Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зварот да сяброў ТБМ: Прыйшоў час вызначацца

2016.04.25 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Восенню гэтага года адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары. У адпаведнасці з рашэннем Рады ТБМ кіраўніцтва арганізацыі праводзіць працу сярод сяброў ТБМ і прыхільнікаў роднага слова. Мы ўжо маем (пакуль яшчэ) невялікую групу сяброў ТБМ з г. Мінска і абласцей (Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай). Гэта каля 15 чалавек, якія папярэдне пагадзіліся ўдзельнічаць у выбарах на нашай платформе і праводзіць усю прадвыбарчую кампанію на беларускай мове.

Мэта нашай ініцыятывы – аб’яднаць беларускамоўных грамадзян краіны, якія будуць вылучацца кандыдатамі ў парламент, або ўвойдуць у ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, або будуць назіральнікамі.

Кожны кандыдат – сябра гэтай ініцыятывы – з мэтай пашырэння беларускай мовы ў нашым жыцці праводзіць сваю кампанію па-беларуску і выступае за тое, каб новы склад беларускага парламента працаваў па-беларуску, прымаў на беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, унёс неабходныя змены ў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і прыняў Закон “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.

Мы выступаем за стварэнне аднапалатнага парламента, які будзе мець традыцыйную беларускую назву Сойм і будзе працаваць на дзяржаўнай беларускай мове. Пры неабходнасці праекты законаў будуць перакладацца на рускую і іншыя мовы, якія ўжываюцца на тэрыторыі Беларусі.

Мы заклікаем усіх патрыётаў нашай краіны незалежна ад іх нацыянальнасці, палітычных і рэлігійных перакананняў аб’яднацца ў грамадзянскую ініцыятыву “Беларускія патрыёты за беларускую мову ў парламенце” і прыняць актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах у верасні 2016 года.

14 траўня (мая) мы плануем правесці першую нараду будучых удзельнікаў выбарчай кампаніі і таму запрашаем на яе, акрамя тых, хто ўжо вызначыўся, прадстаўнікоў з Магілёва, Брэста, Гродна, Гомеля, Маладзечна, Салігорска, Жыткавічаў, Пружанаў і іншых рэгіёнаў нашай краіны, дзе ёсць надзейныя і актыўныя структуры ТБМ.

У сувязі з гэтым просім да 10 траўня адгукнуцца на нашу прапанову праз электронную пошту siadziba@gmail.com, альбо напісаць ліст на адрас офіса ТБМ (220034, п/с №41, г. Мінска, ТБМ).

Старшыня ТБМ Алег Трусаў

 


← вярнуцца ў навіны