Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У вянок памяці Кастуся Тарасава

2015.10.06 0

 Выява з сайта arche.by.

Я не памятаю дакладна, калі пазнаёміўся з Кастусём Тарасавым, але было гэта ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Першая кніга пісьменніка, якую я прачытаў на рускай мове, мела назву “День рассеянья” і была яна прысвечана Грунвальдскай бітве. Аднак найбольш мяне зацікавіў зборнік літаратурна-гістрычных эсэ “Память о легендах”, які выйшаў у 1984 годзе, у апошнія гады так званага “застою”, калі за ўсёй беларускай інтэлігенцыяй сачылі розныя спецслужбы. Вядома, гэты зборнік, які імгненна разышоўся з паліц кнігарняў, выклікаў у іх пэўны інтарэс. У 1984 годзе мая навуковая кар’ера была на ўздыме: паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, актыўна друкаваўся на старонках беларускіх газет, меў салідныя навуковыя публікацыі ў элітных выданнях Масквы і Ленінграда. Таму адзін з прадстаўнікоў “кампетэнтных органаў” звярнуўся да мяне з прапановай напісаць грунтоўны водгук на выданне Кастуся Тарасава. У той час я шмат пісаў розных рэцэнзій на гістарычныя выданні і таму адразу пагадзіўся.

З месяц я грунтоўна, старонка за старонкай, аналізаваў прозу Тарасава, правяраў кожную дату і падзею, прыведзеныя ў зборніку, з пісьмовымі крыніцамі, і напісаў станоўчую рэцэнзію, пазначыўшы пры гэтым дробныя памылкі і недакладнасці. Маім заказчыкам водгук не спадабаўся, бо, відаць, яны чакалі іншага, таму болей яны да мяне з такімі прапановамі не звярталіся.

Крыху пачакаўшы, я надрукаваў сваю рэцэнзію ў адным з беларускіх выданняў, і яна атрымала шмат станоўчых водгукаў. Неўзабаве мяне адшукаў Кастусь Тарасаў, шчыра падзякаваў за яе, асабліва калі даведаўся пра “заказчыкаў” водгука, і з тых часоў мы пасябравалі. Спачатку супрацоўнічалі разам з беларускім аддзяленнем Савецкага Фонду культуры на чале з Іванам Чыгрынавым, потым у кастрычніку 1988 года ўвайшлі ў Аркамітэт па заснаванні БНФ і ўдзельнічалі ў выбарах у ВС БССР у 1990 годзе.

Пасля таго, як я ўзначаліў ТБМ, нашы сувязі яшчэ больш узмацніліся, Бо Тарасаў пачаў пісаць і размаўляць па-беларуску. ТБМ дапамагло яму выдаць некалькі яго апошніх выданняў, потым ён быў выпускаючым рэдактарам газеты “Новы час”, якая была заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй ТБМ. У сядзібе ТБМ меў маленькі пакойчык, у якім і працаваў над выданнем гэтай газеты. Менавіта тут у красавіку 2006 г. з ім здарыўся інсульт, і я першы гэта заўважыў, калі зайшоў да яго з нейкай нагоды. Адна з жанчын, якая ў гэты час была ў сядзібе ТБМ, выклікала спецыяльную медыцынскую “інсультную” брыгаду, і таму тады Тарасава здолелі выратаваць і паставіць на ногі.

У сваім выдавецтве “Лекцыя” ў 2001-м годзе Тарасаў выдаў маю навуковую кнігу, а дакладней неабароненую доктарскую дысертацыю пад назвай “Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-ХVІІІ стагоддзяў Гісторыя будаўнічай тэхнікі”. Ён зрабіў макет кнігі і давёў да ладу шматлікія ілюстрацыі.

Не маючы гістарычнай адукацыі, Тарасаў здзіўляў мяне сваім веданнем розных аспектаў беларускай гісторыі, у тым ліку архітэктуры і матэрыяльнай культуры.

У свой час ён папрасіў мяне прачытаць рукапіс будучага мастацкага твора “Апошняе каханне князя Міндоўга” і выказаць свае заўвагі. Я прачытаў аповесць вельмі ўважліва і не знайшоў там вялікіх адхіленняў ад нашых ведаў пра побыт продкаў у ХІІІ ст. Тое самае можна сказаць і пра “Крыж памяці. Меч лёсу…”

Кастусь Тарасаў стаў годным спадкаемцам Уладзіміра Караткевіча, які ў свой час напісаў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў БССР. Таму невыпадкова “Беларускі кнігазбор” выдаў том яго выбраных твораў.

Спадзяюся, што і ўся літаратурная спадчына К. Тарасава дачакаецца свайго перавыдання.

У гэтым годзе кіраўніцтва ТБМ звярнулася ў Мінгарвыканкам з просьбай ушанаваць памяць Кастуся Тарасава і назваць у яго гонар адну з вуліц сталіцы. Гэтае пытанне знаходзіцца ў стане разгляду.

