Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

Віктарына Баранавіцкай арганізацыі ТБМ да 220-годдзя Яна Чачота

2016.06.10 1

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Ян Чачот – адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, першая зорка на небасхіле нашага нацыянальнага адраджэння. Яшчэ у 1855 годзе славуты Уладзіслаў Сыракомля казаў, што яму вядомы толькі два беларускія пісьменнікі: “Адзін з іх быў незабыўнай памяці Ян Чачот, другі – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”. Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч называў яго імя ў шэрагу першых “будзіцеляў” нацыі.

Значэнне асобы Яна Чачота для Беларусі цяжка пераацаніць. Ужо на самым пачатку свайго творчасці ён звярнуўся да беларускай мовы, увёў яе ў літаратурны ўжытак : пісаў вершы, песні, паэтычныя сцэнкі, збіраў і выдаваў зборнікі народных песен і іншых жанраў фальклору. Сваёю дзейнасцю ён паказваў, якія неацэнныя культурныя скарбы мае беларускі народ.

Без перабольшвання, Ян Чачот – наш зямляк, бо многія мясціны баранавіцкай зямлі звязаны з яго жыццём і творчасцю. Баранавіцкае аддзяленне Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны запрашае жыхароў нашага горада і раёна прыняць удзел у віктарыне, прысвечанай 220-годдзю з дня нараджэння Яна Чачота. Прапануем адказаць на наступныя пытанні:

1.​ Дзе і калі нарадзіўся Ян Чачот? Дзе ён быў ахрышчаны?

2.​ У якіх навучальных установах вучыўся Ян Чачот?

3.​ Назавіце імя аднакласніка і сябра Яна Чачота па дамініканскай школе, што ў будучым праславіў сваё імя не толькі на радзіме, але і ў свеце.

4.​ У працы якой тайнай студэнцкай арганізацыі актыўна ўдзельнічаў Ян Чачот? Якім аддзелам згуртавання ён кіраваў?

5.​ Якія наступствы для Яна Чачота меў удзел у Таварыстве філарэтаў?

6. Дзе ў Баранавіцкім раёне знаходзіцца помнік прыроды камень Філарэтаў, чаму ён мае такую назву?

7.​ Назавіце літаратурныя жанры, у якіх праявіліся паэтычныя здольнасці Яна Чачота?

8.​ Якія балады Яна Чачота зместам звязаны з баранавіцкім краем? Чаму сябры называлі паэта Ян з Мышы?

9. Якія яшчэ мясціны Баранавіцкага раёна непасрэдна звязаны з жыццём Яна Чачота?

10. Як ушанавана імя Яна Чачота на баранавіцкай зямлі?

11. Як называецца паэтычны твор Яна Чачота пра гістарычнае мінулае Беларусі, пра часы Вялікага княства Літоўскага? Каму прысвяціў ён гэты твор?

12.​ Якія напрамкі дзейнасці Яна Чачота садзейнічалі захаванню і развіццю культурных скарбаў беларускага народа?

13.​ Пра які дар гаворыцца ў вершы Яна Чачота:

…Я з сэрцам удзячным дар шчодры во гэты

Кладу перад вамі мрою:

Калі і да вас блісне промень асветы,

Вы возьмеце дар мой з сабою…

і каму прызначаўся гэты дар?

14.​ У якой працы Яна Чачота выказваецца шкадаванне, што “…мова даўніх жыхароў нашага кутка гіне і з часм зусім можа загінуць”?

Адказы на пытанні можна дасылаць да 05.07.2016г. па адрасе: г. Баранавічы, Брэсцкай вобл., вул.Наканечнікава 35/2-3,

альбо на эл.пошту: uberales93@gmail.com

альбо у рэдакцыю газеты.

Вынікі віктарыны будуць падведзены на імпрэзе ў гонар Яна Чачота, месца і час правядзення удакладняюцца.

Каментары

Госць 2016-07-26 20:21:01

Калі і дзе адбудзецца гэтая імпрэза?


← вярнуцца ў навіны