Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Мінкульт паведамляе, што ў выходны 21 лютага Агульнанацыянальную дыктоўку правесці немагчыма

2016.02.12 0

  Выява з сайта withmartijn.com.

У нашай краіне 2016 год абвешчаны Годам культуры, таму ТБМ накіравала лісты з прапановамі міністру культуры і прэм'ер-міністру краіны. Змест лістоў выкладзены ніжэй.

У сваім адказе Мінкульт паведамляе, што правесці Агульнанацыянальную дыктоўку немагчыма, бо 21 лютага (Дзень роднай мовы) - гэта нядзеля, выходны.

 

Прэм’ер-міністру

Рэспублікі Беларусь

А.У. Кабякову

220010, г. Мінск,

вул. Савецкая, 11,

Дом Урада

 Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вітае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 522, паводле якога 2016 год абвешчаны ў нашай краіне Годам культуры.

Несумненна, што асноўным фундаментальным кампанентам культуры нашага народа з'яўляецца беларуская мова. У сувязі з гэтым мы прапануем уключыць у Рэспубліканскі план мерапрыемстваў у рамках Года культуры наступныя пункты.

1. Правесці 21 лютага (Міжнародны дзень роднай мовы) ва ўсіх установах адукацыі і культуры Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку на аснове тэкстаў класікаў беларускай літаратуры.

2. Вярнуць статус юрыдычнай асобы музею Максіма Багдановіча, закончыць рамонт і ўсталяванне новай экспазіцыі ў асноўным будынку, а таксама прывесці ў належны выгляд яго былы філіял, які размешчаны па вул. Рабкораўскай у г.Мінску.

3. Адрамантаваць помнік літары "Ў", які ўжо даўно разбураецца ў Полацку, бо мясцовыя ўлады не маюць на гэта сродкаў.

4. Прыняць Пастанову Савета Міністраў "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў галіне культуры, адукацыі і выдавецкай справе".

З павагай,

старшыня ТБМ Алег Трусаў

Б.У. Святлову

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

ТБМ вітае абвяшчэнне 2016 года Годам культуры.

У сувязі з гэтым мы просім уключыць у Рэспубліканскі план мерапрыемстваў, звязаных з ажыццяўленнем Указа Прэзідэнта Беларусі № 522 на гэты год, устаноўку і адкрыццё мемарыяльных дошак у гонар славутых беларускіх рэстаўратараў-архітэктараў Валерыя Слюнчанкі і Сяргея Друшчыца на будынках, да аднаўлення якіх яны мелі непасрэднае дачыненне, (альбо ў іх інтэр'ерах) Полацкай Сафіі і Нясвіжскага замка (адпаведна).

Было б добра, каб у музейнай экспазіцыі гэтых адноўленых помнікаў гісторыі і культуры Беларусі былі размешчаны стэнды, прысвечаныя біяграфіям гэтых дзеячоў беларускай культуры.

З павагай,

старшыня ТБМ А.Трусаў


← вярнуцца ў навіны