Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Вечарына ў літаратурным музеі да юбілею Хрысціны Лялько

2016.04.11 0

У літаратурным музеі Максіма Багдановіча 14 красавіка 2016 года ў 17.00 адбудзецца вечарына “Сустрэнемся вачыма на імгненне…” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літартуры, прымеркаваная да юбілею беларускай пісьменніцы, перакладчыцы і журналісткі Хрысціны Лялько.

У гісторыі сучаснай айчыннай літаратуры Хрысціну Лялько называюць пераемніцай традыцый Яна Скрыгана, Янкі Брыля, Івана Пташнікава, Анатоля Кудраўца, Віктара Казько – лепшых прадстаўнікоў беларускай прозы. Але творчасць Хрысціны Лялько не з'яўляецца толькі сінтэзам літаратурных традыцый яе папярэднікаў, гэта самастойная, самабытная з'ява, якая мае свае адметнасці і непаўторныя рысы.

Хрысціна Аляксееўна Лялько нарадзілася 30 сакавіка 1956 г., в. Хадзюкі Лідскага раёна. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва», часопісе “Беларусь”. У 1995 годзе стала адным з ініцыятараў і заснавальнікаў двух каталіцкіх часопісаў – квартальніка “Наша Вера” і месячніка “Ave Marіa”, з таго часу з’яўляецца галоўным рэдактарам гэтых выданняў. Першыя вершы апублікавала ў 1971 г. ў лідскай газеце “Уперад”. Аўтар кніг прозы “Дарога пад гару”, “Світанак над бярозамі” і кнігі паэзіі “На далонях любові”. У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак “Хітрэй свету не будзеш”. Пераклала на беларускую мову нарыс Уладзіслава Сыракомлі “Мінск”, кнігі Папы Яна Паўла II “Пераступіць парог надзеі”, “Дар і Таямніца”, “Устаньце, хадзем!”, “Памяць і самасвядомасць”, творы Яна Твардоўскага, “Дзённік” Фаўстыны Кавальскай і іншыя тэалагічныя творы. За вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў нашай краіне ўзнагароджана папскім медалём “Benemerenti” - “Асабліва заслужаным”.

Пад час мерапрыемства, у якім возьмуць удзел Кастусь Цвірка, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Ірына Жарнасек, Леанід Галубовіч, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, адбудзецца прэзентацыя кнігі паэзіі Хрысціны Лялько “Адвячорак”.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а). Кантактны тэлефон: 334-56-21.

 

Куратар мерапрыемства: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка.


← вярнуцца ў навіны