Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Трохвугольнік і трыкутнік

2015.06.29 2

Многія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі ўдзяляюць пэўную ўвагу пытанням беларускай мовы. Безумоўна ўвагі гэтай вельмі мала, яна эпізадычная, не заўсёды ўдалая. На гэтым фоне выдзяляецца 1-шы канал Беларускага радыё. У іх ёсць перадача “Моўная хвілінка”, дзе гаворыцца пра асаблівасці беларускай мовы, пра асаблівасці перакладаў на беларускую, пра адрозненні паміж рускай і беларускай мовай ў розных моўных сітуцыях. Трэба сказаць, што рыхтуюць “Моўную хвілінку” спецыялісты высокага класу, не раўня тым, якія рыхтавалі свята беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, дзе быў суцэльны “нефармат”, вядоўцы вялі імпрэзу фактычна на трасянцы, выступоўцы і “лаўрэаты” не маглі звязаць трох слоў па-беларуску.

Але вернемся да 1-шага канала радыё. “Моўная хвілінка” вывераная ад першай секунды да апошняй. Усё дакладна, прыдрацца няма да чаго. Скажам перадача пра словы “масла, алей, аліва”. Усё абсалютна правільна, па-сучаснаму, з улікам новых слоўнікаў. Можна было дадаць у гэты шэраг яшчэ і слова “аліфа”, але можна і не дадаваць, бо “аліфа”, хоць і блізкая па гучанні да “алівы”, але гэта ўжо распушчальнік, рэчыва іншай катэгорыі.

Наступная перадача пра словы “вугал” і “кут”. Перадача падрыхтавана дасканала. Памылак няма, няма і сумніўных пасылаў.

Але ёсць нагода пашырыць тэму.

Перакладны “Русско-белорусский словарь” (1993) падае ўсе беларускія адэкваты да рускага слова “угол”, не прапушчана нават словы “рог”, як вугал, які ўтвараюць дзве сцяны, ці дзве вуліцы і “ражок” (старонкі). Агавораны многія варыянты слова “кут” і вытворных ад яго. Тлумачальны слоўнік поўна падае і “вугал” і “кут”. Няма слова “вугол”. Няма яго і ў “Слоўніку беларускай мовы” (2012). Хаця “вугол” сустракаецца ў літаратуры.

“... Прысягаю палеткам і нівам жытнёвым,
І табе памяць прадзедаў, лёгшых у дол,
І сцюдзёным завеям, і кветкам вясновым,
І табе, роднай хаты амшалы вугол...”

Можна аднесці слова да абласных, дыялектных, але яно ёсць. Тым больш, што ў словах “трохвугольнік”, “трохвугольны” ўжываецца складовая частка “вугол”, а не “вугал”. Так, справа ў націсках, але калі ў складаным слове націск можа быць на другім складзе, то чаму не можа быць у простым слове?

А цяпер пра “трохвугольнік” і “трохкутнік” ці “трыкутнік” хацелася б пагаварыць больш шырока і больш практычна. Перакладны “Русско-белорусский словарь” (1993) да рускага слова “треугольник”падае толькі слова “трохвугольнік” і прыметнік “трохвугольны”. Акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (2012) падае таксама словы “трохвугольнік”, “трохвугольны” і “трыкутнік”, “трыкутны”. “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” падае таксама словы “трохвугольнік” і “трохвугольны”, але і “трыкутнік” ды “трыкутны”, праўда з паметай разм. “Матэматычная энцыклапедыя” (2001), напісаная перадавымі беларускімі матэматыкамі падае толькі “трохвугольнік”. “Белазар” расейскае слова “треугольник” перакладае толькі як “трыкутнік”.

Такім чынам многія беларускія слоўнікі падаюць слова “трыкутнік”, а матэматыкі яго не ўспрымаюць. Як тут быць?

Разглядаючы суадносіны паміж беларускімі словамі “вугал” і “кут” мы можам заўважыць, што з вугламі мы маем справу, калі знаходзімся звонку прадмета, а з кутамі, калі знаходзімся ўнутры. Таму школьная прылада “трохвугольнік” (драўляны ці пластмасавы), якая дапамагае нарысаваць вугал (90, 60, 30, 45 градусаў), безумоўна павінна называцца “трохвугольнікам”. Але калі мы гаворым пра матэматычную фігуру, утвораную трымя прамымі лініямі, якія перасякаюцца не ў адным пункце, то ў гэтай фігуры “назіральнік” можа знаходзіцца як звонку, так і ўнутры. Мы мераем суму ўнутраных вуглоў трохвугольніка, але ўнутраны вугал у беларускай мове - кут. Таму больш лагічна, калі будзем мераць суму кутоў трыкутніка. Не трэба ўжываць нават слова “ўнутраных”.

Другі аспект. Калі мы бяром драўляны школьны трохвугольнік з трох планак, то ён мае знешнія вуглы, і, трэба разумець, унутраныя куты. Цяпер ператворым гэты драўляны трохвугольнік у матэматычную фігуру. Для гэтага трэба паменшыць шырыню планкі да шырыні лініі. Матэматычная лінія мае нулявую шырыню (таўшчыню). У гэтым выпадку нашыя знешнія вуглы сальюцца з унутранымі кутамі. Гэта будзе тое самае. У гэтым выпадку “вугал” і “кут” становяцца тоеснымі. А таму “трохвугольнік” і “трыкутнік” таксама тоесныя, і ўжываць абодва гэтыя словы ў матэматыцы абсалютна правамерна. Матэматычная фігура “трохвугольнік” з поўным правам можа называцца “трыкутнікам”. Справа за практыкай прымянення.

Станіслаў Суднік

Каментары

Госць 2015-07-04 15:05:22

Навошта складанасці? Треугольник — трохвугольнік. Усё. Праехалі.

Госць 2015-07-05 15:25:28

“У гэтым выпадку нашыя знешнія вуглы сальюцца з унутранымі кутамі. Гэта будзе тое самае.” Не, Стас. Унутраны кут і знешні вугал ніколі не сальюцца менавіта таму, што адзін знешні, а другі – унутраны. Знешні і ўнутраны пры адной вяршыні зьяўляюцца сумежнымі вугламі (кутамі) і разам ствараюць разгорнуты вугал (180 градусаў). Калі адзін з іх 50 градусаў, то другі – 130 градусаў. А ў галоўным з табой пагаджуся: абодва гэтыя матэматычныя тэрміны раўнапраўныя. У заданнях “Беларускага пяціборства” я часта скарыстоўваю слова “трыкутнік” (праўда, у дужках дадаю: “трохвугольнік”, бо ў падручніках так).


← вярнуцца ў навіны