Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Вынікі конкурсу артыкулаў у Вікіпедыі

2015.06.28 1

Таварыства беларускай мовы з 1 сакавіка да 15 чэрвеня 2015 году праводзіла конкурс артыкулаў у Вікіпедыі на тэму “Гуманітарныя навукі. Персаналіі” (старонка конкурсу ў Вікіпедыі). Распавядаем пра пераможцаў конкурсу і пра яго вынікі ды наступствы агулам.

Жаданне ўзяць удзел у конкурсе ў той ці іншай форме выявілі больш за дваццаць удзельнікаў, аднак не ўсе трымаліся ўмоваў; так, некаторыя артыкулы былі папросту дасланыя на пошту; натуральна, у конкурсе артыкулаў у Вікіпедыю яны ўдзельнічаць не маглі, якім бы ні быў іх змест. Таксама, на жаль, некалькі конкурсных артыкулаў былі плагіятам з іншых рэсурсаў, што парушае правілы Вікіпедыі.

Такім чынам, у конкурсе агулам прынялі ўдзел шэсць зарэгістраваных удзельнікаў, якія напісалі 62 артыкулы. Старонкі артыкулаў, якія з’явіліся ў Вікіпедыі дзякуючы конкурсу, на момант напісання артыкулу ўжо атрымалі больш за 22,5 тысячы праглядаў (а саму старонку з умовамі конкурсу за тры месяцы прагледзелі больш за 1100 унікальных наведвальнікаў).

Больш за 10 з напісаных артыкулаў атрымалі адзнакі статусу: гэта значыць, былі прызнаныя добрымі або выдатнымі, што з'яўляецца ў Вікіпедыі найвышэйшым знакам якасці.

Аднак большасць артыкулаў, дасланых на конкурс, была перакладзеная з іншамоўных раздзелаў Вікіпедыі (найперш з Рускай Вікіпедыі). Такія перакладзеныя артыкулы, якія не мела ўласна аўтарскага ўнёску, атрымалі штрафныя балы.

Тым не менш, удзельнік Artificial123, які стварыў каля 20 якасных перакладаў артыкулаў, атрымаў за маштабнасць і тэхнічнасць працы прыз III ступені за артыкул "Руаль Амундсен”.

Другое месца заняў удзельнік Gruszecki за артыкул "Беларускае фэнтэзі”.

Прыз I ступені выйграў удзельнік Kocia1992 за артыкул "Беларускі нацыянальны касцюм”.

У нядзелю, 28 чэрвеня, у сядзібе ТБМ адбылося ўзнагароджанне ўдзельніка, які заваяваў прыз І ступені. Дзяўчына на імя Вольга, зарэгістраваная ў Вікіпедыі як удзельнік “Коця”, атрымала планшэт Lenovo Yoga Tablet і распавяла, што тэма артыкула-пераможцы ніяк не звязаная з яе працай, а народныя касцюмы розных этнасаў ёсць прадметам яе захаплення ды вывучэння. Тым, хто яшчэ ніколі не пісаў артыкулы ў Вікіпедыю, Вольга параіла не баяцца складанасцяў, якія могуць узнікнуць на іх шляху: усе тэхнічныя цяжкасці насамрэч вельмі проста адолець.

Злева направа: куратар конкурсу Яўгенія Парашчанка, пераможца, старшыня ТБМ Алег Трусаў, адзін з арганізатараў, даглядчык беларускай Вікіпедыі Ігар Цярэшчанка

Другое месца і прыз - электронную кнігу - атрымаў удзельнік Gruszecki за артыкул "Беларускае фэнтэзі”:

Уладальнік трэцяга прызу Artificial123, які ён атрымаў за артыкул "Руаль Амундсен”:

Таварыства беларускай мовы дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу, вітае пераможцаў – і раіць кожнаму практыкавацца ў напісанні артыкулаў у Вікіпедыю, бо гэта – не толькі простая магчымасць зрабіць варты ўнёсак у развіццё беларускай мовы ды культуры, але і шанец выйграць у наступных конкурсах – якія будуць праводзіцца Таварыствам у будучыні.

Болей пра конкурс і пра беларускую Вікіпедыю вы можаце дазнацца з матэрыяла Віталя Цыганкова на сайце радыё “Свабода”

Каментары

Госць 2015-07-15 19:27:45

Дзякуй ініцыятарам і арганізатарам конкурса - справы, што дапамагае гуманітарыям засвойваць сучасныя тэхналогіі. Адзін з вікі-рэдактараў.


← вярнуцца ў навіны