Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Віншуем з юбілеем спадарыню Алу Нароўскую!

2016.05.20 0

Віншуем спадарыню Алу Нароўскую, якая 20 траўня будзе адзначаць свой юбілей. Спадарыня Ала вядомы беларускі этнолаг і мастацтвазнаўца, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў і некалькіх манаграфій, актыўны сябар ТБМ.

Навуковыя зацікаўленасці Алы Мікалаеўны звязаны з вывучэннем праблем сучаснай музеялогіі, сусветных тэндэнцый ў галіне праектавання музейных выстаў і экспазіцый, этналогіі і этнаграфіі Беларусі. У 1989 г. яна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Агульныя і лакальныя асаблівасці беларускага народнага жылля (канец ХІХ – пачатак ХХ ст.)”. У 2015 г. выходзіць фундаментальная праца “Інтэр’ер традыцыйнага народнага жылля” (Нарысы гісторыі і культуры Беларусі. – Мінск: Беларуская навука, Т. 3).

З 1999 г. Ала Мікалаеўна працуе на кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе выкладае курсы “Ахова гісторыка–культурнай спадчыны”, “Навукова–экспазіцыйная дзейнасць музея”, “Менеджмент музейнай справы”, “Этнаграфія і этналогія Беларусі” і інш.

Навуковую і педагагічную работу Ала Мікалаеўна паспяхова спалучае з грамацкай дзейнасцю. Яна з’яўляецца сакратаром Міжнароднага грамацкага аб’яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў “Майстар”. Ала Нароўская шырока вядома ў краіне як куратар міжнародных мастацкіх выстаў. На яе рахунку рэалізацыя многіх дзясяткаў творчых праектаў, у якіх бяруць удзел як айчынныя, так і замежныя мастакі.

Вызначальным ў гэтым накірунку дзейнасці Алы Мікалаеўны было ажыццяўленне дзвюх аўтарскіх задумак – правядзенне з 2004 г. традыцыйнай выставы “Мартаўскія каты”, дзе прадстаўляюцца мастацкія творы адпаведнай тэматыцы, і адкрыццё ў 2015 г. вельмі кранальнага “Музея ката”.

Але, мабыць, самае галоўнае – гэта тое, што абсалютная большасць арганізаваных Алай Мікалаеўнай культурных мерапрыемстваў, маюць дабрачынныя мэты. Падчас іх правядзення адбываюцца зборы сродкаў на лячэнне хворых дзяцей, мастакоў, на набыццё медыцынскага абсталявання і інш.

Калегі па рабоце, студэнты ведаюць Алу Мікалаеўну як таленавітага выкладчыка, добрага сябра, аптыміста па жыцці, клапатлівую маці, вельмі добразычлівага і мэтанакіраванага чалавека, які заўсёды дапаможа і словам, і справай.

Супрацоўнікі кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў шчыра віншуюць Алу Мікалаеўну Нароўскую з днём нараджэння, зычаць ёй добрага здароўя, шчасцця, новых вандровак па свеце і поспехаў у педагагічнай, навуковай і грамацкай дзейнасці.


← вярнуцца ў навіны