Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Моўнае пытанне як арэна для развіцця культуры дыялогу

2015.10.20 0

Сітуацыя, у якой цяпер знаходзіцца беларуская мова і мы з вамі – слой неабыякавых да яе людзей – гэта сітуацыя ў чымсьці ўнікальная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы.

Перад намі з вамі стаіць мэта: папулярызацыя, максімальнае пашырэнне выкарыстання беларускай мовы; выратаванне яе ад знікнення і забеспячэнне для яе гарантаваных умоваў для развіцьця ў сучасным свеце.

Але на шляху да гэтае мэты перад намі стаяць відавочныя перашкоды як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага характару:

1)  Беларуская мова аб'ектыўна не з’яўляецца штодзённай мовай або нават першай мовай для пераважнай большасці жыхароў Беларусі. Гэта сталася вынікам шматгадовай, цягам многіх дзесяцігоддзяў, палітыкі розных панаваўшых на Беларусі палітычных (часам - відавочна акупацыйных) рэжымаў. Тыповы жыхар Беларусі лічыць нацыянальную мову каштоўнасцю і па гэтым крытэры лічыць яе “роднай”, але не валодае ёю або валодае ёю кепска.

2)  Як ні дзіўна, але беларуская дзяржава і яе адміністратыўны апарат толькі ў вельмі абмежаванай ступені з’яўляюцца нашымі хаўруснікамі ў справе прасоўвання беларускай мовы. Не будзе памылковым сказаць, што ў цэлым беларуская дзяржава ставіцца да беларускай мовы абыякава. Дзесьці, канечне, пазітыўна, але дзесьці – і насцярожана.

3) Нават закон не з’яўляецца нашым хаўруснікам. Дэ-юрэ беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Паводле цяперашняга афіцыйнага заканадаўства, беларуская і расейская мовы маюць аднолькавы статус, і дыскрымінацыя той ці іншай мовы недапушчальная. Але ў адпаведнасці з фактычным становішчам і дэ-факта дзеючым у Рэспубліцы Беларусь заканадаўствам гэтае роўнасці няма. Закон дазваляе прадстаўніку паслугаў даваць інфармацыю на толькі адной мове, а ў выніку многіх дзесяцігоддзяў русіфікацыі большасць натуральным чынам абірае расейскую мову. Больш за тое – такім чынам нормы дазваляюць арганізацыям ігнараваць жаданне людзей атрымліваць беларускамоўныя паслугі.

Найбольшы рэальны сённяшні ўнёсак дзяржавы ў падтрыманне беларускай мовы – гэта яе выкладанне ў школах. Пры тым, што я кажу тут у першую чаргу пра выкладанне беларускай мовы ў якасьці прадмета ў расейскамоўных школах. Бо, як мы ведаем, паўнавартаснае беларускамоўнае школьніцтва паслядоўна скарачаецца.

У астатнім падтрымка і прасоўванне беларускай мовы ў апошнія гады была перадусім справай грамадзянскай супольнасьці.

Гэта відно, напрыклад, па рынку СМІ – самым жывым і дынамічным публічным асяродку рэальнага жывога выкарыстання мовы.

Найбольш папулярны беларускамоўны інтэрнэт-СМІ – недзяржаўны (сайт “Нашай Нівы”). Адзіны ў свеце цалкам беларускамоўны тэлеканал – недзяржаўны “Белсат” (які ўвогуле вяшчае з-за межаў Рэспублікі Беларусь). Ці з’яўляецца дзяржаўная “Звязда” больш уплывоваю і больш папулярнаю за недзяржаўную “Нашу Ніву”, нягледзячы на памеры накладаў? Я сумняюся.

Такім чынам, мы маем сітуацыю, дзе беларускамоўная грамадскасць павінна ўплываць на сітуацыю праз доўгатэрміновую працу з публічнай думкай, праз крэатыўныя інструменты публічнай папулярызацыі: якасны культурны і медыйны прадукт, грамадскую актыўнасць.

Мы не можам нікога прымусіць гаварыць на беларускай мове. Бессэнсоўна крытыкаваць і ганьбіць людзей за тое, што яны не размаўляюць па-беларуску.

Мы павінны “ісці ў народ” і прасоўваць беларускую мову, дэманстраваць яе прывабнасць і важнасць. Трэба займаць па магчымасці актыўную пазыцыю ў прасоўванні беларускйе мовы рынкавымі мэханізмамі.

Калі казаць пра рынкавыя мэханізмы, у нармальнай рынкавай эканоміцы попыт нараджае прапанову. Ёсць попыт на той ці іншы тавар — будзе і яго прапанова. З беларускай мовай усё тое ж самае: будзе попыт на беларускамоўнае абслугоўванне — будзе беларускамоўнае абслугоўванне.

Якія тут магчымыя інструменты?

-         Актыўнае выкарыстанне беларускай мовы ў пісьмовых і вусных стасунках з арганізацыямі і органамі ўлады;

-         Выкарыстанне беларускай мовы ва ўласным бізнэсе, наколькі гэта магчыма;

-         Калектыўныя звароты да арганізацый з просьбай беларусізаваць шыльды, меню і гэтак далей;

-         Допісы ў кнігах прапановаў. Арганізацыі абавязаныя адказваць на гэтыя звароты. Мы можам і павінны праз гэты інструмэнт уступаць з імі ў дыялог па тэме мовы.

Калі беларускамоўныя не будуць услых выказваць сваё жаданне атрымліваць паслугі па-беларуску, ніхто яго не выканае. Наадварот, калі беларускамоўныя будуць масава пакідаць афіцыйныя паведамленні з ветлівай просьбай увесці таксама меню на беларускай мове, адміністрацыя будзе мець прычыну да іх прыслухацца.

