Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Памёр сп. Міхась Шавыркін

2016.07.06 0

 Выява з сайта lit-bel.org.

Памёр актыўны рупліўца беларускай справы, журналіст, аўтар пазнавальных кніг для дзяцей, рэдактар часопіса "Роднае слова" (з 1987 г. па 2006 г.) Міхась Мікалаевіч Шавыркін.

На працягу амаль дваццаці гадоў (з 1987 да 2006 года) Міхась Шавыркін узначальваў часопіс "Роднае слова", аб'ядноўваючы вакол выдання найлепшыя творчыя сілы Беларусі — што дазволіла стварыць выданне найвышэйшага прафесійнага ўзроўню. Кожны выпуск "Роднага слова" стаўся міні-энцыклапедыяй, найпершым дапаможнікам не толькі беларускім настаўнікам, але ўсім, хто цікавіўся пытаннямі культуры, гісторыі, літаратуры Беларусі.

Гэта быў чалавек, які вельмі любіў спяваць і ведаў безліч беларускіх песень. Яго захапленне займела шматгадовую прапіску ў газеце "Звязда", дзе Міхась Шавыркін на працягу доўгага часу вёў песенную рубрыку — падаючы для чытачоў тэкст, ноты песні, а таксама гісторыю яе стварэння, расповед пра стваральнікаў у выпадку, калі гэта была аўтарская песня.

У апошнія гады ў выдавецкім доме "Звязда" выйшаў і шэраг прыродазнаўчых кніг для дзяцей, а ў "Мастацкай літаратуры" у суаўтарстве з мастаком Уладзімірам Сулкоўскім — шэраг кніжак-карцінак для дзяцей пра беларускіх пісьменнікаў-класікаў.

Міхась Шавыркін — чалавек, які гуртаваў вакол сябе людзей і аб'ядноўваў — дзеля служэння Беларусі.

bel.sputnik.by


← вярнуцца ў навіны