Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Пераадоленне моўнага дысбалансу - неабходная ўмова натуральнага развіцця беларускай мовы

2015.06.30 0

Цягам апошніх дваццаці пяці гадоў моўная палітыка ў нашай краіне неаднаразова кардынальна мянялася. Як вынік, адбываліся пэўныя працэсы ў галіне адукацыі, культуры, навукі і іншых сферах грамадскага жыцця. Так, на пачатку станаўлення дзяржаўнасці Беларусі з 1991 года, калі дзейнічаў Закон аб мовах, у якім прапісаны статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, адукацыю на роднай мове атрымлівалі звыш 70% школьнікаў.

Вынікі рэферэндуму 1995 г., падчас правядзення якога грамадзяне выказаліся за роўны статус дзвюх моў, былі скарыстаны для паўсюднага пануючага ўжывання рускай мовы. Дынаміку змянення можна прасачыць па наступных звестках. Пасля набору школьнікаў у 1995/96 навучальным годзе на рускай мове ў Беларусі сталі вучыцца 62 % першакласнікаў (лічба папярэдняга, 1994/95 году складала 25 %), у той час як на беларускай мове — 38% (у 1994/95 годзе — 75%). У 1996/97 навучальным годзе колькасць расійскамоўных першакласнікаў вырасла да 68%, колькасць беларускамоўных адпаведна скарацілася да 32%. Колькасць устаноў адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове зменшылася ў некалькі разоў. На сёння паводле афіцыйных звестак у Беларусі толькі 15,5 % школьнікаў навучаецца на беларускай мове. Такія факты і лічбы даюць падставы гаварыць пра небяспеку знікнення беларускай мовы з актыўнага ўжытку, паколькі нізкі працэнт школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, вядзе да змяншэння колькасці асобаў, якія валодаюць натуральным маўленнем і адпаведна карыстаюцца ёю ў побыце. Акрамя таго, з гэтага ж вынікае і тое, што значна змяншаецца колькасць асобаў, якія будуць здольныя займацца вывучэннем моўных працэсаў на прафесійным узроўні. Так, ужо сёння мы можам казаць, да прыкладу, пра зніжэнне кваліфікацыі рэдактара з беларускай мовай, фактычна пра знікненне прафесіяналаў. Пра гэта выразна сведчыць мова сродкаў масавай інфармацыі, дзе практычна ў кожным тэксце можна знайсці граматычныя памылкі.

Вынікам вышэйзгаданай моўнай палітыкі стала таксама адсутнасць паўнавартаснай інфармацыйнай прасторы на беларускай мове. Так, на сённяшні дзень у нашай краіне няма ніводнага тэлевізійнага канала, з якога беларускамоўны чалавек мог бы атрымаць інфармацыю палітычнага, культурнага, агульнаадукацыйнага, забаўляльнага і іншага зместу. Такога роду інфармацыя падаецца толькі ў выглядзе кароценькіх перадач або інфармацыйных уставак на 10-15 (а то і менш) хвілін. У нашых кнігарнях і шапіках “Белсаюздруку” наяўнасць друкаванай прадукцыі на рускай мове значна перавышае прадукцыю на беларускай мове. Прычыну гэтага можна знайсці ў афіцыйных дадзеных. Так, паводле інтэрв’ю міністра інфармацыі сп. Л.С. Ананіч напярэдадні адкрыцця Міжнароднай кніжнай выставы, у нашай краіне выдаецца ўсяго 10% кніжнай прадукцыі на беларускай мове , і гэта з улікам як дзяржаўных выдавецтваў, так і прыватных, усяго, што выдавалася асобнымі людзьмі і за свае грошы. Гэта яшчэ адно яскравае сведчанне таго дысбалансу, які склаўся ў нашай краіне. Такая сітуацыя заканамерна прывяла да зніжэння агульнай моўнай прасторы. Нельга не адзначыць і тую тэндэнцыю, што колькасць носьбітаў натуральнага беларускага маўлення ў вясковым асяроддзі пастаянна змяншаецца па прычыне натуральнага вымірання старэйшага пакалення. Спецыялісты ж маладога пакалення, не маючы магчымасці атрымліваць адукацыю на беларускай мове, навучаюцца ў розных ВНУ па-руску і вяртаюцца ўжо як носьбіты не беларускамоўнага маўлення.

