Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Нацыянальнаму ўніверсітэту з беларускай мовай навучання – быць!

2015.09.29 0

Нацыянальнаму ўніверсітэту з беларускай мовай навучання – быць!

Так можна коратка падсумаваць вынікі сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, якая адбылася 26 верасня на офісе Таварыства беларускай мовы.

У абмеркаванні прынялі ўдзел вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы: М. Грыб, А. Мілінкевіч, А. Казулін, В. Рымашэўскі, І. Дубянецкая, А. Трусаў, У. Колас, М. Пастухоў, А. Марачкін, а таксама сябры Рады кангрэса.

Вяла паседжанне каардынатар Рады кангрэса А.Анісім. У сваім уступным слове яна адзначыла, што абмеркаванне гэтага пытання на сядзібе ТБМ – добры знак. Бо менавіта тут нарадзіліся ініцыятывы, якія ператварыліся ў канкрэтныя справы, што і сёння служаць на карысць грамадству нашай краіны. Размова ідзе пра заснаванне такіх выданняў, як газета “Новы час”, часопіс “Верасень”, спадарожнікавы тэлеканал Белсат і іншыя справы, запачаткаваныя Таварыствам беларускай мовы.

Былі заслуханы выступы экспертаў па наступныях пытаннях:

1. Праблема адукацыі на беларускай мове –А.Сядзяка (ТБШ).

2. Беларусь у Балонскім працэсе – П.Церашковіч (Балонскі камітэт).

3. Нацыянальны ўніверсітэт – У. Колас (гуманітарны ліцэй).

Найбольшыя спрэчкі разгарэліся, як і чакалася, наконт стварэння ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Падчас дыскусіі гучалі розныя думкі і перасцярогі адносна канцэпцыі і месца заснавання будучага ўніверсітэта. Так, Мечыслаў Грыб выказаў асцярожны аптымізм наконт адкрыцця ў сённяшняй Беларусі ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Сп. А. Мілінкевіч распавёў сітуацыю з ЕГУ, а таксама сваё бачанне і магчымыя дзеянні па стварэнні ўніверсітэта. А. Казулін падзяліўся досведам дзейнасці БДУ ў 90-я гады, калі большая палова выкладчыкаў чытала дысцыпліны на беларускай мове.

А.Трусаў прадэманстраваў арыгіналы подпісаў грамадзян (55 тысяч) за адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, якія збіраліся ў 1996 і ў 2000-м.

Свой погляд на канцэптуальныя рэчы выклала І.Дубянецкая, якая мае станоўчы досвед у выкладанні на беларускай мове ў Беларускім калегіуме.

Напрыканцы паседжання быў створаны аргкамітэт, у які пагадзіліся ўвайсці 13 асоб.

  1. М. Грыб
  2. А. Трусаў (сустаршыня)
  3. А. Мілінкевіч (сустаршыня)
  4. У. Колас (сустаршыня)
  5. А. Казулін
  6. В. Рымашэўскі
  7. М. Пастухоў
  8. І. Дубянецкая
  9. П. Церашковіч
  10. С. Суднік
  11. А. Жылко
  12. А. Марачкін
  13. А. Сядзяка.

Першымі справамі аргкамітэта павінна стаць напісанне Статута і стварэнне канцэпцыі новага ўніверсітэта.

Па прапанове сяброў Рады былі прыняты таксама наступныя дакументы.

 

Заява Рады Усебеларускага кангрэса за незалежнасць

Адукацыя на беларускай мове – аснова і гарантыя незалежнасці нашай краіны

         З мэтай забеспячэння вышэйшай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, усведамляючы сваю адказнасць за далейшае развіццё краіны і грамадства, а таксама прымаючы пад увагу ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс, мы прапануем:

1.     Падтрымаць зварот дзеячоў беларускай культуры аб стварэнні  Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання;

2.      Стварыць аргкамітэт, які будзе займацца практычнымі крокамі для адкрыцця ў нашай краіне такога ўніверсітэта;

3.      Запрасіць да ўдзелу ў працы аргкамітэта ўсіх зацікаўленых асоб незалежна ад палітычных поглядаў.

 

Менск, 26 верасня 2015 г.

 

Заява

Мы, удзельнікі сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, вітаем заяву прадстаўнікоў палітычных і грамадска-палітычных арганізацый адносна размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі ад 23 верасня 2015 г. "За Беларусь без чужых ваенных баз!" і выказваем сваю прынцыповую згоду з дадзенай заявай.

Гэта наша супольная пазіцыя, бо мы ўсведамляем, што размяшчэнне новай вайсковай базы на нашай тэрыторыі стварае рэальную пагрозу незалежнасці Беларусі і супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам.

Мы патрабуем ад вышэйшага кіраўніцтва краіны адмовіцца ад падпісання гэтай дамовы і стаць на абарону суверэнітэта Беларусі як найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы і народа.

26 верасня 2015 г.


← вярнуцца ў навіны