Алег Трусаў

Жыццё дорыць нам знаёмствы з такімі людзьмі, з якімі нават пасля іх адыходу ў лепшы свет адчуваеш духоўную лучнасць. Менавіта так думаецца мне пра Кастуся Тарасава. Я не магу пахваліцца тым, што даўно пазнаёмілася з спадаром Кастусём. Наша знаёмства пачалося фактычна з супрацы па стварэнні газеты “Новы час”. Так атрымалася, што сябры ТБМ увесь час хацелі мець не толькі “Наша слова”, як трыбуну арганізацыі, але і выдаваць газету з шырокім беларускім агульнакультурным зместам, газету для нацыянальнай культурнай эліты. Канцэпцыя газеты, яе назва былі падрыхтаваны тагачасным намеснікам старшыні ТБМ Сяргеем Кручковым і спадаром Кастусём Тарасавым, які ўжо меў на той час добры вопыт у выдавецкіх справах. На адным з паседжанняў сакратарыята было ўзнята пытанне, як гэтую справу ажыццявіць. Паколькі варыянтаў, хто будзе заснавальнікам новага выдання было няшмат, я пагадзілася ад Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ узначаліць гэту справу. Ад гэтага часу – 2002 год – я і была знаёмая з слынным пісьменнікам.

Трэба сказаць, што падчас выдання газеты мы не шмат размаўлялі, кожны рабіў сваю частку працы выдання, цалкам давяраючы адно аднаму. І выходзіла ўсё неяк само сабой. Можна нават сказаць, што мы разумеліся між сабой з паўслова. Хоць, безумоўна, былі праблемы і з фінансамі, і з чытачамі.

Спадар Кастусь меў сваё бачанне “Новага часу”, ён заўважаў новыя тэндэнцыі ў сусветным кантэксце, праецыраваў іх на нашу рэчаіснасць. Таму рабіў стаўку на матэрыялы не аднамомантныя, а на больш важныя рэчы – публікацыю матэрыялаў, якія будуць запатрабаваныя і ў перспектыве. Так згодна з яго канцэпцыяй газета набыла сваё аблічча, прэтэндуючы на тое, каб стаць выданнем для інтэлектуальнай эліты. Пры гэтым заставалася прынцыповай пазіцыя – ажыццяўляць выданне на беларускай мове.

Другая справа, падчас якой для мяне адкрыўся спадар Кастусь з невядомага боку, звязаная з правядзеннем З’езду інтэлігенцыі. Я была адным з актыўных сяброў аргкамітэта па правядзенні гэтага форуму. Спадар Кастусь, здавалася, мала цікавіўся гэтай падзеяй. І толькі аднойчы пры абмеркаванні газетных спраў, ён прамовіў некалькі фразаў, з якіх стала відавочна, наколькі ён хваляваўся і перажываў за правядзенне З’езда. І мне стала зразумела, што за яго маўклівасцю хаваецца надзвычай чуйная душа, якая вельмі востра рэагуе на ўсё, што звязана з лёсам краіны, з беларускай нацыяй.

Калі ў мяне здарыліся непрадбачаныя цяжкія моманты ў жыцці, не ведаю чаму, расказала спадару Кастусю. Ён выслухаў з непрыхаваным спачуваннем, распавёў пра некаторыя свае жыццёвыя абставіны. Праблемы не зніклі, але я стала пачуваць сябе больш упэўнена. Спадар Кастусь, мне здаецца, заўсёды гатовы быў падтрымаць таго, хто меў у гэтым патрэбу. Пытанне: ці заўсёды сам меў такую падтрымку?

А потым здарылася цяжкая хвароба. Падчас адведак спадара Кастуся ў бальніцы я пазнаёмілася з яго дачкой Аняй. І была прыемна ўражана, наколькі цёплыя адносіны склаліся ў бацькі з дачкой.

Пасля яго ад’езду з Беларусі мы падтрымлівалі кантакты праз электроннае ліставанне. Спадар Кастусь быў проста апантаны ў тым, каб ажыццявіць творчыя планы, пісаў, нягледзячы на перажытую хваробу. Ён дасылаў свае новыя творы для друку ў “Новым часе”, у прыватнасці, аповесць “На вайне”. У гэтай празе і нястомнасці мог бы даць фору кожнаму з нас.

Усё ж чалавечая энергія не знікае бясследна. Яна пераўтвараецца праз нашыя ўчынкі і справы ў нешта значнае, што сілкуе потым прамых і духоўных нашчадкаў. Так я сёння думаю пра пісьменніка Кастуся Тарасава, які пакінуў нам свае кнігі. Чытаючы і перачытваючы іх, далучаешся да ягонага погляду на нашу гісторыю і пранікаешся занепакоенасцю пра наш далейшы лёс.

Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны