Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Заява сяброў ТБМ "Беларускую мову ў беларускі парламент"

2016.05.17 1

  Выява мае ілюстрацыйны характар.

Сябры і аднадумцы, шчырыя прыхільнікі беларускай мовы!

У нашай краіне склалася сітуацыя, неспрыяльная для функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця.

Насуперак Канстытуцыі, якая абвяшчае роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, дзейнае заканадаўства і асабліва Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ёй пярэчаць і істотна абмяжоўваюць правы беларускамоўных грамадзян краіны, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі, якія перадусім працуюць на рускай мове.

Мы абвяшчаем аб стварэнні агульнай каманды беларускіх патрыётаў, кандыдатаў у дэпутаты, якія прымуць удзел у сёлетняй выбарчай парламенцкай кампаніі. Мы праводзім сваю кампанію на беларускай мове і выступаем за тое, каб новы склад беларускага парламента працаваў па-беларуску, прымаў на дзяржаўнай беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, а таксама ўнёс неабходныя змены ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыняў Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

Мы выступаем за тое, каб Палата прадстаўнікоў была рэарганізавана ў аднапалатны парламент са спрадвечнай беларускай назвай Сойм. Мы лічым, што дэпутаты будучага парламента павінны атрымліваць заробак у памеры, роўным сярэдняму заробку па краіне, а таксама адпаведную пенсію. Тады яны будуць працаваць не толькі за грошы, але і за нацыянальную ідэю.

Мэта нашай ініцыятывы - аб'яднаць на вышэйзгаданых прынцыпах тых грамадзян краіны, хто гатовы вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты парламента, або ўвайсці ў іх ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, пазней стаць даверанымі асобам, ці ўвайсці ў склад выбарчых камісій рознага ўзроўню або быць назіральнікамі.

З мэтай аб'яднання ўсіх беларускіх патрыётаў мы прапануем правесці агульны сход усіх зарэгістраваных кандыдатаў, на якім выпрацаваць агульныя патрабаванні, звязаныя з паляпшэннем узроўню жыцця ўсіх грамадзян Беларусі.

14 мая (траўня) 2016 г.

Каментары

Госць 2016-06-17 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны