Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алег Трусаў: Кодэкс аб культуры нельга прымаць - гэта вельмі шкодная рэч!

2015.07.13 6

Вядомы гісторык напісаў аўтарскі варыянт новага беларускага закона аб культуры. Дзяржаўны варыянт яго не задавальняе па шматлікіх прычынах.

Аўтар першага ў Савецкім Саюзе закона аб культуры, старшыня Таварыства беларускай мовы і гісторык Алег Трусаў далучыўся да дыскусіі экспертаў датычна вынікаў маніторынгу "Культура як фактар развіцця" - супольнага даследвання навукоўцаў ЦЭТ на тэму рэалізацыі Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення".

Да таго ж, літаральна тыдзень таму гісторык скончыў аўтарскі варыянт новага закона аб культуры - адпаведнага Кодэксу, які могуць прыняць ў Беларусі ўжо сёлета. Чаму нельга прымаць дзяржаўны варыянт дакумента, Алег Трусаў падрабязна распавёў "ЕўраБеларусі".

- Я пісаў аўтарскі варыянт новага закона цэлы месяц, і хутка адбудзецца прэзентацыя. Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што я - адзін з кіраўнікоў калектыва аўтараў закона аб культуры, прынятага ў Вярхоўным Савеце БССР, і ідэя гэтага закона - упершыню ў Савецкім Саюзе! - была распрацаваная нашай камісіяй і прынятая вясной 1991 года. Паколькі гэта быў першы варыянт у СССР, вырашылі такі самы культурны закон прыняць і ў Маскве. Я ездзіў выступаць перад дэпутатамі, ім вельмі спадабаўся закон і яны падрыхтавалі праект. Але СССР ляснуўся, а закон застаўся.

Гэты быў чыста савецкі закон, і гэтая савецкасць засталася ў Кодэксы аб культуры, які я ўважліва чытаў некалькі месяцаў, і лічу, што яго прымаць не трэба - гэта вельмі шкодная рэч! Бо гэта - нейкі боб і гарох, панапіхалі нейкіх інструкцыяў туды, абы-што! Ужо ж сталі на граблі з Кодэксам аб адукацыі, нават улада прызнала, што прыняла абы-што. І зараз яшчэ горшае хочуць прыняць датычна культуры. Нельга яго прымаць у аніякім разе!

Іншая справа, што патрэбны новы варыянт закона аб культуры. Вось я і паспрабаваў зрабіць аўтарскі варыянт. Распавяду пра яго асноўныя моманты. Самае галоўнае ў ім - гэта, канешне, мова. Бо асноўны індыкатар любой культуры - мова. Я б параіў выкінуць з дакумента маніторынгу слова "маргіналізацыя". Маргіналы - гэты тыя, хто піша па-руску такія дакументы, гэта прадстаўнікі так званага ваяўнічага "русского мира", і што гэты "мир" зрабіў на Украіне, мы ведаем.

І таму нават наша дзяржава, пра ўсёй яе русіфікацыі, законы аб культуры піша па-беларуску. Чаму? Таму што напісаць закон аб культуры на іншай мове немагчыма. Нават перакладаць праблематычна. Я наогул бы раіў зрабіць для ЮНЕСКА две версіі маніторынгу - беларускую і англійскую, каб паказаць, што мы - не Расія. Тым больш, што руская мова ў ЮНЕСКА па колькасці носьбітаў - ніжэй, чым арабская. Я ўжо не кажу пра кітайскую і іспанскую.

Што датычыцца галоўных заўваг па дакументу. Самай галоўнай забаронай у Савецкім Саюзе была рэлігія. І атрымалася так, што і мы, і ўлада, і аўтары маніторынгу выкінулі вялізарны аспект культуры - рэлігію. Гэта абавязкова трэба вярнуць! Зараз яна ніяк не рэгулюецца, а закон аб веравызнанні пра культуру нічога не кажа. Напрыклад, чаму мы не можам узяць пад ахову пілігрымку? Паганскі звычай пахавання стралы бяром, а Будслаўскую пілігрымку - не.

Яшчэ абавязкова трэба вырашыць пытанне рэстытуцыі. Таксама трэба звярнуць увагу на культуру і турызм. У нас вялікая бяда, што закон аб турызму існуе сам па сабе, і някай культуры ў ім няма. А ў законе аб культуры нават няма вызначэння пра турызм!

Ну, і канешне, існаванне прыватнага сектара. Напрыклад, у савецкі час быў адзін Саюз пісьменнікаў, адзін Саюз дызайнераў. Зараз у нас два саюза пісьменнікаў, але чамусьці ў Кодэксу - толькі адзін. Трэба дапісаць "саюзы", што ў нас можа быць шмат саюзаў пісьменнікаў, дызайнераў і мастакоў. Савецкая традыцыя засталася ў Кодэксы. Трэба таксама запісаць, што ёсць прыватныя музеі, тэатры, кінастудыі, бібліятэкі і ўсё астатняе.

