Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Музей Максіма Багдановіча запрашае на выставу, прысвечаную Уладзіміру Жылку

2015.06.13 0

Мастацка-дакументальная выстаўка “Уладзімір Жылка – паслядоўнік Максіма Багдановіча” да 115-годдзя з дня нараджэння У. Жылкі

Два паэты – Максім Багдановіч і Уладзімір Жылка. На першы погляд, іх падзяляе час, бо калі Уладзімір Жылка толькі пачынаў пісаць свае вершы, Максім Багдановіч ужо пайшоў з жыцця. Але, ўважліва прааналізаваўшы  біяграфіі паэтаў, можна заўважыць, колькі паміж імі блізкага, падобнага. Абодва паэты пражылі даволі кароткае жыццё: Максім Багдановіч памёр ў 25 з паловай гадоў, а Уладзімір Жылка ў 33 гады ад сухотаў. Абодва аднолькава аддана любілі сваю Радзіму. Усё жыццё Уладзімір Жылка лічыў Максіма Багдановіча сваім духоўным настаўнікам.

Язэп Святазар у сваім артыкуле “Новы Багдановіч”, параўноўваючы творчасць паэтаў, напісаў: “Прыглядаючыся да творчасці Жылкі, лічыш, што ягоным заданнем у беларускай літаратуры ёсць замена без часу загінуўшага М.Багдановіча, на што ён мае ўсялякія дадзеныя, будучы духоўна найбольш прыбліжаным да памерлага Маэстра”.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва адзначае 115-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі мастацка-дакументальнай выстаўкай “Уладзімір Жылка – паслядоўнік Максіма Багдановіча”.

На сёння архіў Уладзіміра Жылкі ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча налічвае 136 адзінак захавання. Сярод іх шмат цікавых і яшчэ невывучаных матэрыялаў, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.

Каб больш падрабязна пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Уладзіміра Жылкі, запрашаем наведаць выстаўку, на якой прэзентуюцца дакументы, фотаздымкі, матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 16 чэрвеня 2015 года ў 17.30 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а). Выстаўка працуе да канца чэрвеня гэтага года.

bagdanovich.by


← вярнуцца ў навіны