Допіс у кнізе прапановаў — гэта не пікет і не акцыя грамадскай непаслухмянасці, гэта вашае законнае права як спажыўца. Стукайце, і вам адамкнуць.

Асобнае пытанне – форма камунікацыяў па тэме беларускай мовы. І гэта можна назваць яшчэ адной перашкодай на шляху эфэктыўнай папулярызацыі беларускай мовы, на якой я хацеў бы спыніцца асобна.

Праблема культуры ўзаемадачыненняў паміж людзьмі ў Беларусі і ўвогуле на постсавецкай прасторы – у адсутнасці культуры кампрамісаў і дыялогу. Гэта выражаецца ў нашых адсталых і палітычнай культуры, і дзелавой культуры, і многім іншым.

Ёсьць вядомае прыслоўе: “Раб не хоча свабоды, раб хоча быць рабаўладальнікам”.

Менавіта згодна з гэтай парадыгмай сябе ў грамадзтве паводзіць тыповы постсавецкі чалавек: начальнікі на працы выступаюць адначасова тыранамі ў дачыненні да сваіх падначаленых і прыніжанымі лёкаямі ў дачыненні да тых, хто стаіць вышэй за іх у іерархіі. Кліенты лічаць сваімі лёкаямі афіцыянтаў у рэстаране ці прадаўцоў у краме. Прадаўцы ў краме ці афіцыянты лічаць сваімі лёкаямі кліентаў.

Палітыкі, у рэшце рэшт, няздольныя да перамоваў і кампрамісаў дзеля агульных інтарэсаў: кожны хоча быць начальнікам і дэспатам, і каб усе астатнія ў дачыненні да яго былі не раўнапраўнымі партнёрамі, а падпарадкаванымі служкамі. Ад гэтага атрымоўваецца альбо аўтарытарны рэжым, альбо палітычны балаган з бойкамі ў парламенце і распадам дзяржавы.

Як гэта тычыцца праблемаў беларускай мовы? Наўпростым чынам.

Мы бачым, як многія камерцыйныя і дзяржаўныя арганізацыі (асабліва ў персанальных камунікацыях, у асобе сваіх прадстаўнікоў) часта ледзьве стрымліваюць пагарду і раздражненне, рэагуючы на просьбы беларускамоўных актывістаў.

З другога боку, давайце не будзем хаваць ад сябе і тое, што беларускамоўныя актывісты часам дазваляюць сабе агрэсію і недружалюбнасць у дачыненні да сваіх “ахвяраў”. Хтось кпіць з памылак ці трасянкі. Хтось замаўляе ў кавярні “філіжаначку гарбаты” і з садысцкай асалодай назірае за разгубленай рэакцыяй афіцыянта, які мо ў першы раз за сваю кар'еру сутыкнуўся з беларускамоўным наведнікам.

Гэта няправільна. Такімі дзеяннямі нельга зрабіць чалавеку сорамна і заахвоціць яго вучыць беларускую мову. Такімі дзеяннямі можна стварыць у яго вачах асацыяцыю паміж беларускай мовай і канфузам, непрыемнасцю і агрэсіўнымі людзьмі (намі!), якім трэба чыніць супраціў.

Мы бачым, у якім ступары з-за адсутнасці культуры кампрамісаў і дыялогу знаходзіцца палітыка ў Беларусі. У такім жа ступары будзе знаходзіцца і пытанне з беларускай мовай, калі спрабаваць прасоўваць яе савецкімі метадамі.

Мы павінны ўьведамляць рэаліі сучаснай Беларусі і дзейнічаць у адпаведнасці з імі.

Пашыраць мову павінная беларуская грамадзянская супольнасьць. І каб найлепей гэта рабіць, гэтая грамадскасць павінна несці пазітыў, быць дыпламатычнай, мудрай і спакойна-халоднакроўнай. Яна павінна пазбаўляцца радыкалізму, бескампраміснасці і нямудрасці.

Калі пішаце афіцыйны ліст да кампаніі, чыімі паслугамі карыстаецеся або чые тавары купляеце - падзякуйце ёй за якасць паслугаў ці тавараў.

Калі людзі не разумеюць тое ці іншае беларускае слова - перакладзіце ім на расейскую.

Калі чыноўнікі ня хочуць даць бланк на беларускай мове - карэктна і ветліва пішыце заяву.

Калі вы бачыце, што хтось ужо выкарыстоўвае беларускую мову - напішыце альбо выкажыце падзяку, падтрымайце сваіх людзей.

Мы бачым прыклады пазітыўных праектаў, калі Глеб Лабадзенка і ягоныя паплечнікі добраахвотна бяруцца дапамагаць фірмам перакладаць матэрыялы на беларускую мову. Мы бачым унікальны паспяховы праект “Мова ці кава”, распачаты ў нас, у Маскве, Кацярынай Кібальчыч.

Усе гэтыя праекты грунтуюцца на актыўным напоры, на пазітыўным настроі і на цярпімасці, талеранцыі адзін да аднаго.

Дапамагайце людзям зразумець вашу (нашу) пазіцыю і прымаць яе, “дапамагайце” ім пераходзіць на свой бок замест таго, каб прыніжаць іх і адштурхоўваць іх. Яны не абавязаныя “будаваць мост” ад сябе да нас - але мы, беларускамоўныя, хочам і мусім спрабаваць гэта рабіць. Тады ў нас усё атрымаецца. Прычым, гэта тычыцца не толькі мовы.

Алесь Чайчыц

Публіцыст, член Рады БНР (Масква, Расея)


← вярнуцца ў навіны