Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

ТБМ прапануе ўшанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі

2016.01.03 11

  Выява з сайта www.usebelarusy.by

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам з прапановай годна ўшанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі.

 

Ліст у Міністэрства культуры

Б.У. Святлову

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск 

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

У гэтым годзе 4 лютага споўніцца 270 гадоў з дня народзін нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі, імя якога шануюць акрамя Беларусі ў ЗША, Польшчы, Францыі і Расіі.

У сувязі з гэтым просім Вас аб'явіць конкурс на выраб коннай скульптуры Касцюшкі, якую можна ўстанавіць у Мінску, а таксама на яго малой радзіме ў г. Косава Брэсцкай вобласці.

З павагай,

старшыня ТБМ А.Трусаў

 

Ліст у Мінскі гарвыканкам

 А.В. Шорцу

Старшыні

Мінскага гарвыканкама

220030, г. Мінск,

пр-т Незалежнасці, 8

Аб ушанаванні памяці

Тадэвуша Касцюшкі

Шаноўны Андрэй Віктаравіч!

У гэтым годзе 4 лютага споўніцца 270 гадоў з дня народзін нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі. Яго імем названы вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Кракаве, Вільнюсе і іншых гарадах замежжа і нашай краіны. Аднак у сталіцы Беларусі, краіне, дзе нарадзіўся і вырас Тадэвуш Касцюшка, такой вуліцы пакуль што няма.

У сувязі з гэтым ТБМ прапануе ў гэтым годзе назваць у гонар Касцюшкі адну з вялікіх і прыгожых вуліц нашай сталіцы.

Існуе думка, што гэта імя можна надаць праспекту Дзяржынскага, альбо той яго частцы, якая знаходзіцца бліжэй да гістарычнага цэнтра нашай сталіцы.

З павагай,

старшыня ТБМ А.Трусаў

Каментары

Госць 2016-01-04 10:56:33

Ідэя някепская. Нe сказаць, што імя Касцюшкі забытае ў Беларусі (ёсць вуліцы ў Гродне, Лідзе, здаецца, і ў Смалявічах...), але ў сталіцы сапраўды няма. А ініцыятыву СБП - каб была ў Мінску вул. Вылівахі (http://nn.by/?c=ar&i=160720) - ТБМ не хацела б падтрымаць? :)

Госць 2016-01-05 22:28:45

Падтрымліваю цалкам!

Госць 2016-01-05 22:44:03

Наконт вуліц ідэя добрая, але шаноўнае спадарства адкажыце сабе на пытаньне: ці жадаеце вы, каб вуліцы вядомых беларусаў былі на ўскраінах места, ці вы жадаеце, каб яны знаходзіліся ў цэнтры? Я жадаю, каб у цэнтры, таму я лічу, што нам трэба патрабаваць выключна пераназваньня, а то назавуць дзе-небудзь у Дражні як зьдзек і будзе толькі крыўдна, як кажуць, за радзіму, бо антыбеларуская ўлада ня пойдзе насустрач Беларусам, яна толькі кацапаў паганых слухае!

Госць 2016-01-06 10:41:00

Госць 2016-01-05 22:44:03, выбачайце, але нейкія "бальшавіцкія" ў Вас развагі... Што кепскага ў тым, што, напрыклад, вуліца Максіма Гарэцкага з'явілася ў Сухараве, а вуліца Алеся Гаруна - у Масюкоўшчыне? Я не ўспрымаю гэта як здзек: у "спальных" мікрараёнах жывуць тысячы людзей, штодня ходзяць па гэтых вуліцах, паўтараюць іх назвы. Так пашыраецца беларушчына. Няма цяпер у Мінску жорсткага падзелу"цэнтр-ускраіны".

Госць 2016-01-06 11:31:48

Госць 2016-01-06 10:41:00, прычым тут бальшавізм я наогул не разумею, а вось вы пэўна у краіне нейкай іншай жывеце, мяне не задавальняе тое, што ў цэнтры вуліцы катаў рускіх, а на ўскраінах беларусы, але вы, мабыць, далёка ад гэтага! Усе вуліцы мусяць называцца імёнамі Беларусаў, але трэба патрабаваць пераназваньня старых вуліц альбо старымі назвамі, калі то былі назвы не зьвязаныя з расейскай імпэрыяй, альбо імёнамі Беларускіх дзеячоў. Гэтак рабілі ў Літве сучаснай. Чаму патрабаваць, бо гэта будзе азначаць пратэст усяму навязанаму расейскаму, а гэта зараз вельмі патрэбна. А мікрараёны - гэта не твар Менска!

Госць 2016-01-06 12:09:12

"Весь мир насилья мы разроем. До основанья, а затем..." - вельмі нагадвае Вашу пазіцыю. Мікрараёны - такі самы твар Мінска, як і цэнтр. Па Гарэцкага ходзіць-ездзіць больш людзей, чым, напр., па вуліцы Гусоўскага, хоць яна і бліжэй да цэнтра. І як па мне, то лепей няхай назавуць імем Касцюшкі доўгую вуліцу ў Каменнай Горцы, чым перамянуюць Азізава ці Смалячкова, дзе па некалькі дамоў.

Госць 2016-01-06 18:00:33

Добрая прапанова! Вуліца Касцюшкі

Госць 2016-01-07 01:41:22

Госць 2016-01-06 12:09:12, няма што вам даказваць, вы нічога не разумееце! Яшчэ да ўсяго рускіх нейкіх аўтараў прыводзіце, што да чаго, што ў вас у галаве? А, карацей, не мая справа, як вы вынаходзіце такія дзікунскія высновы, маю на ўвазе бальшавікоў. Ні лёгікі ў вас ні сэнсу. Ваша права лічыць так, але я ня згодны з вуліцай леніна ў цэнтры, калі вам даспадобы, то мне шкада...

Госць 2016-01-07 01:48:42

НІ ВУЛІЦА, А ПРАШПЭКТ ІМЯ КАСЬЦЮШКІ!!!

Госць 2016-01-07 17:16:22

Госць 2016-01-07 01:41:22, не згодныя з вуліцай Леніна - дабівайцеся перайменавання, збірайце подпісы і г. д. Праўда, былі ўжо спробы пазбавіцца Камуністычнай і іншых падобных назваў у Мінску (напрыклад, Зміцер Дашкевіч колькі гадоў таму агітаваў), яны нічога не далі. Прапаную ўсё-ткі вярнуцца ў канструктыўнае рэчышча і выступаць не "супраць", а "за". У дадзеным выпадку я - за вуліцу Касцюшкі, і не буду капыліць нос, калі гарсавет назаве ў гонар славутага земляка вуліцу ў новым мікрараёне. Госць 2016-01-07 01:48:42, для Вас прынцыпова, каб быў праспект? (тарашкевіцай, дарэчы, таксама праз "с", "праспэкт": гл. http://nn.by/?c=ar&i=95256 )

Госць 2016-01-13 22:15:20

Ідэя не кепская, але трэба памятаць што ў весцы Малые Сяхновічы (Жабінкаўскі раён) усталяваны помнік Т. Касцюшке, там жа працуе музей, у якім знаходзіцца пакой, прысвечанны яму. Ды і сапраўднай сваёй радзімай ён лічый менавіта в. Малые Сяхновічы.


← вярнуцца ў навіны