Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова на ЦТ у Беларусі і на Лідчыне

2015.06.22 0

 Выява з сайта rodnaya-mova.

 

Нядаўна, 14 чэрвеня 2015 г., прайшло штогадовае Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, на якое прыйшлі 24 % абітурыентаў, што менш, чым у папярэднія гады. Летась было 25 %, пазалетась – 29%, у 2012 годзе – 32 %, у 2011 годзе – 35 %.

У Лідзе сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 923 чалавекі, на ЦТ па рускай мове - 1236 чалавек. Прыйшлі на ЦТ па беларускай мове 905 чалавек, па рускай мове – 1211 чалавек. Такім чынам у Лідскім рэгіёне ЦТ па беларускай мове праходзілі 42,77%, што без малога ў два разы больш чым па краіне, але трохі горш, чым летась. У 2014 г. у Лідзе на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 1070 чалавек, на ЦТ па рускай мове - 1220 чалавек., у працэнтах у Лідскім рэгіёне беларускую мову выбралі для ЦТ 46,72%. За год страчаны 4 %, што больш, чым па краіне. У 2013 г. у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую - 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%. У 2012 г. на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Тэндэнцыя відавочная. Падзенне на 4-7% штогод.

У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці - безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.

Усяго беларускую і рускую мову ў Лідскім раёне сёлета здавалі 843 выпускнікі. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 294 чалавекі, што склала 34,88 %. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 549 чалавек. Летась выпускнікоў у Лідскім раёне было 831 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 256 чалавек, што склала 30,80%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 554 чалавекі. Аднак яшчэ 273 чалавекі выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па вы-бары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 529 чалавек, што складае 63,66% ад колькасці выпускнікоў. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абраў толькі 61 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 86 чалавек больш, чым беларускую. Сёлета быў абавязковы экзамен па гісторыі, а экзамен па мове на выбар быў адменены. Таму дадатковага прыліву вучняў, якія здавалі б беларускую мову на экзамене па выбару, сёлета не стала. Але калі глянуць на лічбы абавязковага экзамену па беларускай мове, то мы маем рост на 38 чалавек або на 4 %. Вельмі хочацца парадавацца, аднак паглядзім, куды хіснуцца шалі ў наступным годзе.

Пазалетась выпускнікоў у Лідскім раёне было 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамена па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што склала 70,41%. Да слова ў якасці экзамена па выбары рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго пазалетась рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую.

Такім чынам сёлета на экзаменах беларускую мову ў Лідскім раёне выбрала больш адной трэці выпу-скнікоў.

Лідскі рэгіён на ЦТ па беларускай мове сабраў каля 43 % выпускнікоў.

Што маем, тое маем.

Станіслаў Суднік

 

← вярнуцца ў навіны