вярнуцца ў навіны