Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Адкрыты ліст Алега Трусава Віктару Малочку

2015.07.13 1

У сродках масавай інфармацыі, на розных сайтах і ў друкаваных выданнях з'явілася публікацыя Віктара Малочкі, які жыве ў г. Салігорску. Ён спрачаецца з маім выказваннем пра тое, што лепей на Беларусі быць патрыётам, чым нацыяналістам. Пры гэтым згадваецца і міністр замежных спраў спадар У.У.Макей, які на думку В. Малочкі ".. меў на ўвазе нацыяналізм як нешта дрэннае". Адзначу, што ў савецкіх і нават сённяшніх слоўніках гэтае слова тлумачыцца як цалкам адмоўнае. Таму я раю юрысту Віктару Малочку разгарнуць, напрыклад, "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы" (2-е выданне, Мінск, 1999 г., с. 381) і прачытаць наступнае: "Нацыяналізм - буржуазная і дробнабуржуазная ідэалогія і палітыка, якая зыходзіць з ідэй нацыянальнай перавагі пануючай нацыі і супрацьпастаўленню яе іншым нацыям."

"Нацыяналіст - прыхільнік нацыяналізму."

Такім чынам, людзі, якія вучыліся ў савецкіх школах і ВНУ, дакладна ведаюць, што нацыяналізм - страшная з'ява, амаль роўная фашызму. Таму калі некаторыя нашы прыхільнікі з гонарам называюць сябе нацыяналістамі, то яны ў вачах большасці насельніцтва выглядаюць не лепшым чынам і спрыяюць далейшай русіфікацыі грамадства. Таму я прапаную называць усіх прыхільнікаў беларускага адраджэння патрыётамі. Калі ў тым жа слоўніку мы разгорнем старонку 452, то ўбачым наступнае вызначэнне:

"Патрыятызм - адданасць і любоў да сваёй Айчыны, да свайго народа."

"Патрыёт - чалавек, прасякнуты патрыятызмам. Быць патрыётам сваёй радзімы."

Дарэчы, усе прыхільнікі "русского мира" называюць сябе рускімі патрыётамі, а не нацыяналістамі. Хоць на самой справе шмат хто з іх па сутнасці не толькі нацыяналісты ў савецкім разуменні гэтага слова, а самыя што ні на ёсць шавіністы. Дастаткова згадаць, як яны зневажаюць украінцаў, якія мужна бароняць сваю Радзіму. Менавіта ўкраінцы ў дадзеным выпадку і з'яўляюцца сапраўднымі Патрыётамі.

Цяпер хачу адказаць на другое пытанне сп. В. Малочкі: "ці павінен просты грамадзянін нашай краіны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы і ці мае ён права ведаць і размаўляць толькі на беларускай мове?" Сённяшняе заканадаўства, якое Вы, шаноўны юрыст, павінны ведаць, дазваляе кожнаму беларускаму патрыёту незалежна ад яго нацыянальнасці размаўляць на тэрыторыі Беларусі і афармляць усе неабходныя паперы толькі па-беларуску. Ніхто не можа Вас прымусіць рабіць гэта па-руску. Але і Вы, шаноўны Віктар, не можаце прымусіць супрацоўнікаў ДАІ г. Салігорска складаць пратакол на беларускай мове, бо такое, на жаль, наша заканадаўства з 1998 г. Іншая справа, што Вы можаце яго не падпісваць да той пары, пакуль ён не будзе аформлены па-беларуску.

Раю Вам і Вашаму сыну Аляксандру прынцыпова ва ўсіх выпадках жыцця карыстацца толькі беларускай мовай і, такім чынам, адпавядаць вызначэнню сапраўднага беларускага патрыёта. Было б добра, каб Вы свой імпэт накіравалі не на крытыку старшыні ТБМ, а на стварэнне ў г. Салігорску хаця б аднаго класа ці гімназіі з беларускай мовай навучання. Гэта стала б Вашым непасрэдным унёскам у стварэнне беларускай Беларусі.

З павагай,
старшыня ТБМ Алег Трусаў

Каментары

Госць 2015-07-14 13:32:08

"Было б добра, каб Вы свой імпэт накіравалі не на крытыку старшыні ТБМ..." О так, крытыкаваць можна ўсіх, а cтаршыню ТБМ - ні-ні.


← вярнуцца ў навіны