Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Салігорская гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

Справаздача аб дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ за 2015 год

2016.01.20 0

 Выява з сайта onehourtranslation.com.

 20 лютага сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем Усебеларускай дыктоўкі на верш беларускага паэта Генадзя Бураўкіна “Я не ганю землі чужыя…” Затым адбыўся справаздачна-выбарны сход Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ. Новым старшынёй арганізацыі быў абраны Уладзімір Масакоўскі, намеснікам старшыні – Уладзімір Шыла.

5 сакавіка адбыўся сход Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ. Сябры ТБМ павіншавалі Мікалая Шаравара з прыняццем яго ў 2014 годзе ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. На сходзе ў шэрагі ТБМ былі прынятыя маладыя актывісты Алена і Раман Лявончыкі, адноўлена ў сяброўстве ТБМ паэтка Ніна Ярмалінская, быў прыняты план дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на 2015 год.

10 сакавіка ў Салігорскі райвыканкам была пададзена заява аб выдзяленні памяшкання ў гарадскім Палацы культуры для правядзення ўрачыстага сходу арганізацыі ТБМ, у чым было адмоўлена са спасылкай на тое, што ўсе памяшканні занятыя праз запланаваныя на гэты час мерапрыемствы.

У красавіку была пададзена заява аб правядзенні ўрачыстага сходу Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ кіраўніцтву будтрэста №3. Пытанне аб правядзенні ўрачыстага сходу было вырашана станоўча.

11 траўня ў Доме культуры "Будаўнік" будтрэста №3 адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Удзел у сходзе ўзялі: першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, старшыня Мінскай абласной арганізацыі ТБМ Мікола Курыльчык, старшыня беларускага незалежнага прафсаюза Мікола Зімін, старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ "Беларуськалій" Сяргей Чаркасаў. Тры ўдзельнікі сходу былі прынятыя ў шэрагі ТБМ: Уладзімір Амяльчэня, Вадзім Лялькін і Сяргей Чаркасаў. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі сходу ад імя Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, якая яб'ядноўвае 41 сябра, прынялі заяву на адрас Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і на адрас Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем надаць, згодна артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларускай мове не дэкларатыўны, а сапраўдны дзяржаўны статус, і ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны паставіць у роўнасць дзве дзяржаўныя мовы. На дасланыя ў вышэйшыя органы дзяржавы заявы былі дадзены адказы-адпіскі.

27 траўня ў газеце ТБМ "Наша слова" былі надрукаваныя нататкі з урачыстага сходу, прысвечанага 25-годдзю Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ пад назвай "Каб мова родная гучала".

10 чэрвеня ў гэтай жа газеце быў надрукаваны матэрыял пад назвай "Старонкі гісторыі Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", а 12 жніўня - заява Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на адрас уладных структур Рэспублікі Беларусь і іх адказы пад назвай "Адпіскі, як стыль працы чыноўнікаў усіх рангаў".

27 траўня на адрас старшыні Салігорскага райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага ад групы грамадзян горада Салігорска, у тым ліку і сяброў ТБМ, была накіравана заява за подпісамі 30 чалавек з патрабаваннем аб прывядзенні назваў Салігорскага райвыканкама і райсавета дэпутатаў (надпіс на шыльдзе Дома Саветаў выкананы толькі на рускай мове), а таксама ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, якія пераважна выкананы толькі на рускай мове, адпаведна патрабаванню артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца гарантам роўнасці дзвюх дзяржаўных моў (чаго не назіраецца). У адказе на заяву сказана, што “…парушэнняў артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у дзяржаўных установах і арганізацыях выяўлена не было…”

8 чэрвеня сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі і Ніна Ярмалінская з нагоды 45-ых угодкаў з дня трагічнай гібелі ў шахтавым ствале рудніка Другога Салігорскага калійнага камбіната (цяпер 2-га рудаўпраўлення) беларускага паэта, гарняка Леаніда Якубовіча (21.03.1948 – 08.06.1970), ушанавалі яго памяць паездкай у яго родную вёску з ускладаннем кветак на магілу паэта. Матэрыял (аўтар Уладзімір Масакоўскі) пра таленавітага беларускага паэта, якому лёс адвёў 22 вясны, быў змешчаны ў газеце ТБМ “Наша слова” ад 24 чэрвеня і ў Салігорскай газеце “Лидер-Пресс”.