Трэба ўключыць у абмежаванні ў сродках культуры такія моманты, як прапаганда наркотыкаў, табакакурэння, алкаголя, парнаграфіі. Не трэба ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў кніжках некаторых аўтараў, карыстацца матам. Гэта трэба абмежаваць. Еўропа зрабіла крытыку на прарока Мухамеда і што атрымала? Мы таксама за тое, каб рабілі карыкатуры, а потом за гэта забівалі тысячы людзей?

Гульня ва ўседавзоленасць прыводзіць да тысячаў ахвяр. Любая культура, любое дзеянне не можа быць бескантрольным. Мы ведаем, што свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Як ужо казаў, я лічу, што нельга прапагандаваць у нашых культурных мерапрыемствах мат, тым больш, расейскі, бо мы спрадвечна матам не лаяліся - магу вам даказаць, як гісторык! А па дзіцячай парнаграфіі Беларусь хутка выйдзе на першае месца ў Еўропе, дык трэба ж напісаць, што мы не прыхільнікі такіх антыкультурных з’яў.

Ну, і безумоўна, пытанне фінасаў. Наш закон чым быў самым лепшым у Саюзе? Ён быў прамогай дзеяння, і там было запісана: які б ня кепскі быў бюджэт краіны, а 2% выймі да пакладзі. А новая ўлада на чале з Лукашэнкам выкінула гэтыя 2%. Зараз, напрыклад - толькі 0,46%. Дык вось я прапаную, што, калі мы хочам, каб у нас нешта было, трэба запісаць 2,5%.
Дарэчы, усе дзяржаўныя праграмы не выконваюцца. На 20-25% толькі. "Замкі" і астатняе - гэта ўсё фікцыя, таму што грошы на іх ніхто не дае, будуюць невядома што. І таму мы павінны ў закон аб культуры вярнуць запіс 1991 года: калі мы хочам быць культурнай нацыяй, на адукацыю трэба столькі-та адсоткаў, на медыцыну - столькі, на культуру - столькі. Астатняе - на КГБ і МВД.

Калі на культуру будуць выдаткоўвацца грошы па астаткавым прынцыпе, якія законы не прымай, ніякай культуры ня будзе. А будзе поўнае бяскультур’е. 

Крыніца

Каментары

Госць 2015-07-14 13:22:42

"Не трэба ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў кніжках некаторых аўтараў, карыстацца матам." От цікава, з якіх часоў кніжкі сталі сродкамі масавай інфармацыі? "Уседавзоленасць"...

Госць 2015-07-14 13:47:56

Месяцаў 7 таму вядомы гісторык аб'явіў, што шляхам збору подпісаў трэба дабівацца поўнага пераводу "Народнай волі" на беларускую мову... Паўгода таму ён абвясціў, што трэба сабраць мільён подпісаў за незалежнасць Беларусі... Тыдні 4 таму ён паставіў задачу да 2 ліпеня 2015 г. сабраць 2000-2500 подпісаў пад заявай на ўдзел у ініцыятыўнай групе Алены Анісім... Можа, вядомаму гісторыку засяродзіцца на гісторыі?

Госць 2015-07-14 14:38:43

P.S. "Я пісаў аўтарскі варыянт новага закона..." Некаторым цікава будзе ўспомніць (або даведацца), што ЗАКОНАПРАЕКТЫ становяцца ЗАКОНАМІ толькі пасля адпаведных працэдур юрыдычнага характару, у дадзеным выпадку, відавочна, не выкананых.

Госць 2015-07-14 20:48:53

Дарагі Госць (13.47.56), я таксама заўжды да ўсяго і да ўсіх крытычна настроены, але вось Вы зрабілі хоць 10% таго, што зрабіў для краіны спадар Трусаў? Мо, пакіравалі буйной грамадскай арганізацыяй? Мо, абіраліся ў парламент? Мо, маеце навуковае званне? Мо, выдалі шэраг кніг? Што, не? Патрацілі час на каменты?

Госць 2015-07-15 10:04:51

Ну во, аднавілася размова на ўзроўні "а ты хто такі" (як гэта было ў канцы 2014 г. з В. Лапцікам). Добра, што хоць такі дыялог ідзе праз гэты сайт... Шэраг кніг па-беларуску я насамрэч выдаў, але гэта не мае дачынення да тэмы. Калі ўжо звяртацца да адсоткаў. 80-90% таго, што рабіла ТБМ у апошнія месяцы, - імітацыя бурнай дзейнасці (ІБД). Нічога асабістага, але відавочна, што адказнасць за гэтую ІБД на 80-90% нясе кіраўнік. Тым не менш, дзякуй за 10-20% карысных спраў. Спадзяюся ўсё-ткі, што на наступным з'ездзе старшынёй ТБМ стане чалавек 30-40 гадоў, які ментальна не загруз у эпосе 1990-х. З павагай, Госць (13.47.56).

Госць 2015-07-17 18:36:44

Хах! Амаль каментары тутбая ці нн) Поўны лахач!


← вярнуцца ў навіны