Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Навіны аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта (абноўлена)

2016.02.27 0

 Выява з сайта edu.au.

Падчас паседжання аргкамітэта 23 лістапада 2015 г. па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання 23 лістапада былі абмеркаваны канцэптуальныя падыходы, а таксама механізмы і варыянты стварэння ўніверсітэта ў сённяшняй сітуацыі.

У ім бралі ўдзел: М. Пастухоў, П. Церашковіч, І. Дубянецкая, В. Рымашэўскі, Л. Баршчэўскі, А. Сядзяка, А. Жылко, У. Мацкевіч, А. Анісім і сустаршыні: А. Мілінкевіч, А. Трусаў, У. Колас.

Большасць сяброў аргкамітэта выказалася за тое, што названая ўстанова мусіць быць зарэгістраваная ў Беларусі, хоць некаторыя перакананы ў тым, што гэта немагчыма і высілкі, прыкладзеныя ў гэтым накірунку, будуць патрачаныя марна і толькі адымуць час.

Усе прысутныя фактычна пагадзіліся на тым, што ўніверсітэт – гэта найперш супольнасць, якую аб’ядноўваюць такія рэчы, як свабода думкі, імкненне да набыцця ведаў.

У выніку зацікаўленага абмеркавання, зважаючы ў тым ліку і на скептычныя заўвагі, сябры аргкамітэта вырашылі:

1. Стварыць канцэпцыю будучага ўніверсітэта, зыходзячы з некалькіх магчымых варыянтаў яго функцыянавання.

2. Сабраць пакет дакументаў, неабходных паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь для рэгістрацыі ўніверсітэта.

3. Наступнае паседжанне склікаць праз тыдзень і абмеркаваць прапановы і заўвагі да канцэпцыі.

27 лютага 2016 г. адбылося чарговае паседжанне Аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. У ім бралі ўдзел сустаршыні А.Мілінкевіч, У.Колас, А.Трусаў, а таксама М.Пастухоў, А.Жылко, І.Кулей, П.Церашковіч, І.Дубянецкая, Т.Вадалажская, А.Анісім. Як і планавалася загадзя, падчас паседжання была заслухана інфармацыя пра тое, што сёння робіць грамадскасць у галіне нефармальнай адукацыі. Так, спадарыня І.Дубянецкая распавяла пра дзейнасць Беларускага Калегіума, Т.Вадалажская паведаміла пра справы Лятучага ўніверсітэта. Дзейнасць ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” была прэзентаваная паказам фільмаў, створаных на замову арганізацыі.

Адбылася зацікаўленая размова. У выніку паседжання было вырашана запрасіць для абмеркавання іншыя арганізацыі і ініцыятывы з мэтай далучыць іх да супольнай працы па стварэнні сучаснага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

Наступнае паседжанне прызначана на 19 сакавіка а 17-й гадзіне на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13.   

Нагадаем, што аргкамітэт быў створаны падчас сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, якая адбылася ў верасні 2015 г.


← вярнуцца ў навіны