Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Быкаўскае свята ў Бычках

2015.06.22 0

У суботу, 20-га чэрвеня, на малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, адбыліся чарговыя Літаратурныя чытанні, прымеркаваныя да дня нараджэння вялікага пісьменніка. Віцебская абласная арганізацыя ТБМ штогод ладзіць такое мерапрыемства, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю ў землякоў і сваякоў Васіля Уладзіміравіча, аматараў яго творчасці, проста неабыякавых да беларускага слова людзей.

Раннім суботнім днём віцебскія актывісты ТБМ усклалі кветкі да Мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе ў свой час вучыўся будучы пісьменнік.

А другой гадзіне ля роднай хаты Васіля Быкава, у Бычках, пачалася галоўная частка імпрэзы. Літаратурныя чытанні адкрыў старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ І.А. Навумчык. У сваім кароткім слове ён акцэнтаваў увагу на важнасці падзеі, згадаў пра неабходнасць захоўваць тыя маральныя каштоўнасці, якія вызнаваў Быкаў.

У выступленні нашага земляка, славутага паэта і грамадскага дзеяча Анатоля Вярцінскага прагучалі кранальныя словы пра Васіля Быкава, яго вялікую ролю ў жыцці Беларусі не толькі як творцы, але і як асобы ўвогуле. А літаратар і журналіст Міхась Скобла, згадваючы старонкі вайсковай біяграфіі Быкава, правёў паралелі з цяперашняй сітуацыяй ва Украіне. І гэта сапраўды выглядае сімвалічным.

Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч таксама гаварыў пра асобу Васіля Быкава, яго неацэнную ролю ў паказе праўды вайны. Дарэчы, сп. Папковіч нядаўна адзначыў свой 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ад імя абласной рады і пад гучныя воплескі прысутных атрымаў сімвалічны падарунак.

Намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч распавёў пра сяброўства трох землякоў, трох славутых постацяў беларускай літаратуры – Быкава, Бураўкіна і Барадуліна. У працяг тэмы выступіла сябра ТБМ з Полацка кандыдат філалагічных навук Святлана Лясовіч, якая пранікнёна прадэкламавала верш, прысвечаны Быкаву.

Літаратурныя чытанні выдатна аздобіла цудоўным выкананнем вядомых песень наша папулярная спявачка Таццяна Матафонава. Прысутныя з замілаваннем слухалі “Малітву”, “Ave Maria”, “Паланез”, не шкадавалі далоняў на воплескі. А потым парадаваў удзельнікаў і гасцей імпрэзы сваім пэтычным і выканальніцкім майстэрствам паэт і бард з Бешанковічаў Георгі Станкевіч.

Ветэран працы з Полацка Кірыл Маеўскі павесяліў аматараў беларускага слова дасціпнымі вершаванымі радкамі на надзённыя тэмы, што надзвычай спадабалася прысутным.

Сакратар Віцебскай абласной рады ТБМ Алена Сакалова прапанавала ўсім ахвотным прыняць удзел у віктарыне, прысвечанай творчасці Васіля Быкава. “Назавіце апошні прыжыццёвы твор Быкава”, “Які свой твой аўтар назваў найбольш аўтабіяграфічным?”, “Якія творы Быкава адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР?” – гэтыя і іншыя пытанні, да гонару ўдзельнікаў чытанняў, не выклікалі вялікіх цяжкасцяў. А найбольш дасведчанымі ў быкаўскай творчасці паказалі сябе нашы сябры з Полацка.

У другой частцы імпрэзы адбылося ўрачыстае віншаванне рэдакцыйных калектываў – пераможцаў агляду-конкурсу рэгіянальнага друку “З беларускім словам” (гл. “Наша слова”, № 6, 11 лютага 2015 г.) – з уручэннем дыпломаў і памятных падарункаў ад ТБМ. У слове ў адказ рэдактары, журналісты дзякавалі за ўвагу да іх працы, запэўнівалі, што і надалей будуць трымацца беларускага слова. І калі літаратурныя чытанні, прысвечаныя Васілю Быкаву, праводзяцца Віцебскай абласной радай рэгулярна, то ўганараванне рэдакцый-пераможцаў у такім фармаце адбывалася ўпершыню. Але гэта прыклад, варты безумоўнага пераймання.

Напрыканцы імпрэзы старшыня абласной арганізацыі ТБМ І.А. Навумчык падзякаваў удзельнікам і гасцям чытанняў за памяць пра Васіля Быкава, а Ушацкаму райвыканкаму – за спрыянне ў правядзенні імпрэзы. Мясцовыя ўлады арганізавалі выязны буфет, стварылі імправізаваную кавярню пад адкрытым небам, дзе кожны ахвотны мог падсілкавацца і папіць кавы або гарбаты. Думаецца, што гэта выдатны прыклад супрацоўніцтва органаў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый.

Можна смела сцвярджаць, што імпрэза ўдалася! І гэта не прыватнае меркаванне аўтара артыкула, а агульная думка ўдзельнікаў чытанняў. А каб усё атрымалася, надзвычай вялікую арганізацыйную працу правёў старшыня Віцебскай абласной рады І.А. Навумчык. Адмысловай цікавінкай свята стала ўшанаванне найлепшых перыядычных выданняў рэгіёна.

Развітваючыся, аматары творчасці Васіля Быкава, прыхільнікі беларускага слова, шматлікія госці выказвалі спадзяванне на новую сустрэчу ў Бычках. Ужо ў наступным годзе.

Юрась Бабіч – намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ


← вярнуцца ў навіны