Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зварот да беларускіх патрыётаў

2015.06.22 4

Паважанае спадарства! Год назад адна вельмі вядомая на Беларусі жанчына ў маёй прысутнасці, калі абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне, прапанавала Алене Анісім вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Алена крыху падумала і пагадзілася, а я згадзіўся яе падтрымаць.

За гэты час адбылося шмат розных падзей і сп. Алена паказала сябе як чалавек, які можа годна і дасціпна прадстаўляць нацыянальна-патрыятычныя сілы Беларусі. Пра гэта кожны з вас можа даведацца, калі ў інтэрнэце ў пошукавай сістэме Гугл набярэ два словы "Алена Анісім".

Зараз надышоў момант, калі ёсць новая магчымасць стварыць вялікую і ініцыятыўную групу (2000-2500 асоб), зарэгістраваць яе і спакойна сабраць за месяц 100 000 тысяч подпісаў, каб сп. Алена змагла данесці да грамадзян Беларусі наша бачанне краіны пасля 2015 года. Пры гэтым мы не заклікаем людзей абавязкова ісці на выбары і галасаваць за нашага ці іншага кандыдата. Мы толькі прапануем не браць удзел у датэрміновым галасаванні, калі ўлада літаральна прымушае вялікія групы людзей гэта рабіць, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс. Кожны можа прыняць канчатковае рашэнне, ісці або не ісці на выбарчы ўчастак, напярэдадні, за дзень да галасавання. Такім чынам, і прыхільнікі "байкоту" маюць магчымасць далучыцца да нас з мэтай дапамагчы нам данесці нашу праграму да людзей і свету.

Паколькі сп. Алена чалавек беспартыйны, яна не прасіла дапамогі ў палітычных партый і рухаў, тым больш, што яны ўжо назвалі сваіх кандыдатаў і працаваць на іх полі зараз не варта. Я таксама за тое, каб сп. Анісім была беспартыйным лідарам беларускіх патрыётаў, якія хочуць жыць у заможнай незалежнай дэмакратычнай Беларусі, дзе шануюць беларускую культуру і мову, дзе можна спакойна жыць і працаваць за сумленна заробленыя грошы і адчуваць сябе сапраўдным еўрапейцам. Таму я запрашаю беларускіх патрыётаў далучыцца да 1 ліпеня гэтага года да нашай ініцыятыўнай групы праз звычайную пошту або праз інтэрнэт.

У першую чаргу я звяртаюся да моладзі, найперш беларускіх студэнтаў. Зараз лета, скончылася сесія і вы на канікулах, значыць маеце вольны час і зможаце прыняць без перапынку ўдзел у зборы подпісаў за рэгістрацыю нашага кандыдата. Дарэчы, мы выступаем за адмену гвалтоўнага, прымусовага размеркавання студэнтаў і за павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў для студэнтаў у дзяржаўных ВНУ.

Беларускія настаўнікі! Вы таксама зараз у летніх адпачынках. Далучайцеся да нас і мы разам з вамі будзем змагацца за тое, каб слова настаўнік, як і раней, у першай палове ХХ ст., гучала ганарова, а вашы заробкі былі не меншымі, чым у вайскоўцаў ці міліцыянтаў.

Людзі сталага ўзросту, дарагія беларускія пенсіянеры! Вы ўсё жыццё працавалі на дабрабыт Беларусі і ў выніку маеце жабрачую пенсію, на якую, асабліва ў горадзе, пражыць немагчыма. Ідзіце да нас і мы будзем патрабаваць пенсійную рэформу, каб не было ў некаторых любімчыкаў улады пенсій па 10-15 мільёнаў рублёў на фоне вашых 2-3 мільёнаў. Вы заслужылі значна большага!

Беларускія медыкі і людзі, якім трэба медычная і сацыяльная дапамога!

Разам мы будзем патрабаваць ад уладаў Беларусі падпісання Канвенцыі ААН па правах інвалідаў, змяншэння коштаў на лекі і годныя заробкі медыкам, якія самаахвярна працуюць за мізэрныя (у параўнанні з цывілізацыйнымі краінамі) грошы.

Беларускія журналісты і блогеры! Вялікая надзея на вас. Вы можаце стаць сапраўднай чацвёртай уладай у краіне, калі мы аб'яднаемся разам і прымем новы дэмакратычны закон аб СМІ, каб правы дзяржаўных і недзяржаўных медыя сталі роўнымі. Я вельмі прашу вас, асабліва тых, хто даўно мяне ведае, размясціць гэты зварот на сваіх блогах ці старонках (у Фэйсбуку, напрыклад), бо калі нашу каманду зарэгіструюць, у вас будзе пра што пісаць у "ціхі" летні сезон.

Беларускія бізнесмены і прадпрымальнікі! Далучайцеся да нашай групы, каб праз нашу праграму зрабіць беларускі бізнес прывабным і сумленным заняткам, без карупцыі і адкатаў, і каб ніхто і ніколі не называў вас "вашывымі блохамі".

Шаноўныя сябры! Чакаем вашых заяў у нашую ініцыятыўную групу абавязкова з пашпартнымі дадзенымі да 1 ліпеня ўключна. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць на tbm-mova.by, запоўненыя бланкі можна даслаць на адрас alenaanisim@gmail.com або звычайнай поштай: 220116, Мінск, а/с 94.

З павагай да Вас,

Алег Трусаў, дэпутат ВС Беларусі ХІІ склікання.

 

Каментары

Госць 2015-06-22 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-06-22 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-06-23 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-06-24 09:53:31

Надакучыла палiтыканства вашае.


← вярнуцца ў навіны