Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Жыве Беларусь на Лідчыне

2015.06.26 0

Мінулы тыдзень у Лідзе быў ангажаваны як Тыдзень культуры Лідчыны. У рамках тыдня Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла на 10 чэрвеня паэта, перакладчыка, эсэіста Міхася Скоблу і спявачку Белдзяржфілармоніі Таццяну Матафонаву.

Аднак першую сустрэчу госці з Менска правялі ў пасёлку Дзітва ў летніку “Эрудыт” для асабліва адораных дзяцей, выдатнікаў, пераможцаў алімпіядаў і г.д.

У сілу асаблівасці слухачоў кожнае паэтычнае слова і кожны гук песень падалі на ўрадлівыю глебу.

Як адзначыла начальнік летніка Галіна Станіславаўна Зубрыцкая дзеці ў ім вызначаюцца высокім патрыятызмам і любоўю да Беларусі. Таму не дзіўна, што калі ў канцы імпрэзы дзецям раздалі паштоўкі ад “Будзьма беларусамі”, і яны захацелі атрымаць аўтографы, то адна дзяўчынка на пытанне, што ёй напісаць, адказала:

- Напішыце мне “Жыве Беларусь”.

На сустрэчу ў бібліятэку былі запрошаны бібліятэчныя работнікі і наведвальнікі бібліятэкі.

Дарэчы, і Міхась Скобла, і Таццяна Матафонава прыехалі ў наш горад не ўпершыню. Спявачка Белдзяржфілармоніі раней дала некалькі канцэртаў у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы. На гэты раз песні пад гітару ў яе выкананні - на словы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Генадзя Бураўкіна і іншых класікаў беларускай паэзіі - прагучалі ў канферэнц-зале бібліятэкі. У памяць аб сустрэчы Таццяна Матафонава перадала бібліятэцы ў электронным выглядзе запісы беларускіх песень у яе выкананні.

Міхась Скобла, у сваю чаргу, чытаў перад прысутнымі свае вершы і вершы некаторых іншых аўтараў. Міхась Уладзіміравіч таксама гутарыў з аўдыторыяй аб бе-ларускім фальклоры, аб адлюстраваных у ім гасціннасці, міралюбівасці і талерантнасці беларускага народа (нагадаем, што Тыдзень культуры Лідчыны праходзіў у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Мы, беларусы, мірныя людзі"). "Беларусь - талерантная краіна, дзе званы праваслаўных і каталіцкіх храмаў дружна і згодна перазвоньваюцца паміж сабой", - адзначыў паэт напрыканцы сустрэчы.

Пасля сустрэчы Міхась Скобла, які прыязджаў разам з сынам Вячкам наведаў Лідскі замак, Домік Таўлая.

У канцы сп. Міхась сказаў:
- У Лідзе мы ўбачылі тую Беларусь, якую вельмі хацелася б мець паўсюль.
12 чэрвеня намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяржук Чарняк выступаў на выпускным вечары ў Лідскім ліцэі. Калі ён, улічваючы момант, спакойна закончыў выступ і сыходзіў у залу, насустрач прагучала:

- А чаму Вы нам не сказалі “Жыве Беларусь”?

13 чэрвеня ў лідскім Паўднёвым гарадку прымалі прысягу маладыя жаўнеры. З 68 чалавек каля 5 прынялі прысягу на беларускай мове. Як сказаў адзін з афіцэраў, ніхто цяпер гэта не забараняе. Праўда, мабыць, ніхто і не заахвочвае. Усё ідзе “самапасам”, па ўласнай ініцыятыве, але ж ёсць тая ініцыятыва, хоць і не масавая.

14 чэрвеня старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Стані-слаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк выступалі ў школьным летніку “Эрудыт” для найбольш адораных дзяцей у пасёлку Дзітва Лідскага раёна. Адбылася прэзентацыя часо-піса “Лідскі летапісец”. Станіслаў Суднік распавёў пра выданне, правёў невялікую вікта-рыну, падчас якой дзеці павінны былі адгадаць месцазнаходжанне гістарычных аб’ектаў, фатаграфіі якіх змешчаны на вокладках часопісаў. Потым С. Суднік прачытаў свой “Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча”, ваверскага баярына, удзельніка Грунвальдскай бітвы, балазе тая самая Вавёрка ці Ваверка знаходзіцца зусім недалёка, праўда на другім беразе Дзітвы.

Сяржук Чарняк спяваў патрыятычныя песні, а пасля развучваў з дзецьмі папу-лярныя сярод моладзі беларускія гіты. І трэба адзначыць: многія дзеці ведаюць словы.

Удзельнікам сустрэчы былі раздадзены буклеты ТБМ, і кожнаму, хто прыйшоў па аўтограф, Станіслаў Суднік напісаў на буклеце: “Жыве Беларусь!”

17 чэрвеня ў Лідзе ў чарговы раз адзначаны Дзень нацыянальнай памяці. Тры гады назад ініцыятыву адзначэння яго была перанята Беларускай праваслаўнай царквой.

Традыцыйна гэты дзень адзначаецца 14 чэрвеня і прымеркаваны да дзён памяці дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, якія былі застрэлены АКА-ўцамі 13 чэрвеня 1943 года ў Васілішках (Юльян Саковіч быў забіты на месцы, а Леанід Маракоў быў смяртэльна паранены і памёр 14 чэрвеня).

Сёлета па тэхнічных прычынах 14 чэрвеня адзначыць Дзень памяці не атрымалася, а 17-га ліцію па загінуўшых за Бацькаўшчыну адслужылі па-беларуску айцец Уладзімір Камінскі - святар Свята-Георгіеўскага храма-помніка, каля якога знаходзіцца пахаванне Ю. Саковіча і Л. Маракова, і айцец Аляксей Глінскі.

Падчас ліціі згадваліся і іншыя імёны, у тым ліку і імя Кіпрыяна Кандратовіча - міністра БНР, імя Ларысы Геніюш, на чые 105-я ўгодкі праз паўтара месяцы нехта з лідскіх святароў абавязкова наведае Зэльву.

У Свята-Георгіеўскім храме вялікая ўвага надаецца беларускасці, і хоць рух да беларускай мовы вельмі павольны, але ён ёсць. У іншым справа выглядае вельмі пры-стойна - шырока выкарыстоўваецца выява крыжа Ефрасінні Полацкай. Крыж Ефрасінні Полацкай ад моманту рэканструкцыі храма знаходзіцца на вітражах на ўсіх вокнах. Навіной стала, што і бланкі царкоўных запісак выкананы з ужываннем крыжа Святой Ефрасінні. Пакуль самі запіскі яшчэ надрукаваны па-расейска-царкоўна-славянску, але прысутнасць Крыжа робіць іх беларускімі, прынамсі па сутнасці.

Нельга не нагадаць, што менавіта на гэтым храме ўстаноўлены медальён гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму.

17 чэрвеня адбылося паседжанне літаратурнага аб’яджнання “Суквецце”, а якім быў прадстаўлены беларускі біяграфічны альманах “Асоба і час” № 6, дзе ёсць раздзел “Лідзяне” велічынёй на 100 старонак, падрыхтаваны Леанідам Лаўрэшам.
Была прадстаўлена таксама кніга Ганны Шаўчэнкі (Серэхан) Паэзія Антона Гарэцкага і станаўленне рамантычнай традыцыі ў літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя”.

Такі звычайны летні тыдзень.

Калі б вось так і паўсюль са дня ў дзень маглі прабівацца хоць кволыя парасткі Беларушчыны, то нешта, пэўна, памянялася б.

Яраслаў Грынкевіч 


← вярнуцца ў навіны