Па прычыне адсутнасці ўмоў свабоднага развіцця ў розных сферах грамадскага жыцця роля дзяржаўнай беларускай мовы штучна звужаецца да перакладной.

Зразумела, што такая сітуацыя не можа задавальняць сяброў нашага грамадскага аб’яднання.

Якім бачыцца выйсце з гэтай сітуацыі?

На наш погляд, неабходна стварыць праграму па пераадоленні моўнага дысбалансу, які сёння вымушаны прызнаць прадстаўнікі розных сфераў: ад грамадскіх арганізацый да Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Такая праграма павінна грунтавацца на рэкамендацыях сусветных арганізацый (у прыватнасці, ЮНЕСКА) дзеля ўстойлівага развіцця і адрознівацца ад раней прынятых урадавых праграм па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы як выключна дэкларатыўных.

Мы лічым, што найперш неабходна стварыць паўнавартасную інфармацыйную прастору на беларускай мове ў сістэме тэле- і радыёвяшчання. Для гэтага павінны быць праведзены конкурсы на стварэнне разнастайных праграм на дзяржаўнай беларускай мове:

- агульнаасветніцкага плану;
- у галіне кіно і мультыплікацыі з апорай на лепшыя творы беларускай літаратуры (класічнай і сучаснай);
- тэатральна-музычнага плану;
- спартыўнага;
- забаўляльнага і інш.

Акрамя таго, у такой праграме, на нашу думку, павінны быць абазначаны наступныя палажэнні:

- па кожнай сферы распісана, у якой ступені існуе моўны дысбаланс сёння (справаводства, магчымасць адукацыі, наяўнасць неабходнай літаратуры і да т. п.);
- патрэбы кожнай з названых сфераў у плане напаўнення беларускай мовай і ліквідацыі моўнага дысбалансу;
- банк звестак па спецыялістах, якія могуць быць задзейнічаны ў выкананні такой праграмы (выкладчыкі, даследчыкі, асобы з досведам перакладу на беларускую мову неабходных сучасных інфармацыйных прадуктаў); 
- банк звестак пра тыя канкрэтныя напрацоўкі, што могуць быць выкарыстаны (з улікам і таго, што напрацавана ў грамадскім недзяржаўным сектары дзеля выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах – маніторынгі, падручнікі, дапаможнікі і пад.); 
- канкрэтныя крокі і тэрміны па розных кірунках, калі плануецца пераадолець моўны дысбаланс. Напрыклад, Міністэрства інфармацыі можа быць гатова на працягу года ліквідаваць моўны дысбаланс па выданні кніжнай прадукцыі, а Міністэрству фінансаў спатрэбіцца тры гады для таго, каб забяспечыць роўныя ўмовы карыстання дзяржаўнымі мовамі ў сваёй сферы (стварыць узоры дакументаў, правесці курсы навучання беларускай мове з атэстацыяй супрацоўнікаў для забеспячэння магчымасці кантактаў з беларускамоўнымі кліентамі і г.д.).

Безумоўна, распрацоўка і выкананне такой праграмы запатрабуе пэўных фінансавых выдаткаў. Таму падчас яе падрыхтоўкі, на наш погляд, трэба задзейнічаць усе магчымасці: выкарыстоўваць досвед прыцягнення сродкаў як унутры краіны, так і вонкавых фондаў, арыентаваных на падтрымку культурнай і моўнай разнастайнасці дзеля ўстойлівага развіцця ва ўмовах глабалізацыі. Жаданага выніку можна дасягнуць пры ўмове сумеснай працы недзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў, якія ўжо маюць досвед па абароне моўных правоў грамадзян і стварэння неабходных прадуктаў, з органамі дзяржаўнага кіравання. Аднак такога роду дзейнасць павінна быць празрыстай і адкрытай для грамадства.

Алена Анісім 
(навуковы супрацоўнік ДНУ 
“Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, 
мовы і літаратуры НАН Беларусі”, Мінск)


← вярнуцца ў навіны