Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Брастаўчане запусцілі беларускамоўнае інтэрнэт-радыё для самых маленькіх

2015.06.15 0

Восьмага чэрвеня ў інтэрнэце пачалося вяшчанне радыё «Калыска». Пакуль што эфір тэставага рэжыму складаюць беларускамоўныя песні і аўдыёказкі розных аўтараў.

Па словах аднаго са стваральнікаў радыё Анатоля Ціхана, галоўная ідэя праекту — прышчапіць любоў да матчынай мовы з самага ранняга ўзросту.

У хуткім часе ў эфіры «Калыскі» з'явіцца і свой уласны кантэнт. Яго будуць складаць казкі, запісаныя брэсцкімі музыкамі і журналістамі. Матэрыялам для аўдыяказак стане творчасць вядомага збіральніка фальклору Сержпутоўскага. Кансультантам праекту выступіў вядомы брэсцкі тэлежурналіст і паэт Мікалай Пракаповіч.

«Ён нам параіў звярнуцца да нашых палескіх аўтэнтычных казак. Мы ўжо ўзялі ў бібліятэцы гэтую кнігу. Гэтыя казкі не звычайныя — не такія, як класічныя беларускія казкі, якія мы ведаем. Там і мова крыху іншая, якая адрозніваецца ад класічнай беларускай. Таму думаю, што гэта будзе цікава», — распавёў у гутарцы з Еўрарадыё Анатоль Ціхан.

Напрыканцы мая інтэрнет-радыё для самых маленькіх паспела ўжо заваяваць гран-пры брэсцкага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Ініцыятары праекту атрымалі фінансавую падтрымку для запісу казак на студыі.

Чакаецца, што ў поўным рэжыме радыё «Калыска» запрацуе цягам двух тыдняў, а тэставы варыянт можна паслухаць ужо цяпер.

Крыніца навіны


← вярнуцца ў навіны