Вясной 2015 года сябрам ТБМ, прадстаўнікам Рэспубліканскага праваабарончага ГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” у Салігорскім рэгіёне, Леанідам Мархотка сумесна з мясцовым праваабарончым актывам, пры падтрымцы Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, быў падрыхтаваны “Даклад па выніках Салігорскага грамадскага маніторынгу выканання правоў беларускамоўных грамадзян”, накладам 150 асобнікаў на 26 старонках. Даклады былі накіраваныя ва ўсе вышэйшыя ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь, у Мінвыканкам і Мінскі абласны савет дэпутатаў, у Салігорскі райвыканкам і райсавет дэпутутаў, у раённыя бібліятэкі, у СМІ і ў грамадскія арганізацыі.

2 ліпеня ў газеце “Народная воля” №51 было паведамлена, што Міністэрства юстыцыі разгледзела даклад салігорскіх праваабаронцаў і прызнала, што ў Рэспубліцы Беларусь баланс выкарыстання дзяржаўных моў не забяспечваецца.

У лістападзе 2015 года, з нагоды 20-ых угодкаў з дня смерці беларускага паэта, чальца Саюза пісьменнікаў Беларусі, Лявона Шпакоўскага-Случаніна, сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Уладзімір Амяльчэня, Анатоль Дунецкі, Уладзімір Масакоўскі і інш. у вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна наведалі магілу паэта і ўшанавалі яго памяць ускладаннем жывых кветак і чытаннем яго вершаў “Памяці Кастуся Каліноўскага” і “25-га сакавіка 1918 года”. Матэрыял (аўтар Уладзімір Масакоўскі) пра паэта надрукаваны ў газеце ТБМ “Наша слова” ад 23 снежня 2015 года і ў Салігорскай газеце “Лидер-Пресс”.

28 лістапада з нагоды 95-ых угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі супраць бальшавіцкай чырвонай арміі ў вёсках Грозава і Семежава, у г. п. Чырвоная Слабада і ў горадзе Слуцку адбыліся, арганізаваныя партыяй БНФ, мерапрыемствы па ўшанаванні памяці змагароў за незалежнасць беларускай краіны. У мерапрыемстве прыняло ўдзел каля 150 чалавек. У Слуцку, ад Салігорскай арганізацыі, у мерапрыемствах (прыём чальцоў у маладзёвую арганізацыю партыі БНФ каля Слуцкага краязнаўчага музея і мітынг у парку культуры і адпачынку) прынялі ўдзел некаторыя сябры Салігорскай арганізацыі.

29 лістапада ў Салігорску адбыўся сход сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, прысвечаны 95-ым угодкам Слуцкага збройнага чыну.

На сходзе Уладзіміру Амяльчэні, Мікалаю Зіміну, Алене Калоднікавай і Ніне Ярмалінскай ўрачыста былі ўручаны пасведчанні і значыкі сяброў ТБМ.

У снежні на ахвяраванні сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ зроблена падпіска на газету ТБМ “Наша слова” ў 9 школ Салігорскага раёна, у 3 гімназіі г. Салігорска.

23 снежня праз мясцовую газету “Лидер-Пресс” з нагоды 210-годдзя з дня нараджэння Яўстафія Янушкевіча, беларуска-польскага выдаўца і публіцыста, ураджэнца Салігоршчыны, была ўшанавана яго памяць. Яўстафій Янушкевіч – адзін з арганізатараў паўстання 1830-1831 гадоў у Ашмянскім, Слуцкім і Навагрудскім паветах, жыў і працаваў у эміграцыі, памёр у Парыжы.

26 снежня адбыўся сход сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, на якім адбылая прэзентацыя кнігі вольных вершаў “Туга” сябра ТБМ Вадзіма Лялькіна.

Былі ўручаныя пасведчанні сяброў ТБМ. Удзельнікі сходу прынялі план дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на 2016 год.

Старшыня Салігорскай

гарадской арганізацыі ТБМ

 Уладзімір Масакоўскі


← вярнуцца ў навіны