Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Баранавіцкай арганізацыі ТБМ новы кіраўнік

2015.12.20 0

На справаздачна-выбарчым сходзе Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, які адбыўся 19 снежня на сядзібе ТБМ у вёсцы Русіна, абраны новы старшыня грамадскай арганізацыі. Ім стаў Мікалай Падгайскі.

Хвілінай маўчання ўшанавалі сябры  арганізацыі памяць былога кіраўніка Баранавіцкай філіі ТБМ Віктара Сырыцы, які заўчасна пайшоў з жыцця сорак дзён таму. Пасля гэтага  са справаздачным дакладам выступіў намеснік старшыні арганізацыі Мікалай Падгайскі. Ён распавёў прысутным пра тое, чым займалася філія на працягу апошняга года. Гэта і даследчыя работы, звязаныя са 100-годдзем пачатку Першай сусветнае вайны, і шматлікія сустрэчы з выбітнымі людзьмі краіны, і ўсталяванне шыльдаў на гістарычных помніках, і правядзенне свята вышыванкі, і шмат іншых мерапрыемстваў дзеля ўшанавання гістарычнай спадчыны нашай зямлі. Прысутных вітаў старшыня ТБМ краіны Алег Трусаў, які браў удзел у сходзе. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў плане арганізацыі - пошук сродкаў на ўшанаванне памяці Віктара Сырыцы, усталяванне на магіле грамадскага актывіста добрага помніка. Алег Трусаў  адразу зрабіў і першы ўнёсак на гэтую справу. Кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі падкрэсліў, што Сырыца шмат зрабіў, каб на Баранавіцкай зямлі стаялі помнікі выбітным людзям, і трэба зрабіць усё, каб і яго памяць была ўшанавана належным чынам.

- Нас хвалюе пераемнасць, - адзначыў ён.- У Беларусі некаторыя арганізацыі з сыходам кіраўнікоў проста перасталі існаваць.Таму вельмі важна, каб справа, якой займаўся Віктар Антонавіч, была працягнута. Алег Трусаў прапанаваў абраць старшынём філіі намесніка Віктара Сырыцы Мікалая Падгайскага. Кандыдатура была адобрана аднагалосна. Намеснікамі старшыні абраныя Анжэла Камбалава і Аляксей Белы. Абрана таксама Рада арганізацыі і адноўленыя суполкі.

Ганаровым старшынём Баранавіцкай рады ТБМ абраны Міхась Бернат.

Станіслаў Суднік


← вярнуцца ў навіны