Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Толькі адзін з кандыдатаў адгукнуўся на зварот ТБМ

2015.10.08 0

 Выява з сайта coaching.gallup.com.

На пачатку кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сакратарыят ТБМ накіраваў усім кандыдатам зварот наступнага зместу:

“Паважанае спадарства!

Найважнейшы складнік нацыянальнай культуры і незалежнасці нашай краіны - беларуская мова - перажывае надзвычай складаны перыяд.

У сувязі з гэтым мы заклікаем усіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ўключыць у свае выбарчыя праграмы наступныя пункты:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

2. Адкрыць у Мінску Нацыянальны ўніверсітэт імя Францішка Багушэвіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры адкрыць школу або гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і культуру Беларусі.”

Рэакцыю на гэты зварот мы знаходзім толькі ў праграме Таццяны Караткевіч, надрукаванай у газеце “Звязда”:

“Падтрымка беларускай мовы - прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, адкрыць Нацыянальны ўніверсітэт, а ў кожным райцэнтры - школу альбо гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове. Чыноўнік, дэпутат або кіраўнік дзяржавы абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі.”

Пры ўсёй прагрэсіўнасці прыведзенай фразы нельга не заўважыць, што ў ёй праглядваюцца дзве дзяржаўныя мовы. Што праўда, і Сакратарыят ТБМ ніякай адзінай дзяржаўнай мовы ад кандыдатаў не прасіў. Мабыць, Сакратарыят лічыў, што ад наяўных кандыдатаў чакаць нейкіх рухаў у бок адзінай дзяржаўнай мовы не выпадае, хаця б нешта другаснае паабяцалі. Але ж ёсць яшчэ і грамадзяне, якія таксама нічога не прасілі, або прасілі надта ціха.

У выніку гаворка пра адзіную дзяржаўную беларускую мову аказалася цалкам выключанай з перадвыбарчай рыторыкі. І біблейскае: “Стукайце, і вам адчыняць” не атрымала ніякай падтрымкі на практыцы. Ніхто не стукаўся. То хто мусіць адчыняць і каму?

Станіслаў Суднік

 


← вярнуцца ў навіны